15 гадоў таму была ліквідавана «Свабода»

Помнік на магіле Ігара Герменчука

15 гадоў таму ўпершыню падчас прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі была зачыненая незалежная газэта — «Свабода». Яе рэдактарам быў дэпутат Вярхоўнага Савету Ігар Гермянчук. Адпаведнае рашэньне прыняў Вышэйшы гаспадарчы суд 24 лістапада 1997 года. Чаму ўлады зачынілі папулярную грамадзка-палітычную газэту?
Цягам амаль сямі гадоў свайго існаваньня газэта «Свабода» зазнавала ціск з боку ўладаў. То яе забаранялі друкаваць у дзяржаўных друкарнях і распаўсюджваць, то арыштоўвалі рахунак, то распачыналі судовыя справы. Аднак толькі пры Аляксандру Лукашэнку газэту зачынілі. Фармальнай падставай стаў шэраг папярэджаньняў ад дзяржаўнага камітэту па друку. Вышэйшы гаспадарчы суд разглядаў справу ўсяго 15 хвілін. Выдавец газэты Павал Жук мяркуе, што гэтым улады меркавалі зачыніць альтэрнатыўную крыніцу інфармацыі:

«Па сутнасьці, гэта была крыніца, якая давала інфармацыю самых блізкіх кругоў да ўлады. Рэдактар Гермянчук быў дэпутатам сябрам апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня. Да яго зьвярталіся ўсе чыноўнікі, усе пакрыўджаныя рэжымам Лукашэнкі. Таму там праходзіла даволі многа інфармацыі, якая была абсалютна не выгадная кіроўнай групоўцы. І таму гэта было зачынена. Зачынена беспадстаўна. Судзьдзя Гаспадарчага суда Клімянкова пасьля гэтага рэзка пайшла на падвышэньне».

За некалькі дзён да суду газэце накіравалі адразу ажно два «папярэджаньні аб парушэньні закону». Да прыкладу, адно зь іх было вынесена за артыкул «Дзяды ў Менску», дзе чыноўнікі ўбачылі правядзеньне паралелі паміж падзеямі 1937 года і нашага часу. Маўляў, артыкул быў накіраваны на запужваньне грамадзян Беларусі «рэпрэсіямі». Якія ж насамрэч прычыны закрыцьця «Свабоды»? Павал Жук адзначае:

«Лукашэнка паступова прывучаў грамадзтва, што ў яго можна паступова забіраць дасягненьні дэмакратыі. Мы заўсёды былі першыя. Пасьля «Свабоды» былі яшчэ чатыры газэты, якія зачынілі».

«Свабода» была агульнанацыянальнай газэтай, яе наклад дасягаў да 85-ці тысячаў экзэмпляраў, адзначае журналіст Віктар Валадашчук:

Віктар Валадашчук

«Газэта падымала злабадзённыя тэмы, якія і сталі падставай, каб спыніць яе існаваньне. Калі пішам пра тое, што не падабаецца чыноўнікам, ці пра тое, пра што яны баяцца каб даведваліся людзі,яны і робяць намаганьні, каб спыніць гэту інфармацыйную пляцоўку. Газэта мела свой твар. Яна падымала тыя тэмы, якія не здолелі зрабіць іншыя газэты. Людзі маюць рацыю, калі называюць „Свабоду“ легендарнай».

Паводле журналіста Аляксандра Старыкевіча, улады зачынілі газэту «Свабода», бо яна была культавай газэтай:

Аляксандар Старыкевіч

«Лукашэнка разумеў, што і газэта, і яе рэдактар Ігар Гермянчук гэта тыя, хто не спыніцца. Іх як тую Пагоню — не разьбіць, не спыніць, не стрымаць. І таму газэту вырашылі зьліквідаваць знайшоўшы для гэтага ўмоўна юрыдычную нагоду. Проста гэта быў такі сьвядомы акт разьбіцьця сымбаля беларускай незалежнай прэсы».

За гэтыя 15 гадоў ці памянялася стаўленьне ўлады да незалежных мэдыяў?

«Ні ў якім разе. Працягваюць ціснуць на незалежныя СМІ. У рознай ступені ў залежнасьці ад розных пэрыядаў. Аднак я не думаю, што ў гэтай улады будзе калі-небудзь нармальнае стаўленьне і паразуменьне з незалежнымі СМІ».


Чытаць апошні і папярэднія нумары «Свабоды» можна ТУТ

Эсэ Сяргея Дубаўца пра Ігара Герменчука