Дзьмітры Плакс: У мяне няма пачуцьця дому

Дзьмітры Плакс, Дні правоў чалавека ў Гётэборгу. Фатограф: Марыя Сёдэрберг

Дзьмітры Плакс — мастак, пісьменьнік, перакладчык, журналіст. Нарадзіўся ў Менску. Стваральнік беларускай службы Радыё Швэцыі (2004-2009). Жыве і працуе ў Стакгольме.

ЯК АТРЫМАЦЬ ШВЭДЗКАЕ ГРАМАДЗЯНСТВА?

Ян Максімюк: У інфармацыі, якую пра вас можна знайсьці ў інтэрнэце, стаіць, што вы «мастак, пісьменьнік, перакладчык, журналіст». Канечне, мне хочацца запытацца пра ўсе гэтыя іпастасі вашай асобы, але я пачну з таго, што пра вас ведаюць усе, якія калі-небудзь чулі ваша прозьвішча — вы жывяце ў Швэцыі. Якім чынам вы там апынуліся?

Дзьмітры Плакс: Я ажаніўся і пераехаў да жонкі, якая жыла ў Швэцыі. Мы пажаніліся ў 1995 годзе, але я яшчэ два гады езьдзіў туды-сюды паміж Менскам і Стакгольмам, бо мне не хацелася зьяжджаць зь Беларусі. Так што мне цяжка сказаць, які дакладна момант можна лічыць датай майго пераезду ў Швэцыю. Канчатковае рашэньне застацца ў Швэцыі я прыняў, калі не памыляюся, у жніўні 1997.

Максімюк: Як я разумею, у ваш швэдзкае грамадзянства. Як доўга замежнікам даводзіцца чакаць, каб атрымаць гэтае грамадзянства?

Плакс: Калі вы ў шлюбе з грамадзянкай (або грамадзянінам) Швэцыі, вам трэба чакаць тры гады. А калі вы пераехалі ў Швэцыю на нейкіх іншых падставах, тады, здаецца, трэба чакаць пяць гадоў ад моманту, калі вы атрымаеце сталы від на жыхарства.

ХТО ТАКІ ШВЭД?

Максімюк: Вы жывяце ў швэдзкай сталіцы. Там шмат эмігрантаў, якія пераехалі ў Швэцыю, як і вы? Як швэды глядзяць на эмігрантаў у сваім грамадзтве?

Плакс: Гэта няпростае пытаньне, бо трэба пры нагодзе адказаць на іншае няпростае пытаньне — хто такі швэд? Што вызначае швэда — этнічнасьць, грамадзянства, месца жыхарства? На гэтае пытаньне розныя людзі адказваюць па-рознаму, таму і стаўленьне да тых, хто нарадзіўся ня ў Швэцыі, але прыехаў сюды жыць — таксама рознае.

Тым ня менш Швэцыя прымае шмат уцекачоў, нават калі параўноўваць зь іншымі скандынаўскімі краінамі. Праблема тут ня ў тым, швэд ты ці ня швэд, а ў інтэграцыі эмігрантаў у швэдзкае грамадзтва. Такія праблемы, безумоўна, існуюць, але яны вырашаюцца, бо эміграцыя — зьява ў Швэцыі ня новая. Сусьветна вядомы швэдзкі дабрабыт быў пабудаваны ў значнай ступені эмігрантамі, бо пасьля Другой сусьветнай вайны Швэцыя імпартавала працоўную сілу. Гэта былі ў асноўным людзі з Італіі, Грэцыі і тагачаснай Югаславіі. Цяпер структура эміграцыі крыху зьмянілася, але, як я сказаў, гэта ня новая зьява.

Максімюк: Адкуль наогул едуць эмігранты ў Швэцыю цяпер?

Плакс: У мяне пад рукою няма адпаведнай статыстыкі, каб адказаць вам дакладна на гэтае пытаньне. Але я ведаю, што ў Швэцыі пражывае, калі не памыляюся, каля 80 тысяч чалавек з Ірану — гэта людзі, якія прыехалі сюды даволі даўно, адразу пасьля ісламскай рэвалюцыі ў Іране. Таксама шмат у Швэцыі эмігрантаў з Польшчы, але канкрэтнымі лічбамі я не валодаю.

БЕЛАРУСКАЯ СУПОЛКА

Максімюк: А ці акрамя вас у Швэцыі ёсьць іншыя эмігранты зь Беларусі?

