У «Вясны» адбяруць офіс 26 лістапада

26 лістапада адбудзецца канфіскацыя маёмасьці і офісу праваабарончага цэнтру «Вясна», які месьціца па праспэкце Незалежнасьці, 78а.
Пра гэта паведаміла жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук, якая атрымала ліст з суду Першамайскага раёну Менска за подпісам судовай выканаўцы А.Рандзевіч.

11 апошніх гадоў офіс праваабарончага цэнтру «Вясна» месьціцца ў кватэры на праспэкце Незалежнасьці 78а-48. Гэтая кватэра была набытая ў 2000 годзе і па рашэньні рады «Вясны» аформленая на прыватную асобу, у ёй быў афіцыйна зарэгістраваны Алесь Бяляцкі. Згодна з прысудам гэты офіс павінен быць канфіскаваны.

18 студзеня 2012 году жонка праваабаронцы Натальля Пінчук перавяла на рахунак упраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму для суду Першамайскага раёну сабраныя грамадзянамі больш як 757 мільёнаў рублёў (90 тысяч даляраў ЗША). «Гэта ўся сума, якую паводле пастановы суду павінен заплаціць Бяляцкі», — заявіла яна.

24 студзеня 2012 году Менскі гарадзкі суд адхіліў касацыйную скаргу Алеся Бяляцкага.



Праваабаронца Валянцін Стэфановіч запэўнівае, што «Вясна» у любым выпадку будзе працягваць працаваць:

Валянцін Стэфановіч

«Гэта, канешне, ускладняе нам жыцьцё. Але мы ў любым разе будзем працягваць дзейнасьць. Мы былі да гэтага гатовыя. Бо гэта ўжо даўно цягнецца. Са жніўня рашэньні суду ўступілі ў законную сілу і ўжо павінны быць выкананыя. Для мяне ўвогуле дзіўна, што нам такі доўгі час далі даседзець, яшчэ і выбары пераседзець — а мы ж займаліся назіраньнем. Мы гэтага чакалі, а зараз ёсьць канкрэтная дата — 26 лістапада.

Хаця, канешне, нам шкада, бо мы 12 гадоў прапрацавалі ў гэтым офісе. Фактычна ўсе актывісты беларускія ведаюць дарогу да нас. Для нас вельмі важна, што офіс вядомы, пазнавальны, і людзі, калі што здараецца, ведалі, дзе нас знайсьці. Але, тым ня менш, мы самі нікуды не зьнікаем, а будзем працягваць працаваць».




25 студзеня сябры праваабарончага цэнтру «Вясна» вывезьлі са свайго офісу ў Менску частку рэчаў, але заявілі, што застануцца ў памяшканьні да апошняга.


Your browser doesn’t support HTML5

«Вясна»: Мы нікуды не выязджаем, гэта касмэтычныя захады




Справа Бяляцкага

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.