Фота «маўклівых акцыяў» — сярод найлепшых здымкаў году

Фота «маўклівых акцыяў» — сярод пераможцаў ў намінацыі «Ньюз-сторы»

Лепшыя здымкі конкурсу «Прэс-фота Беларусі-2012» пакажуць у Варшаве. Выстава адкрыецца 19 лістапада у памяшканьні Collegium Civitas, на 12-м паверсе Палаца культуры і навукі.
Працы пераможцаў незалежнага адкрытага конкурсу прадстаўлены ў васьмі катэгорыях: навіны, людзі ў навінах, партрэт, спорт, штодзённае жыцьцё, народныя традыцыі, прырода, мастацтва і забавы.

Сярод пераможцаў — здымкі з сайту «Свабоды» з маўклівых акцый 2011 году.

«Часам адзін удалы кадр дае ўяўленьне пра сутнасьць зьявы непараўнальна мацьней за сухія лічбы статыстыкі ці графікі аналітыкі, — кажа адна з арганізатараў конкурсу фотарэпарцёр Юлія Дарашкевіч. — Мы хацелі б, каб пра жыцьцё Беларусі ў дэталях, — пра будні, пра сьвяты, пра паразы і перамогі беларусаў маглі дазнацца ўсе цікаўныя да жыцьця суседняй краіны і да нас, яе жыхароў».

«Гэтая выстава — яркая фарба ў палітры ўяўленьняў пра жыцьцё такой блізкай да Польшчы, але такой іншай ад яе Беларусі», — дадае каардынатарка іспрэзы выставы Юлія Рымашэўская.

Конкурс «Прэс-фота Беларусі» ладзіцца трэці год. Яго ўдзельнікамі зьяўляюцца беларусеія фатографы, якія супрацоўнічаюць са СМІ. У 2012 годзе аргкамітэт атрымаў заяўкі ад 90 удзельнікаў, якія даслалі больш за 2500 здымкаў для ўдзелу ў конкурсе.