Плакс: Так. У Стакгольме ёсьць нават беларуская суполка. Значыць, ёсьць тут ужо група беларусаў, якія жывуць стала. І ёсьць група маладых людзей, якія прыехалі сюды вучыцца. Але тады, калі я ўпершыню прыехаў у Швэцыю, беларусы былі тут нечым вельмі экзатычным. Я быў, здаецца, ці не адзіным чалавекам зь Беларусі, зьвязаным з культурай, так бы мовіць.

Максімюк: Чым займаецца гэтая беларуская суполка?

Плакс: Яна займаецца, агульна кажучы, звычайнымі для дыяспары пытаньнямі — захаваньнем традыцый у першую чаргу. Людзі зьбіраюцца, каб мець магчымасьць пагаварыць па-беларуску, каб сустрэцца зь землякамі, каб адсьвяткаваць некаторыя сьвяты — Дзень Волі, напрыклад. Гэта, як мне падаецца, звычайныя заняткі для арганізацыі дыяспары.

ШВЭДЗКАЯ САЛІДАРНАСЬЦЬ

Максімюк: Як бы вы апісалі швэдзкі характар? У чым швэды падобныя на беларусаў і чым ад іх адрозьніваюцца?

Плакс: Я выкажу выключна прыватнае меркаваньне на гэты конт. Мне падаецца, што швэдзкае грамадзтва пабудаванае на прынцыпах салідарнасьці. Ідэя салідарнасьці для швэдаў вельмі важная, і не ў апошнюю чаргу менавіта таму Швэцыя прымае значную колькасьць уцекачоў. Гэта можа быць тое, што адрозьнівае швэдзкае грамадзтва ад беларускага. Бо беларускае грамадзтва, як мне падаецца, вельмі атамізаванае, і моцнага пачуцьця салідарнасьці сярод беларусаў, зь якімі мне даводзіцца мець дачыненьні, я ня бачу. Гэта што тычыцца адрозьненьня.

Калі казаць пра нейкія агульныя рысы, дык гэта будзе сытуацыя нацыі зь лякальнай і малой культурай — Швэцыя малая, як і Беларусь, швэдаў усяго дзевяць мільёнаў. Мабыць, яшчэ і тое агульнае, што швэды, як і беларусы, цікавяцца больш тым, што адбываецца дома, на ўласным падворку, а ўжо потым тым, што адбываецца ў вялікім сьвеце. Гэта такая даволі сялянская рыса, таму што Швэцыя, як і Беларусь — традыцыйна сялянская дзяржава.

КУЛЬТУРНАЕ ПЫТАНЬНЕ

Максімюк: Якая тэмпэратура палітычнага жыцьця ў Швэцыі? Можна сказаць, што ў швэдзкай палітыцы бушуюць жарсьці, ці ўсё ж швэдзкія палітыкі больш схільныя да кансэнсусу?

Плакс: Шмат гадоў палітычны кансэнсус быў тым, што абаранялі ўсе палітычныя сілы ў Швэцыі. Гэта было вельмі важна для швэдаў. Але Швэцыя — гэта частка сьвету, а палітыка — гэта працэс, які не стаіць на адным месцы. Таму я думаю, што сёньня Швэцыя значна больш падзеленая палітычна, чым 10 або 15 гадоў таму. У Швэцыі ўпершыню трапіла ў парлямэнт адкрыта ксэнафобская партыя, якая называецца «Дэмакраты Швэцыі». У Швэцыі, якой традыцыйна кіравалі сацыял-дэмакраты, з 2006 году пры ўладзе знаходзяцца кансэрватары, то бок партыя правага накірунку, ці, дакладней, правы альянс. Таму палітычныя дэбаты ў Швэцыі вельмі гарачыя.

І ў Швэцыі вельмі важную ролю адыгрываюць дэбаты ў галіне культуры. Напрыклад, дэбаты на тэму, хто ёсьць швэдам і што значыць «швэдзкасьць» у сёньняшняй краіне. Хто такі швэд? — гэта культурнае пытаньне ў Швэцыі, а не палітычнае. І дзякуй Богу, што яно — культурнае.

Максімюк: Да чаго схіляюцца швэды ў адказах на гэтае пытаньне? Хто такі швэд — чалавек, які мае швэдзкія этнічныя карані? Ці, можа, той, хто прызнае швэдзкую культуру як сваю?

