Драўляны Гомель ідзе пад знос

Your browser doesn’t support HTML5

У Гомелі вядзецца татальнае зьнішчэньне прыватнай забудовы. Краязнаўцы й гісторыкі патрабуюць захаваць хоць некалькі ўзораў драўляных дамоў, якія ўяўляюць гістарычную й архітэктурную каштоўнасьць і даюць уяўленьне пра аблічча гораду пачатку ХХ стагодзьдзя.

Усьлед за зносам драўляных дамоў па вуліцах Пляханава і Парыскай камуны, гарадзкія ўлады далі дазвол на знос драўлянага кварталу на вуліцы Валатаўская. Тут плянуюць паставіць чарговыя шматпавярхоўкі. Забудоўцам выступае менскае акцыянэрнае таварыства «Электрапрам».

19 кастрычніка рабочыя бурылі на Валатаўской драўляны дом № 23 зь фігурным ганкам і шпілем, з разьбёнымі аканіцамі. На чарзе — даваенная музычная вучэльня, дзе ў свой час выкладалі вядомыя беларускія кампазытары, а раней жыла мэцэнатка княгіня Ірына Паскевіч.

Гаворыць карэнная жыхарка вуліцы Валатаўской спадарыня Натальля:

«Гэта мая балючая тэма. Я тут нарадзілася й вырасла, нас ніхто не пытаўся. Дамы можна было захаваць. Такіх дамоў яшчэ трэба пашукаць. Бачна, што ён не навабуд, што ён не зьмяніўся. Можна было, калі нават тут сабраліся штосьці рабіць, можна было нешта захаваць, а ня так — усё на злом, усё пад бульдозэр. І нічога не застаецца — ні нашчадкам, ні каму-кольвечы яшчэ».

Рабочы Яўген: «Нас прывезьлі, высадзілі. Сказалі разьбіраць — мы й разьбіраем. На звалку ўсё. Дом быў бы нармальны, калі б захаваць яго. Ніжнія вянкі пакласьці — падняць і пакласьці ніжнія вянкі. Пасьля можна й адрэстаўраваць».

Дом № 17 на Валатаўскай вуліцы


Вядомы ў горадзе краязнаўца Андрэй Скідан лічыць, што з такіх дамоў, якія зараз ідуць пад нож бульдозэра, можна было стварыць своеасаблівы музэй драўлянага дойлідзтва пад адкрытым небам. Ён мог бы быць альбо на Валатаўской, альбо на той жа вуліцы Пляханава — у гістарычным раёне Спасава Слабада. Зараз у абласным горадзе, другім па велічыні пасьля Менску, апрача парку Румянцавых-Паскевічаў, і паказаць турыстам асабліва няма чаго.

Скідан: «Гэта ўнікальная драўляная архітэктура, якая распаўсюджана толькі на паўднёвым усходзе Беларусі, у прыватнасьці ў Гомелі. Характэрная архітэктоніка саміх дамоў, іхняе архітэктурнае аблічча ў першую чаргу. Другое — гэта аздоба дамоў традыцыйным разьбяным дэкорам, які ў іншых рэгіёнах Беларусі не сустракаецца».

Краязнавец лічыць, што пасьля прыстасаваньня драўляных дамоў да сучасных камунікацый іх можна было б выкарыстаць для грамадзкіх мэтаў:

«Гэта прыстасаваньне пад грамадзкія аб’екты — музэі, кавярні, згодна з турыстычным плянам гораду, у якім быццам бы зацікаўленыя ўсе. Тым ня менш гэтым не зацікавіліся ўлады, каб нешта было вырашана прынцыпова. Таму іх зносяць і не захоўваюць».

Выгляд Валатаўскай вуліцы


Актывісты моладзевай краязнаўчай суполкі «Талака» й мясцовага Таварыства беларускай мовы даслалі ў гарвыканкам і Міністэрства культуры Беларусі кіпу дакумэнтаў і прапаноў, каб уратаваць хоць частку драўлянага гораду, які зараз беспаваротна зьнікае.

Гаворыць намесьніца кіраўніка гомельскай «Талакі» Марыся Тульжанкова:

«Самае прыкрае тое, што ўлады, пакуль мы не зьвярнуліся, не пачалі радыкальна дзейнічаць, проста не задумваліся пра гэтую тэму. І на сёньняшні дзень працягваецца зьнішчэньне драўлянай забудовы Гомеля».