Расея: з-за беларусаў «растварыліся» 1,5-2,5 мільярды даляраў

Ілюстрацыйнае фота

Міністар энэргетыкі Расіі Аляксандар Новак ацэньвае страты расійскага бюджэту ад беларускага бізнэсу з растваральнікамі ў 1,5-2,5 мільярды даляраў ЗША.
«Па розных ацэнках, патэнцыйныя страты расійскага бюджэту складаюць ад 1,5 мільярды да 2,5 мільярдаў даляраў», — заявіў міністар энэргетыкі Расеі Аляксандра Новак ў інтэрвію расейскай газэце «Ведамасьці».

Ён адзначыў, што пасьля канфлікту паміж Расеяй і Беларусьсю, зьвязанага з пастаўкамі беларускіх нафтапрадуктаў, якія атрымліваюцца з расейскай бязмытнай нафты ў трэція краіны пад выглядам растваральнікаў, дзьве краіны актыўна дамаўляюцца пра балянс паставак на 2013 год.

«Цяпер беларускі бок заяўляе аб 23.000.000 тон паставак нафты на наступны год. У гэтым годзе ў нас быў балянс на 21,5 млн тон. Гэта значыць, яны павялічылі прапановы па перапрацоўцы на сваіх нафтаперапрацоўчых заводах. Натуральна, што столькі нафты для унутранага спажываньня не патрабуецца. Яны павінны рабіць вяртаньне нафтапрадуктаў у Расею, у рамках гадавых балянсаў. Аб’ёмы мы цяпер прапрацоўваем і да канца лістапада узгоднім гэтую лічбу», — сказаў міністар.

«Мы будзем прапаноўваць, каб і нашы кампаніі, якія зьяўляюцца ўласьнікамі нафтапрадуктаў, і беларускія кампаніі, у той прапорцыі, у якой яны зьяўляюцца уласьнікамі, абавязаны былі вярнуць у Расію і прадаць у нас на рынку атрыманыя нафтапрадукты, перш за усё аўтабэнзіны», — дадаў ён