Плакс: Ёсьць партыі, якія лічаць, што «швэдзкасьць» — гэта перш за ўсё этнічнае пытаньне. Але большасьць грамадзтва схіляецца да таго, што гэта культурнае пытаньне, значыць, швэд — гэта той, што сам сябе залічвае да швэдзкай культуры. Я думаю, што будаваньне нацыянальнай культуры паводле гэтага, так сказаць, уключальнага прынцыпу — працэс, які цяпер пераважае ў Швэцыі.

Разам з Магнусам Бэртасам у Музеі сучаснага мастацтва, Лейпцыг. Фота: Андрэас Энрыка Грунэрт



ШВЭДЗКАЯ ЯК ДРУГАЯ МОВА

Максімюк: Значыць, давайце цяпер пра культуру. Вы пішаце па-швэдзку, па-беларуску і па-расейску. Паколькі вы нарадзіліся ў Менску, дык пра расейскую мову я ў вас пытацца ня буду. Але пра дзьве іншыя — запытаюся. Дзе вы вывучылі швэдзкую мову на такім узроўні, які дазваляе вам пісаць свае кніжкі на швэдзкай мове і перакладаць на яе чужыя?

Плакс: Я не магу сказаць, што я вывучыў швэдзкую мову — я яе ўвесь час вывучаю. Так сама, дарэчы, як і беларускую з расейскай. Авалоданьне мовай — гэта працэс, які, фактычна, ня мае канца. То бок ён сканчваецца або сьмерцю чалавека, або, часам, сьмерцю самой мовы...

Максімюк: Гэта так, але ж вы ад нечага пачыналі вывучэньне швэдкай мовы? Што гэта канкрэтна было?

Плакс: Канкрэтна пасьля прыезду ў Швэцыю я хадзіў на курсы, якія называліся «Швэдзкая як другая мова». Гэтыя курсы былі разьлічаныя на два ці тры гады, але мне ўдалося скончыць іх за шэсьць месяцаў. Потым ужо я не вывучаў швэдзкай мовы сыстэматычна. То бок, ад таго часу, я вывучаў і вывучаю яе самастойна.

ВЫДАВЕЦКІ ПРАЦЭС

Максімюк: Вы пераклалі на швэдзкую мову, сярод іншага, дзьве кнігі Барыса Пятровіча. Хто ў Швэцыі зацікаўлены беларускімі аўтарамі? Акрамя вас, зразумела...

Плакс: Цікавасьць да новых літаратураў, да новых аўтараў — частка культурнага працэсу, які цяпер адбываецца ў Швэцыі і пра які я згадваў. Беларуская культура ў Швэцыі — цалкам невядомая, і таму яна цікавая. Ёсьць выдавецтвы — напрыклад, выдавецтва «Rámus» у Мальмё, зь якім я супрацоўнічаю — якія спэцыялізуюцца выключна на выданьні перакладной літаратуры. Гэта яны выдалі дзьве кніжкі Барыса Пятровіча.

Максімюк: Ці такія выданьні самаакупляюцца? Ці, можа, гэтую літаратуру выдаюць за нейкія гранты?

Плакс: Усе выдавецтвы мастацкай літаратуры ў Швэцыі маюць права атрымаць дапамогу ад ураду на сваю дзейнасьць. Але гэта не папярэдняя дапамога — выдавецтва павінна на свае сродкі і на сваю рызыку выдаць тую ці іншую кніжку, а ўжо потым зьвярнуцца па дапамогу да адпаведнай дзяржаўнай установы. Гэтая сыстэма выдавецкай дапамогі пабудаваная так, каб дзяржава ня ўмешвалася ў тое, што выдаўцы хочуць выдаваць. Некаторыя кніжкі атрымліваюць такую дапамогу, некаторыя — не. Вось тыя згаданыя кніжкі Барыса Пятровіча атрымалі такую дапамогу, а кніжка Даніла Хармса, якую перакладаў таксама я, не атрымала. Ёсьць экспэртныя рады, якія разглядаюць такія справы, але гэтыя рады не складаюцца з палітыкаў ці чыноўнікаў, а з крытыкаў, пісьменьнікаў і г.д. Наколькі я разумею, яны разглядаюць выключна мастацкія якасьці таго ці іншага твору, а не палітычную скіраванасьць або паходжаньне аўтара з той ці іншай краіны.

