Пасьля заяваў пра катаваньні ў Ленінскім РУУС пачалася праверка

У міліцыі Ленінскага раёну Менску пачалася месячная праверка пасьля таго, як 54-гадовы Васіль Сарочык заявіў, што яго катавалі.
Намесьнік начальніка крымінальнага вышуку Ленінскага РУУС Дзьмітрый Шыкунец заявіў «Свабодзе»: «Я ніякіх камэнтароў даваць вам ня буду, і ніхто ня будзе даваць пакуль. Там прызначанае правядзеньне службовай праверкі. Калі будзе праведзеная службовая праверка, то тады будуць вядомыя нейкія вынікі. Праверка прызначаная, да нас ужо прыехалі прадстаўнікі ўласнай бясьпекі і будуць праводзіць праверку з гэтай нагоды. Службовая праверка будзе праводзіцца цягам месяца, распачалася яна зь сёньняшняга дня».

Раней інфармацыйна-асьветніцкая ўстанова «Плятформа» накіравала ў Генэральную пракуратуру, Міністэрства ўнутраных спраў і Сьледчы камітэт Беларусі паведамленьні пра зьдзекі з Васіля Сарочыка.

57-гадовы вартаўнік аўтастаянкі Сарочык кажа, што яго катавалі і прымушалі прызнацца ў крадзяжах.

Пры гэтым ён адзначае, што ў зьдзеках зь яго ўдзельнічала жанчына-міліцыянт.

Падрабязнасьці — пазьней на сайце «Свабоды»

Некаторыя факты катаваньняў у міліцыі


У 2011 годзе два жыхары Маладэчна — Сьвятлана Барайчук і Андрэй Парахненка — былі зьбітыя міліцыянтамі Пацярпелыя зафіксавалі пабоі. Аднак праваахоўныя органы адмовіліся заводзіць крымінальную справу за катаваньні.


На пачатку 2012-га году ў Маладэчанскім клюбе «НЕО» ў Алесі Садоўскай скралі тэлефон. Міліцыянты параілі зьвярнуцца ў РАУС пасьля сьвятаў. Маладая жанчына папрасіла міліцыянта паводзіць сябе паводле закону. Садоўская таксама прыгразіла, што паскардзіцца ў пракуратуру. «Пасьля слоў пра скаргу яны як быццам азьвярэлі, запіхаўшы мяне за кут, пачалі жорстка зьбіваць», — кажа Алеся Садоўская.

Затым 4 супрацоўнікі міліцыі, заломваючы рукі і зьбіваючы, заштурхалі ні ў чым не вінаватую жанчыну ў міліцэйскую машыну. У пастарунку Маладэчанскай міліцыі Садоўскую пакінулі да раніцы. Ноч яна правяла ў халоднай камэры, пры гэтым супрацоўнікі міліцыі яе абражалі і зьневажалі, доўгі час не давалі вады і ежы, ствараючы як фізычна (пацярпелая пакутуе на кляўстрафобію), так і псыхалягічна цяжкія ўмовы.


Актывістку стваранай Партыі БХД Вольгу Пансевіч затрымалі 21 красавіка 2012 году ў двары яе дома, пачалі зьбіваць, пасьля чаго гвалтоўна запіхнулі ў машыну, адвезьлі ў міліцыю Слонімскага раёну (Гарадзенская вобласьць), дзе склалі два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях за хуліганства і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Трое сутак актывістку пратрымалі ў ізалятары часовага ўтрыманьня міліцыі Слонімскага раёну, дзе зьбівалі і зьвязвалі ў позе «ластаўкі».

Судова-мэдычная экспэртыза зафіксавала шматлікія пашкоджаньні «ў выглядзе сінякоў верхніх канечнасьцяў, паясьнічнай вобласьці, ніжніх канечнасьцяў, ранаў верхніх канечнасьцяў».


1 траўня ў Калінкавічах (Гомельская вобласьць) міліцыянты зьбілі 17-гадовага Кастуся Рудзеню. Пазьней камісія па справах непаўналетніх Калінкавіцкага райвыканкаму аштрафавала Рудзеню й ягоную сяброўку Натальлю Мальшакову.


Актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Андрэя Моўчана пры затрыманьні 14 ліпеня зьбівалі ў міліцэйскім аўтамабілі, а затым і ў пастарунку. У заплечніку ў актывіста супрацоўнікі міліцыі знайшлі налепкі «Не — сьмяротнаму пакараньню!» Гэта адбылося ў Менску.

19 траўня Моўчан разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг у знак салідарнасьці з палітвязьнем Сяргеем Каваленкам. Тады міліцыянты таксама моцна зьбілі яго, сур’ёзна траўмавалі вока, і Моўчан доўгі час правёў у шпіталі хуткай дапамогі.


У кастрычніку Сяргей Панасюк і Уладзіслаў Лук’янчук заявілі, што іх зьбівалі ў міліцыі Цэнтральнага раёну Менску. Мастакоў затрымалі 9 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы падчас мастацкай акцыі. У міліцыі Цэнтральнага раёну Менску двух валянтэраў зьбілі. Адзін зь іх, цемнаскуры — Уладзіслаў Лук’янчук — атрымаў моцныя цялесныя пашкоджаньні, у тым ліку страсеньне мозгу.

Міхаіл Гулін сьцьвярджае, што да Ўладзіслава Лук’янчука ў РУУС Цэнтральнага раёну ўжывалі расісцкія абразы. «Ён (прапаршчык Уладзімер Находзька — рэд.) казаў на яго: «Эй, Зымбабвэ, зьбірайся, пайшлі». Калі я зрабіў яму заўвагу, дык ён мне сказаў: «Зараз і з табой, дзядзька, разьбярэмся па індывідуальнай праграме». Яшчэ адна ўдзельніца праекту — фатограф і відэаапэратар Тацьцяна Гаўрыльчык — распавядае, што ў міліцыі ёй заломвалі рукі і надзявалі кайданкі.



Фільм-хроніка Вольгі Мікалайчык «Катавальня-Акрэсціна». Сведкi распавядаюць пра ўмовы ўтрыманьня ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у завулку Акрэсьціна.

http://www.youtube.com/embed/DPjixMylX_k