Лукашэнка адправіў у адстаўку старшыню КДБ. Цяпер кіруе Мальцаў

Вадзім Зайцаў

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка адправіў у адстаўку старшыню КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава.
Пра гэта паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы са спасылкай на
дзяржсакратара Савета бясьпекі Леаніда Мальцава, перадае Інтэрфакс.

9 лістапада Лукашэнка правёў нараду, на якой абмяркоўвалася дзейнасьць КДБ. Па выніках нарады дзяржаўны сакратар Савета бясьпекі Беларусі Леанід Мальцаў адзначыў, што ў сваіх выступах генпракурор і старшыня Сьледчага камітэта паставілі шэраг пытаньняў. У прыватнасьці, яны тычыліся апошніх падзей, зьвязаных з КДБ.

«Усім вядома пра самагубства падпалкоўніка КДБ Аляксандра Казака. Ёсьць і шэраг іншых пытаньняў, якія патрабуюць ўважлівага расьследаваньня», — заявіў Леанід Мальцаў.

«У сувязі з гэтым прэзыдэнт прыняў рашэньне вызваліць генэрал-лейтэнанта Вадзіма Зайцава ад пасады старшыні Камітэта дзяржаўнай бясьпекі і залічыць яго ў распараджэньне старшыні КДБ», — паведаміў Дзяржсакратар Савета бясьпекі.

«Выконваць абавязкі Старшыні КДБ даручана мне. Але гэта не значыць, што Вадзім Зайцаў пасьля завяршэньня расьсьледаваньня не можа вярнуцца на гэтую пасаду. Калі расьсьледаваньне пакажа кампэтэнтнасьць яго і іншых службовых асоб, то па-за ўсялякіх сумневаў ён будзе вернуты на гэтую пасаду. Гэта зроблена для таго, каб расьсьледаваньне было праведзена максымальна аб’ектыўна, — удакладніў Леанід Мальцаў. — Расьсьледаваньне даручана праводзіць генэральнаму пракурору. Таксама да гэтай працы будзе далучаны сьледчы камітэт», — заявіў Леанід Мальцаў.


Лябедзька: КДБ кантраляваў значную частку эканомікі і фінансавых плыняў


Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць запраграмаванай адстаўку старшыні КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава:

«На базе КДБ праз заканадаўства была створана супэрсілавая структура, якая была надзелена фактычна неабмежаванымі паўнамоцтвамі. І КДБ мог рабіць у адносінах да асобы, да ўласнасьці ўсё што заўгодна. То такога можна было чакаць. Калі структуру ніхто не кантралюе, ні парлямэнт, ні грамадзтва, ні СМІ, то тады ёсьць спакуса вось гэтыя паўнамоцтвы выкарыстоўваць для таго, каб быць за межамі Канстытуцыі, для таго, каб рэалізоўваць розныя карупцыйныя схемы. І гэта прыводзіць да адстаўкі. Паглядзім,што будзе далей. Тут пытаньне ня толькі ў сьмерці супрацоўніка КДБ. Хутчэй за ўсё, ускрыліся і нейкія велізарныя праблемы, зьвязаныя з тым, што КДБ кантраляваў значную частку эканомікі, фінансавых плыняў і рэсурсаў».


Шарамет: Зайцаў ператварыў КДБ у пасьмешышча


Камэнтуючы адстаўку старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, палітычны аглядальнік з Масквы Павал Шарамет адзначыў, што Зайцаў — вельмі непрафэсійны чалавек і ўвайшоў у гісторыю як другі анэкдатычны генэрал пасьля Сухарэнкі. І нават пераплюнуў сваімі справамі Сухарэнку. Шарамет лічыць, што яго доўга цярпелі, бо ён быў блізкі да сына Лукашэнкі Віктара:

«За Зайцавым цягнецца доўгі шлейф старых спраў і падазрэньняў у нейкіх незаконных камэрцыйных апэрацыях на мяжы. Вельмі вялікая верагоднасьць таго, што Рачкоўскі, бліжэйшы сябар Віктара Лукашэнкі, узначаліць КДБ, нягледзячы на тое, што ён цяпер вялікі кіраўнік ад спорту. Але калі браць бліжэйшае атачэньне старэйшага сына, то Рачкоўскі — самая верагодная кандыдатура. Зайцаў ператварыў КДБ у пасьмешышча. Ён рабіў бессэнсоўныя рэпрэсіі, ён рабіў гэтыя рэпрэсіі вельмі груба, абсалютна пагарджаючы нават бачнасьцю захаваньня нейкіх юрыдычных працэдур. Мала таго, што неэфэктыўны чалавек, але яшчэ і проста дурны».

Костка: Якім бы адданым Зайцаў ня быў, яго выкінула сыстэма


Падчас прэзыдэнцтва Лукашэнкі адпраўлены ў адстаўку ўжо сёмы старшыня КДБ. Леанід Мальцаў, які цяпер выконвае абавязкі старшыні КДБ, ужо займаў гэтую пасаду.

