Цяпер Пачобута будуць вывучаць гарадзенскія экспэрты

Андрэй Пачобут

Гарадзенскаму журналісту Андрэю Пачобуту, якога 29 лістапада выклікалі да сьледчага, прызначылі яшчэ адну лінгвістычную экспэртызу. Яе будуць праводзіць супрацоўнікі Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
«Пасьля Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце, БДУ і Акадэміі навук, якія сьціпла прайшліся па маіх артыкулах знайшоўшы там цэлы букет крымінальных артыкулаў, Сьледчаму камітэту для нечага спатрэбілася дадатковае меркаваньне сьціплага гарадзенскага ўнівэрсытэта», - напісаў Пачобут у фэйсбуку.

Сьледчы азнаёміў Пачобута з вынікамі тэхнічнай экспэртызы канфіскаваных у яго кампутараў.

«Там нейкіх неспадзяванак не было, бо гэтыя ж кампутары па папярэдняй крымінальнай справе тыя ж самыя экспэрты дасьледавалі. Насамрэч старонкі сайтаў „Хартыя-97“ і „Беларускага партызану“ з гэтых кампутараў наведваліся, там ёсьць некаторыя тэкставыя файлы з артыкуламі, якія ёсьць у абвінавачаньні. Цікава,што экспэртамі вёўся пошук файлаў па словах, сярод якіх апынулася загадкавае слова - "Ліпковіч". Сьледчыя праінфармавалі, што на час правядзеньня экспэртызы сьледзтва прыпыняецца. Але я застаюся абвінавачаным,» - распавёў Пачобут «Свабодзе».

http://www.youtube.com/embed/335_SR_ZesA

Справа Пачобута

Сьледзтва супраць журналіста Андрэя Пачобута працягнулі да 21 лістапада. Мера стрыманьня не мянялася, Пачобут застаецца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Андрэя Пачобута, карэспандэнта польскай «Gazety Wyborczej», арыштавалі 21 чэрвеня.

Яго зьвінавацілі ў паклёпе на прэзыдэнта. Падставамі сталі артыкулы Пачобута на сайтах «Хартыя’97» і «Беларускі партызан».

Журналіста могуць пакараць абмежаваньнем волі на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленьнем волі на такі самы час.

Пачобута адразу пасадзілі ў сьледчы ізалятар, дзе ён прабыў да 30 чэрвеня. Пасьля яго вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Яшчэ ў СІЗА ён адмовіўся супрацоўнічаць са сьледзтвам.

5 ліпеня 2011 году суд Ленінскага раёну Горадні апраўдаў Андрэя Пачобута паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэксу (абраза прэзыдэнта Беларусі), але прызнаў вінаватым паводле часткі 1 артыкула 367 Крымінальнага кодэксу (паклёп на прэзыдэнта).