Памёр віцебскі журналіст Юрась Сьцяпанаў

Віцебскаму журналісту, які супрацоўнічаў зь незалежнымі выданьнямі, быў аглядальнікам лістоў на Польскім радыё для замежжа, каардынаваў праекты па дапамозе людзям з абмежаванымі магчымасьцямі, сёлета ўвесну споўнілася толькі 45 гадоў.
Прычынай заўчаснай сьмерці стаў цяжкі прыступ гіпэртаніі — хваробы, нярэдкай для тых, хто шмат перажывае ня толькі за сябе, але за многіх іншых... Ранкам 27 лістапада Юрася Сьцяпанава ня стала.

Бяз бацькі засталіся двое дзяцей, сын і дачка. Для родных нечаканая сьмерць Юрася сталася сапраўдным шокам, і горыч гэтае страты не перадаць аніякімі словамі.

Сябры таксама яшчэ не могуць звыкнуцца з гэтай стратай. Нават тыя, хто нашмат старэйшы, і для каго сьмерць аднагодкаў ужо не зьяўляецца жахлівай неспадзяванкай.

Архіўнае фота, "Дзяды" ў Віцебску, пачатак 1990-х.


Гэта дужа скрушна, калі сыходзяць маладзейшыя, гаворыць віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда:

«Юрась прыйшоў у газэту „Выбар“, якую я выдаваў. Прыйшоў у 1992 годзе, кал газэта ужо год як выходзіла. Але, вядома, у дэмакратычнай прэсе прафэсыйных журналістаў не хапала, і Юрась вучыўся на практыцы. Дарэчы, калі ён прыйшоў у газэту, мы зь ім ужо былі знаёмыя. Я ведаў, што ён быў сябрам самага першага „Беларускага Народнага Фронту“. Памятаю, што 20 жніўня 1991 году мы разам з ім і Уладзімерам Плешчанкам выйшлі на плошчу Свабоды з плякатамі супраць путчу... У газэце мы з ім працавалі некалькі гадоў — аж пакуль „Выбару“ не адмовілі ў рэгістрацыі».

Юрась Сьцяпанаў і Алена Залеская, былая стaршыня абласной арганізацыі АГП (памерла ў 2010 годзе)


Пасьля таго, як «Выбар» улады зачынілі, Юрась Сьцяпанаў пачаў супрацоўнічаць зь яшчэ адным мясцовым незалежным выданьнем — газэтай «Витебский курьер». Не аднойчы журналіста затрымлівалі разам з удзельнікамі апазыцыйных акцый — сябрамі АГП, Партыі БНФ, іншымі структурамі.

Напрыканцы 1990-х гадоў Юрась Сьцяпанаў пачаў супрацоўнічаць з моладзевай суполкай «Верас», згадвае ягоны сябар Сяргей Шэлегаў:
«Суполка дзейнічала прыкладна да 2006 году. Былі там людзі і больш сталыя — якраз, напрыклад, як Юры Сьцяпанаў. У „Вераса“ было некалькі кірункаў: культурніцкі, адукацыйны, разьвіцьцё моладзевых ініцыятываў...Юрась займаўся адукацыйным кірункам, ен быў добрым педагогам, выкладаў, дарэчы, у мэдычным унівэрсытэце. Ен скончыў унівэрсітэт імя Машэрава, факультэт у яго быў філялягічны. Але ў мэдычным унівэрсітэце ён доўга не папрацаваў, бо адкрыта дэманстраваў свае погляды. І ў выніку праз гэта, яшчэ ў тыя часы, калі амаль нікога з працы не выганялі, яго усё ж такі папрасілі сысьці»
У апошнія гады ён шмат займаўся сацыяльна арыентаванай дзейнасьцю — ладзіў праекты www.nadzeja.org для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, праводзіў пасяджэньні дыскусійных клюбаў па гендэрнай тэматыцы...

Але што да сродкаў масавай інфармацыі, то даўнім Юрасёвым захапленьнем было радыё. Ен цікавіўся тэхнічнымі дэталямі радыйнага вяшчаньня. Самастойна вывучыў польскую мову, стаў аглядальнікам карэспандэнцыі на Польскім радыё для замежжа, якое працуе для Беларусі.
Старэйшы рэдактар Беларускай службы Польскага радыё Валеры Саўко кажа, што якраз серада — гэта дзень праграмы Юрася Сьцяпанава:

«Я не магу паверыць і ўявіць, што будзе ў бліжэйшую сераду, калі заплянавана ягоная рубрыка "Рэдакцыйная дыскусія«...Гэта страта ня толькі калегі, чалавека вельмі блізкага, з выдатным пачуцьцём гумару. Гэта страта выдатнага работніка: ён цягнуў на сваіх плячох калясальную працу. Перапісваўся са слухачамі, арганізоўваў розныя конкурсы, выступаў з рознымі ідэямі, і яму хапала на ўсё часу. Цяжка гаварыць, ня верыцца. Гэта агромністая страта».

Апошні радыйны выступ Юрася прагучаў у эфіры 20 лістапада. Ён аналізаваў дасланыя слухачамі рапарты аб якасьці прыёму, а напрыканцы прачытаў ліст, дзе аўтар піша пра свайго заўчасна памерлага сябра. Гукавым фонам гучыць «Рэквіем» Моцарта... І цяпер, калі стала вядома, што стваральніка гэтай праграмы ўжо няма з намі, гэтая музыка набывае асаблівы, прарочы сэнс...