Кубілюс пра «нізкую ўнутраную культуру» Лукашэнкі

Андрус Кубілюс

Заява прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, у якой ён абразьліва кажа пра палітыку Літвы, прэм'ер Літвы Андрус Кубілюс назваў адлюстраваньнем нізкай унутранай культуры, на якое ўрад Літвы рэагаваць не будзе.
«На падобныя заявы нізкай культуры мы, несумненна, не рэагуем. А наогул даводзіцца шкадаваць, што нашага суседа не ўпершыню даводзіцца ацэньваць па такога роду адлюстраваньнях нізкай унутранай культуры», – у аўторак заявіў у інтэрвію Літоўскаму радыё Кубілюс.

Так прэм'ер адказаў на пытаньне аб тым, што ён думае наконт выказваньня Лукашэнкі пра выпад супраць амбасады Літвы ў Менску.

«Гэта ніякія не тэрарысты, і ня трэба тут бачыць нейкіх тэрарыстаў», – сказаў у панядзелак на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі Дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Беларусі Лукашэнка.

Калі ў 2010 годзе «кактэйлямі Молатава» быў закіданы будынак амбасады Расеі ў Менску, асобы, якія ўчынілі гэтае злачынства, былі затрыманыя і панесьлі пакараньне.

«Літва крычала, што гэта асобы – палітычныя зьняволеныя. А калі ім падкінулі бутэлькі – то гэта ўжо тэрарызм. Вось іх палітыка, гэта жлобская палітыка», – заявіў Лукашэнка.

Як вядома, увечары ў аўторак 6 лістапада на тэрыторыю амбасады Літвы ў Менску былі кінутыя дзьве бутэлькі з запальнай сумесьсю, з так званым «кактэйлем Молатава», якія супрацоўнікі літоўскай паліцыі, што дзяжурылі ў будынку, хутка затушылі.

Кіраўнік МЗС Літвы Аўдронюс Ажубаліс і старшыня Камітэту замежных справаў сэйму Літвы Эмануэліс Зінгерыс назвалі гэты інцыдэнт тэрарыстычным выпадам супраць дыппрадстаўніцтва Літвы.

У чацьвер запрошанаму ў МЗС Літвы амбасадару Беларусі ў Літве Ўладзімеру Дражыну была ўручана нота пратэсту.

Як паведаміў Сьледчы камітэт Беларусі, «адкрытая крымінальная справа паводле часткі 2 арт. 39 – гэта хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў. Праводзяцца далейшыя сьледчыя дзеяньні».