Кніга Шушкевіча на маскоўскім кніжным кірмашы

«Маё жыцьцё, крах і ўваскрошаньне СССР» — кніга ўспамінаў Станіслава Шушкевіча вось-вось зьявіцца на прылаўках кніжных крамаў Масквы і Санкт-Пецярбургу.
Гэта адна з асноўных навінак, якія выдавецтва РОССПЭН прадставіць на прэстыжнай кніжнай выставе «Нон-фікшн», што адбываецца цяпер у расейскай сталіцы.

Выдаваць кнігу на радзіме адмовіліся. Таму ўспаміны першага кіраўніка незалежнай Беларусі выдадзеныя па-расейску ў расейскім выдавецтве накладам паўтары тысячы экзэмпляраў. Па іменным паказьніку відаць, што аўтар нашмат часьцей згадвае ў сваіх успамінах Гарбачова, Ельцына і самога сябе, чым цяперашняга прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку. А падзеям у Віскулях прысьвечаныя амаль 200 старонак з 500. Шмат у кнізе разнастайных фатаздымкаў.

РОССПЭН («Расейская палітычная энцыкляпэдыя») — «адмысловае выдавецтва, якое мае свайго чытача», — распавядае прадстаўніца выдавецтва Ганна Сафроньева. У іхным офісе ёсьць невялічкая кнігарня. Кнігу Шушкевіча там можна набыць за 362 расейскія рублі, што і зрабілі карэспандэнты Радыё Свабода. Ганна Сафроньева кажа, што такія кнігі карыстаюцца попытам, а наклад яны мяркуюць распрадаць за 3–4 месяцы. Праўда, крамы ў іх толькі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.





А ці трапіць гэтая кніга да беларускага чытача?

Ганна Сафроньева: «Наклад невялікі, у Маскве ён хутка разыдзецца. Але ў нас ёсьць інтэрнэт-крама. На нашым сайце можна зрабіць замову он-лайн, і мы адправім кнігу. Калі гэта пошта Расеі, то можа і месяц ісьці. Але іншыя ёсьць спосабы дастаўкі — тады тыдзень-два».


View РосПЭн в Москве in a larger map