Максімюк: Як я разумею, дзяржаўную дапамогу атрымліваюць выключна выдавецтвы. А вось вы, як перакладчык, ваш ганарар атрымалі ад выдавецтва, так?

Плакс: Так. Але трэба тут адзначыць, што гэткія малыя выдавецтвы, якія рухаюць культуру наперад, якія заклапочаныя тым, каб швэдзкая культура і літаратура была разнастайнай — яны, як правіла, ніякага прыбытку ўладальнікам не прыносяць. Гэта людзі, якія працуюць для ідэі. Мне, як перакладчыку, яны плацяць ганарар, але самыя выдаўцы працуюць бясплатна.

НЯМА ПЕРАКЛАДЧЫКАЎ ЗЬ БЕЛАРУСКАЙ

Максімюк: Гэта сапраўды цікава, і нават крыху неверагодна. Дык я вас яшчэ трохі папытаю пра выдавецкі працэс у Швэцыі. Якога тыпу літаратура зь Беларусі можа найхутчэй знайсьці чытача ў Швэцыі? Раман, эсэістыка, палітычны рэпартаж?

Плакс: Я думаю, што любая якасная літаратура зможа знайсьці свайго чытача ў Швэцыі. Магчыма, лірыкай тут цікавяцца крыху менш, чым прозай, але гэта, як думаю, сытуацыя характэрная ня толькі для Швэцыі. У Швэцыі выходзяць больш за тысячу найменьняў мастацкай літаратуры штогод. Швэды шмат чытаюць, а таму я думаю, што любая якасная беларуская кніжка, незалежна ад жанру, будзе цікавай для швэдаў. Галоўная праблема тут у тым, што няма перакладчыкаў зь беларускай мовы. Тое, што раблю асабіста я — гэта вельмі мала. У мяне няма часу, і я не лічу пераклад сваёй асноўнай дзейнасьцю. Да таго ж, разумееце, перакладаць на чужую мову ўвогуле як бы забаронена. Я гэта раблю, бо пакуль што амаль няма каму рабіць. Ёсьць пакуль толькі адзін перакладчык, Нільс Хокансан, які актыўна вывучае беларускую мову і які ўжо пераклаў адну кніжку Васіля Быкава, хай сабе і з дапамогай расейскага перакладу.

Максімюк: А якія яшчэ беларускія аўтары зьявіліся апошнім часам у швэдзкіх перакладах?

Плакс: Толькі што выйшла кніга Сьвятланы Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча», якая мае вялікі посьпех у Швэцыі — кніга выйшла ў новым выданьні, без цэнзурных купюраў, яна нашмат таўсьцейшая за тую кніжку, якую я маю з савецкіх часоў. У кніжцы, як дадатак, даюцца прыклады размоваў, якія Сьвятлана Алексіевіч вяла ў свой час з цэнзарамі.

У апошні час выйшлі таксама «Менск — горад Сонца» Артура Клінава, «Вольныя вершы» Андрэя Хадановіча, «Фабрыка сьлёз» Вальжыны Морт. Ёсьць яшчэ вялікая, хоць і вельмі фрагмэнтарная, анталёгія беларускай літаратуры, якая зьяўляецца вынікам нястомнай працы фатографа Марыі Сёдэрбэрг.

ЯК САКРЭТНІЧАЛІ БАЦЬКІ?

Максімюк: Давайце цяпер крыху пагаворым пра тое, што вы робіце ў літаратуры, так сказаць, у другі бок. Вось вы пераклалі на беларускую мову «Піпі Доўгуюпанчоху» Астрыд Ліндгрэн. Скажыце, дзе вы вывучылі беларускую мову? У вас у сям’і гаварылі па-беларуску?

