Аўтарынак: і не купляюць, і не прадаюць

Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, ад пачатку 2012 году імпарт легкавых аўтамабіляў у Беларусь зьнізіўся ў 4,5 раза ў параўнаньні з папярэднім годам.
Гэта тычыцца як новых аўто, увезеных юрыдычнымі асобамі, так і ўжываных, на пастаўках якіх спэцыялізуюцца перагоншчыкі. Усяго за студзень-верасень прыгнана блізу 60 тысяч машын. Падчас леташняга ажыятажу, калі Беларусь уніфікавала мыта з Расеяй і памер размытнёўкі стаў параўнальны з коштам патрыманага аўто, у Беларусь было ўвезена больш за 280 тысяч легкавікоў.

Экспэрт у аўтамабільнай галіне Андрэй Бабайцаў кажа, што спад актыўнасьці на аўтарынку цалкам прагназаваны. Найперш, папаўненьню аўтапарку не спрыяе памер мыта, які ў шэрагу выпадкаў зрабіў машыну ў 2–3 разы даражэйшай, чым да 1 ліпеня 2011 году. Па-другое, за некалькі леташніх ажыятажных месяцаў машын было ўвезена столькі, што іх давядзецца распрадаваць яшчэ не адзін год:

«Такая дыспрапорцыя адмыслоўцамі прагназавалася загадзя, таму, у прынцыпе, усё ў адпаведнасьці зь лёгікай. З аднаго боку, прычынай застою стаў абсалютна лішкавы ўвоз транспартных сродкаў у мінулым годзе. Можна згадаць, што па выніках 2011 году ўвезена машын у 2,5 раза больш, чым у нармальныя гады. Нават калі параўноўваць статыстыку з найбольш спрыяльным 2008 годам, то ў 2011-м быў відавочны колькасны перабор. Зь іншага боку, казаць пра пэрспэктывы на другасным рынку досыць складана, бо зразумела, што ён грунтуецца на самых розных складніках. Але самае галоўнае, гэта той парк аўтамабіляў, які застаўся ад мінулагодняга ажыятажу. То бок тыя аўтамабілі, якія ўладальнікі так і ня здолелі рэалізаваць. Мяркую, такім экзэмплярам яшчэ доўга наканавана пераходзіць з рук у рукі».

Пра кругазварот ужываных аўтамабіляў сьведчыць і асартымэнт на спэцыялізаваных рынках. Паводле назіраньняў менскага аўтааматара Сяргея Маркелава, які жадае памяняць старую «Хонду» на адэкватны паводле кошту і якасьці трохгадовы аналяг, хоць прапаноў на той жа «Малінаўцы» і шмат, але нешта выбраць складана. Паводле ягоных словаў, гандляры не таргуюцца, бо ня хочуць прадзешавіць — з наступнага году машыны, набытыя да 1 ліпеня 2011 году, можна будзе афіцыйна прадаваць на расейскім рынку. Таму і выходзіць, што за паўтара года аўто на продаж так і не патаньнелі:
Хоць на такія цэньнікі ня шмат хто клюе, яны чакаюць адкрыцьця расейскага рынку


«Па вялікай колькасьці дастаткова бюджэтных, але пры гэтым занадта дарагіх марак аўтамабіляў можна зрабіць выснову: людзі ад іх пазбаўляюцца, але не любым спосабам. Хоць на такія цэньнікі ня шмат хто клюе, яны чакаюць адкрыцьця расейскага рынку. Яшчэ адно назіраньне: паколькі супэрдарагіх машын няма, то іх уладальнікі маюць грошы і прадаваць свае машыны не зьбіраюцца. А той, хто хацеў бы набыць аўто прэміюм-клясу, але ня мае за што, па ўсім відаць, ня хоча далей утрымліваць старое аўто. Але ні ў кога няма жаданьня яго ашчасьлівіць. Кола, што называецца, замкнулася. Таксама насьцярожвае, што досыць шмат бітых машын. Яны, вядома, адноўленыя, але ня вельмі прафэсійна, так што бітую ад нябітай можна адрозьніць нават без экспэртызы».

З другой паловы 2011 году заўважную долю аўтамабільнага імпарту пачалі фармаваць юрыдычныя асобы, якія займаліся пастаўкамі новых машын. Аднак ад сакавіка 2012-га яны таксама дэманструюць істотны спад аб’ёмаў увозу. Галоўнай прычынай — скасаваньне пад ціскам Расеі ільготаў па падатку на дададзеную вартасьць. Масква чарговым разам паклапацілася пра свайго ўнутранага вытворцу, бо сур’ёзнай падатковай палёгкай пачалі карыстацца расейскія пакупнікі, якія літаральна спусташалі беларускія аўтасалёны. Як кажа прадстаўніца адной з дылерскіх кампаній Ніна Катлярова, калі за першае паўгодзьдзе з улікам аднаго спрыяльнага кварталу юрыдычным асобам разам удалося ўвезьці крыху больш за 11 тысяч аўто, то ў другім на такія паказьнікі выйсьці складана:

«Я ўвесь час падкрэсьліваю і паўтараю: унутраных інвэстараў трэба берагчы, шанаваць. У нас, на жаль, гэтага не адбываецца. Яны ўрасьлі сюды ўсімі сваімі каранямі; людзі ня проста ўклалі грошы, іх фірмы пашыраюцца, пашыраюцца іх профільныя вытворчасьці, ствараюцца працоўныя месцы. І калі дзяржава насамрэч зацікаўленая ў партнэрстве зь бізнэсам, то ў такім выпадку ня варта накладаць забарону на прафэсію, абкладаючы кампаніі ўсё новымі і новымі праблемамі. Хай людзі працуюць. Бо гэта адзін са спосабаў прыцягненьня грошай, інвэстыцыяў. Бо павелічэньне абаротаў у кожнай канкрэтнай кампаніі спрыяе станаўленьню ўсёй нацыянальнай эканомікі».

На думку адмыслоўцаў, да канца году беларускі аўтапарк у лепшым выпадку можа папоўніцца яшчэ на 5–6 тысяч аўтамабіляў, прывезеных з-за мяжы, але на агульнай статыстыцы гэта адаб’ецца неістотна. Такім чынам, па гэтым паказьніку 2012 год стане адным з самых няўдалых ня толькі для патэнцыйных пакупнікоў, але і для дзяржавы — спад актыўнасьці наўпрост рэзануе на паступленьні ў бюджэт грошай ад размытнёўкі. Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у коштавым выражэньні аўтамабільны імпарт на гэты момант складае 650 мільёнаў даляраў. У папярэднія гады лічбы былі ў разы большыя. Простае параўнаньне: толькі размытнёўка прыносіла бюджэту блізу 1 мільярда даляраў.