«Бульбашъ-холу» ня будзе адназначна, такой назвы ўжо ня будзе»

Будаўніцтва забаўляльнага комплексу ля Курапатаў

Міністэрства культуры сваім распараджэньнем прыпыніла будаўніцтва рэстаранна-забаўляльнага комплексу «Бульбашъ-хол» каля Курапатаў. Ліст з паведамленьнем аб «прыпыненьні будаўнічых працаў у зоне аховы гісторыка-культурных каштоўнасьцяў» падпісаны намесьнікам міністра культуры Віктарам Курашам. Ці азначае гэта, што будаўніцтва ў ахоўнай зоне цалкам спынена?
Зь ліста Міністэрства культуры не зусім зразумела, ці прыпыненыя працы на самім будынку былога «Бульбашъ-холу», які ўжо зьмяніў назву на «Дачу».

Начальнік Упраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі апавёў, што прадстаўнікі Міністэрства культуры і Генэральнай пракуратуры выяжджалі на месца будаўніцтва забаўляльнага комплексу ў Курапатах, выявілі шмат парушэньняў і выдалі прадпісаньне заказчыку працаў — сумеснаму таварыству з абмежаванай адказнасьцю «Белрэстінвэст» і Менаблвыканкаму аб спыненьні працаў у зоне аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Спадар Чарняўскі тлумачыць:

«Увогуле гэта прадпісаньне прыпыненьня работ у цэлым — да высьвятленьня ўсіх абставінаў і ўзгадненьня праектнай дакумэнтацыі. Бо гэта абсалютна новы праект, таму што ў 2005–2006 гадах Мінкультам разглядалася зусім іншая дакумэнтацыя. Зараз забудоўшчыкі прадставілі дакумэнтацыю, але мы робім па ёй адмоўнае заключэньне».

Карэспандэнтка: «То бок ёсьць спадзеў, што ня будзе гэтага «Бульбашъ-холу»?

«Ну, „Бульбашъ-холу“ ня будзе адназначна, такой назвы ўжо ня будзе. Але забараніць будавацца ў зоне рэгуляваньня забудовы мы ня маем права».

Першапачаткова на месцы «Бульбашъ-холу» было заплянавана будаўніцтва аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу.

У лісьце Міністэрства культуры ёсьць адна фраза, якая не ўсяляе аптымізму ў абаронцаў Курапатаў: «Аднаўленьне працаў будзе магчымае пасьля забесьпячэньня адпаведнасьці праектнай дакумэнтацыі і прававым нормам». То бок ёсьць небясьпека, што пасьля прывядзеньня ў парадак праектнай дакумэнтацыі будаўніцтва можа аднавіцца.

Начальнік упраўленьня Мінкульту спадар Чарняўскі патлумачыў, што ёсьць пэўныя забароны на будаўніцтва побач з помнікамі гісторыі і архітэктуры, якія замацаваныя заканадаўча. Але этычныя пытаньні законам не прапісаныя:

«Аб’екты ў ахоўнай зоне не павінны забруджваць паветра, неяк нэгатыўна ўзьдзейнічаць. А вось што тычыцца разьмяшчэньня там кавярні, рэстарацыі, складу, запраўкі — гэта такія аб’екты, якія такога шкоднага, так бы мовіць, узьдзеяньня не аказваюць.

У законе канкрэтна ўказана, якія аб’екты ня могуць побач будавацца, якога характару, зь якім выкарыстаньнем. А вось такія аб’екты — грамадзкія, вытворчыя пэўныя, калі яны не забруджваюць паветра, калі яны не ствараюць вакол сябе нейкага нэгатыўнага ўплыву на глебу, на расьліннасьць і гэтак далей — такія дапускаюцца».

Карэспандэнтка: «Ну, тут пытаньне ўжо этычнае...»
Этыка, так, я разумею. Але ж у законе этычныя пытаньні не разглядаюцца


«Этыка, так, я разумею. Але ж у законе этычныя пытаньні не разглядаюцца».

Грамадзкія актывісты, абаронцы Курапатаў, з аднаго боку, задаволеныя, што Мінкульт і Генпракуратура выдалі прадпісаньне спыніць працы. Адзін з кіраўнікоў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзьмітрыеў кажа: гэты адказ абаронцы Курапатаў атрымалі таму, што аб’ядналіся вакол гэтай праблемы. А вось наконт таго, што стаіць за гэтым адказам Мінкульту, спадар Дзьмітрыеў выказаў такое меркаваньне:

«Мне падаецца, дзяржава ўзяла ў гэтай справе паўзу. Іншая справа — як яна гэтую паўзу выкарыстае. Ці так, каб усе забыліся пра гэта, і потым ціхенька даць новы ход справе. Ці на тое, каб сфармаваць сваю пазыцыю, якая была б кампраміснай паміж бізнэсам і грамадзкасьцю. Спадзяюся на другое. Але лічу, што гэта нельга назваць перамогай. Гэта будзе толькі часам для нас, каб сплянаваць новыя дзеяньні і рухацца разам далей».

У аўторак а 12-й гадзіне ва Ўправе БНФ зьбяруцца грамадзкія актывісты, каб выпрацаваць далейшую сумесную стратэгію абароны Курапатаў.