Плакс: У маёй сям’і, калі мы жылі ў Менску, мы па-беларуску не размаўлялі, але беларуская мова ў сям’і заўжды прысутнічала. Мая маці скончыла беларускую школу ў свой час. Мой бацька паходзіў зь мястэчка Сьмілавічы — у дзяцінстве яны там размаўлялі на «тутэйшай мове», якая, можа, не была літаратурнай беларускай, але не была таксама расейскай. Паколькі мой бацька паходзіў з габрэйскай сям’і, дык ён яшчэ размаўляў і на ідыш. Нас, дзяцей, бацькі ўжо не навучылі ні беларускай мове, ні ідыш. Гэта, я мяркую, быў такі спосаб самаабароны, каб мы завельмі не выдзяляліся... Ну але калі мова ідыш для нас у сям’і наогул не існавала — бацькі пераходзілі на ідыш толькі тады, калі спрачаліся або калі сакрэтнічалі — то беларуская ўсё ж прысутнічала. Дома заўжды была беларуская кніга, мая мама набывала ўсе беларускія кніжныя навінкі і сачыла, каб я чытаў па-беларуску. Бацька, які быў на вайне, вельмі шанаваў Васіля Быкава і чытаў яго выключна па-беларуску. Актыўна ўжываць беларускую мову я стаў ужо самастойна, але калі б я яе ня ведаў зь дзяцінства, дык, пэўна, было б цяжэй...

Прэзэнтацыя "Анталёгіі беларускай літаратуры" па-швэдзку ў Культурна-адукацыйным цэнтры ABF, Стакгольм.


ЛЯРСАН І ІНШЫЯ

Максімюк: Каго са швэдзкіх аўтараў вы чытаеце, не абавязкова з думкай пра пераклады, а дзеля прыемнасьці?

Плакс: Я шмат чытаю са швэдзкай літаратуры, бо я вельмі зьвязаны з гэтай літаратурай у сваёй працы...

Максімюк: Прабачце, што вас перапыню. Вось я павінен быў даўно запытацца пра вашу працу — чым вы зарабляеце на жыцьцё ў Швэцыі? Вы калісь вялі беларускую праграму на швэдзкім радыё. Вы і далей там працуеце?

Плакс: Так, я далей працую на радыё. Я працую рэжысэрам і драматургам радыётэатру Швэдзкага нацыянальнага радыё. Больш-менш па сваім профілю...

Максімюк: Дык вам для свае працы трэба фактычна шмат чытаць. Значыць, я зьвяртаюся з гэтым пытаньнем да аўтарытэтнай асобы: каго з сучасных швэдзкіх аўтараў вы парэкамэндавалі б пачытаць мне? Ну, скажам, у жанры раману...

Плакс: З раманаў я вам парэкамэндаваў бы, скажам, пісьменьніцу Чэрстын Экман...

Максімюк: Я якраз чытаю ейны раман «Händelser vid vatten». Сапраўды знакамітая рэч. Але гэта пісьменьніца моцна старэйшага пакаленьня, калі можна так сказаць. А з маладзейшых?

Плакс: Паспрабуйце пачытаць «Skuggland» Юнаса Бруна, «En storm kom från paradiset» Ёханэса Аніюру, «Korparna» Тумаса Банэрхеда, «Patrioter» Астрыд Тротцыг... Гэта некаторыя цікавыя рэчы з таго, што я прачытаў апошнім часам.

Максімюк: Дзякуй за падказку. А што швэды чытаюць найбольш ахвотна? Тыя свае дэтэктывы, якія цяпер распаўзьліся па ўсім сьвеце — напрыклад, Стыга Лярсана, Лісу Марклунд, Осу Лярсан, Хенінга Манкеля?

Плакс: Так, гэтыя аўтары папулярныя і на ўнутраным, швэдзкім рынку, ня толькі на сусьветным. Чым патлумачыць гэтая швэдзкае дэтэктыўнае дзіва — я ня ведаю. Якасных дэтэктываў, на мой погляд, пішацца няшмат. Хенінг Манкель піша даволі якасна. Што тычыцца Стыга Лярсана — то я ўзяўся чытаць першую кніжку зь ягонай вядомай трылёгіі і адклаў, бо мне яна зусім не спадабалася. Я не разумею яе посьпеху ў чытача, хоць, безумоўна, яна напісаная вельмі кінэматаграфічна.

Максімюк: А гэтыя дзьве жанчыны, Ліса Марклунд і Оса Лярсан?

Плакс: На мой погляд, Ліса Марклунд — таксама вельмі слабая, а Осу Лярсан я не чытаў.

НА ШВЭДЗКІМ РАДЫЁ

Максімюк: Скажыце нам яшчэ некалькі словаў пра сваю працу ў беларускай праграме швэдзкага радыё. Гэта, як разумею, ужо закончаны этап вашага жыцьця.