Былы вайсковы контравыведнік, падпалкоўнік КДБ у адстаўцы Валер Костка так камэнтуе гэтыя адстаўкі:

«Ніводзін з гонарам і павагай ня быў адпраўлены на пэнсію. Усіх па нейкіх нэгатыўных фармальных падставах выкідвалі з гэтай сыстэмы. Якім бы адданым Зайцаў ня быў, яго выкінула сыстэма. Бо рана ці позна кожны чалавек перад выбарам: ці парушаць закон і выконваць загад, ці выконваць закон і тады станавіцца ў супярэчнасьць з сыстэмай. Вось 10 разоў выконвалі загад, і ўсё было добра. Адзін раз недзе прамахнуліся, ня выканалі. Уступілі ў сутыкненьне з палітычнай сыстэмай, з рэжымам. І сталі непатрэбныя гэтаму рэжыму. А зараз час такі напружаны, патрэбныя людзі, якія не павінны думаць, што ім выконваць: загад ці закон. Вось так і адбылося».

Пазьняк: Тое, што Зайцава выдалілі, гэта звычайная руцінная праца гэтага рэжыму


Мы запыталіся ў Зянона Пазьняка, ці лічыць ён, што адстаўка Зайцава неяк зьвязаная з заявай лідэра КХП-БНФ, што ён мае свае крыніцы ў КДБ.

«Я думаю, што гэта — поўнае глупства. Тое, што Зайцава выдалілі, гэта звычайная руцінная праца гэтага рэжыму. Ён пастаянна мяняе сілавыя структуры, мяняе міністраў і гэтак далей — каб не зрабіць сабе небясьпеку. Гэта тыповыя паводзіны сатрапа, тыповыя паводзіны аўтарытарнага кіраўніка, тым больш, што тая інфармацыя, якую я агучыў, для рэжыму ўласна кажучы ня мае аніякага значэньня. Яны гэта ўсё ведаюць. Гэта ведае апазыцыя, гэта ведаюць усе гэтыя кандыдаты, — так што гэта поўнае глупства.

Магу толькі дадаць, што рэжым настолькі дзіравы, што адтуль — нават калі ня хочаш — інфармацыя прыходзіць Адносна гэтых грошай і гэтак далей — гэта ўсё ёсьць у інтэрнэце, пра гэта напісана, кожны выказваецца. Проста гэта трошкі журналісты паднялі шум, што Пазьняк мае сваіх інфарматараў. Гэта ўсё глупства. І ў дачыненьні да адстаўкі Зайцава, я думаю, ня мае ніякага значэньня».




Вадзім Зайцаў


Нарадзіўся ва Ўкраіне ў 1964 годзе.

Скончыў Маскоўскую вышэйшую памежную камандную вучэльню КДБ СССР (1986), Акадэмію Федэральнай памежнай службы Расеі (1997), Вайсковую акадэмію Генштабу Ўзброеных сілаў РФ (2004).

Служыў намесьнікам начальніка, начальнікам памежнай заставы. Працаваў ва ўпраўленьні аховы дзяржаўнай мяжы штабу Дзяржаўнага камітэта памежных войскаў Беларусі (1997-1998).

У 1998-2002 служыў намесьнікам начальніка атраду — начальнікам штабу, затым начальнікам Пінскага памежнага атраду.

У 2002-2008 працаваў у Дзяржаўным камітэце памежных войскаў Беларусі:

Зь ліпеня 2005 года — намесьнік старшыні ДКПВ — начальнік галоўнага ўпраўленьня, з красавіка 2007 года — першы намесьнік старшыні ДКПВ — начальнік штаба, зь верасьня 2007 — першы намесьнікам старшыні ДПК — начальнік галоўнага аператыўнага кіраваньня.

15 ліпеня 2008 г. прызначаны старшынём КДБ Рэспублікі Беларусь.


Леанід Мальцаў


Нарадзіўся 29 жніўня 1949 году ў Слонімскім раёне Гарадзенскай вобласьці.

У 1967 годзе скончыў Менскую сувораўскую вайсковую вучэльню. А ў 1971 годзе — Кіеўскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню. У1979 годзе — Вайсковую акадэмію імя Фрунзэ. У 1992 годзе — Вайсковую акадэмію Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў.

Камандаваў узводам, ротай, батальёнам у Групе савецкіх войскаў у Нямеччыне.

Праходзіў службу ў Далёкаўсходняй ваеннай акрузе на пасадах ад намесьніка камандзіра мотастралковага палка да камандзіра мотастралковай дывізіі.

Службу ва Ўзброеных сілах Беларусі Мальцаў пачаў на пасадзе камандзіра 28-га армейскага корпуса. Затым быў начальнікам Галоўнага штаба Ўзброеных сілаў — першым намесьнікам міністра абароны.

Першы раз на пасаду міністра абароны быў прызначаны ўказам Лукашэнкі 10 кастрычніка 1995 году.

1 лістападзе 1996 году — вызвалены ад пасады за «паводзіны, якія дыскрэдытуюць вайсковае званьне афіцэра (зьяўленьне ў грамадскім месцы ў нецьвярозым стане)».

У 1997-2000 гадах Мальцаў быў першым намесьнікам начальніка Штаба па каардынацыі ваеннага супрацоўніцтва краінаў СНД (Масква).

У Беларусь вярнуўся на пасаду намесьніка дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі (лістапад 2000 году).

Другі раз міністрам абароны быў прызначаны 28 сакавіка 2001 году.

4 сьнежня 2009 году вызвалены ад пасады міністра абароны, прызначаны дзяржаўным сакратаром Савету бясьпекі Рэспублікі Беларусь.