Плакс: Так, я быў заснавальнікам гэтай праграмы, але Швэцыя, на жаль, спыніла вяшчаньне на кароткіх хвалях на замежжа на ўсіх мовах, на якіх вяшчала. Існуе толькі вяшчаньне ў інтэрнэце на ангельскай, расейскай, нямецкай і некаторых мовах меншасьцяў у Швэцыі.

Гэта была мая сьвядомая інвэстыцыя ў ідэю, так бы мовіць. Я ўвесь час адчуваю нейкую патрэбу, каб спрабаваць дапамагаць ці, можа, рабіць нешта дзеля іншых, паколькі мне ў жыцьці таксама шмат дапамагалі і мне больш-менш пашанцавала займацца тым, чым я хачу займацца. Тут якраз была нагода зрабіць нешта для, скажам, беларускай мовы, стан і будучыня якой мяне вельмі хвалююць. Мне было вельмі важна паказаць, што яна можа існаваць на роўных у міжнародных абставінах. Цягам гэтых пяці гадоў, пакуль існавала беларуская служба на швэдзкім радыё, я амаль не працаваў як мастак і пісьменьнік. З аднаго боку мне прыкра, што гэтую службу зачынілі, але з другога — я маю магчымасьць вярнуцца да таго, чым займаўся раней, і адысьці аж журналістыкі, якую я не лічу сваім асноўнай працай, як і пераклады.

Максімюк: Дык вось пра вашу працу пісьменьніка і мастака, пра якую мы яшчэ не гаварылі. На якой мове вы пішаце свае ўласныя кнігі?

Плакс: Я пішу па-расейску, па-беларуску і па-швэдзку. Але ў апошнія гады, калі я стаў працаваць у радыётэатры — я пішу ў асноўным па-швэдзку. Тут ёсьць для мяне канкрэтная мэта — п’есы, якія можна ставіць адразу пасьля напісаньня.

Максімюк: Значыць, вы ў асноўным пішаце радыёп’есы?

Плакс: Наогул радыёп’есы, хоць пішуцца таксама і звычайныя, сцэнічныя п’есы. Я таксама займаюся перапрацоўкай літаратурных твораў — раманаў, апавяданьняў, сцэнічнай драматургіі — на фармат радыёп’есы. Нядаўна я пачаў перапрацоўку «Санаты зданяў» Стрындбэрга, але не для радыё, а для кіно, анімацыйнага фільму.

Выступ з фолк-музыкам Даніэлем Вікслундам. Фатограф: Марыя Сёдэрберг


МАСТАК ШЭРАЙ ЗОНЫ

Максімюк: А якога віду мастацтвам вы займаецеся?

Плакс: Я займаюся канцэптуальным мастацтвам. Яго цяжка вызначыць паводле жанру. Тое, што я раблю, знаходзіцца ў шэрай зоне паміж вэрбальным і візуальным. Што такое слова? Што такое візуальная выява? Як мы ўспрымаем слова: — праз зрок, «навобмацак», праз слых? Які шлях пралягае паміж думкай і словам? Вось некаторыя пытаньні, на якія я стараюся знайсьці адказы ў сваім мастацтве.

Максімюк: Апошняе маё пытаньне зьвязанае з вашай эміграцыяй. Вы мяркуеце застацца ў Швэцыі на ўсё жыцьцё ці, усё ж, вяртаньне ў Беларусь застаецца для вас рэальным варыянтам?

Плакс: Мне ня вельмі важна, дзе жыць фізычна, калі я магу рабіць тое, што люблю і хачу рабіць. У Швэцыі ў мяне цяпер такая магчымасьць ёсьць. У Беларусі, як думаю, яе цяпер не было б. Але ў свой час яна таксама была, і таму менавіта я доўгі час не хацеў зьяжджаць у Швэцыю. Гэта насамрэч складанае пытаньне. Я вельмі залежу ад сваёй працы. Маё жыцьцё не падзяляецца на працу і вольны час, я працую амаль увесь час. Гэта гучыць банальна, але так ёсьць насамрэч. Прытым, я пераехаў у Швэцыю так даўно, што баюся, што той Беларусі, якую я пакінуў, ужо няма. Гэта тое, што эміграцыя робіць зь людзьмі такога складу, як я — пачуцьцё дому зьнікае цалкам. Я не адчуваю сябе дома, калі я цяпер бываю ў Менску. І я не адчуваю сябе дома ў Швэцыі.