Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што краіна гатовая пераарыентаваць свой транзыт з партоў краінаў Балтыі ў парты Ленінградзкай вобласьці Расеі.
«Ня буду хаваць, мы вельмі сур’ёзна абмяркоўвалі гэтую тэму на апошняй сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Уладзіміравічам Пуціным. Мы прынялі прынцыповае рашэньне па пераарыентацыі вялікіх аб’ёмаў грузаў, у тым ліку калійных угнаеньняў і іншых грузаў, з партоў балтыйскіх дзяржаў на вашыя парты», — заявіў Лукашэнка на сустрэчы з губэрнатарам Ленінградзкай вобласьці Аляксандрам Дразьдзенкам.
Лукашэнка сказаў, што «нам трэба вельмі сур’ёзна прапрацаваць гэтую праблему, тэматыку». Ён адзначыў, што Пуцін падтрымаў гэтую ідэю: «Яшчэ раз падкрэсьлю: мы з прэзыдэнтам Расеі дамовіліся, што будзем рэалізоўваць гэтую праграму».
«Праз нашы парты мы гатовыя перавальваць і тэхніку, і мінэральныя ўгнаеньні, і нафтапрадукты, і многае іншае», — у сваю чаргу заявіў губэрнатар Ленінградзкай вобласьці Аляксандар Дразьдзенка.
Балкунец: «Беларусь можа выбіраць паміж Балтыяй і Расеяй»
Палітоляг Зьміцер Балкунец лічыць, што ў сытуацыі з транзытам Беларусь знаходзіцца ў лепшым становішчы параўнальна і з Расеяй і з краінамі Балтыі:
«Тут у Беларусі паяўляецца выбар — карыстацца балтыйскімі партамі альбо расейскімі. І, можа, нават не столькі палітычны, колькі эканамічны. Тут паяўляецца канкурэнцыя. І я думаю, што Беларусь тут павінна выбіраць, спрабаваць на гэтым гуляць і зарабляць для сябе аптымальныя бонусы.
Калі Беларусь заяўляе пра пераарыентацыю на ленінградзкія парты, то краіны Балтыі, зь улікам прыбыткаў, якія яны маюць цяпер, могуць даць большую скідку. І тады Беларусь заяўляе Расеі: нам далі скідку балтыйцы і мы хочам працягваць працаваць там. У Беларусі зараз вельмі добрая пазыцыя — яна можа гандлявацца, выбіраць. І я думаю, што Аляксандар Лукашэнка гэтым лёгка скарыстаецца».
Марголін: «Тут усё разам: і палітыка, і эканоміка»
«Бо адназначна — перавалка грузаў праз балтыйскія парты таньнейшая параўнальна зь ленінградзкімі. Але я думаю, што Лукашэнка будзе настойваць на тым, каб расейская чыгунка давала беларусам спэцыяльныя зьніжкі на перавозку гэтых грузаў. Ці пойдзе на такі варыянт Расея? Магчыма, што калі аб’ём грузаў будзе па-сапраўднаму вялікі, то расейцам будзе выгадна нават даваць нейкія ільготы.
Аднак я думаю, што гэта найперш вынік палітычнага ціску Расеі на Беларусь. Расейскія парты не загружаныя цалкам. І для іх гэты варыянт важны.
Наагул, нельга, мне падаецца, разглядаць гэта ў адрыве ад іншых аспэктаў беларуска-расейскіх дачыненьняў. Магчыма, гэта адзін з хадоў у гульні з нафтай, калі вызначаюцца аб’ёмы яе экспарту ў Беларусь на чацьвёрты квартал 2012 году і на год 2013. Тут ідзе гульня пад дываном. Мы яе ня бачым — а яна ідзе. Два бакі даюць свае прапановы, каб выпрацаваць нейкі балянс».
Прэйгерман: «Магчыма, гэта камэрцыйны шантаж на два фронты»
«Там былі разьлікі. І яны паказваюць, што „плячо“ праз Расею большае, чым праз краіны Балтыі. А гэта азначае дадатковыя для Беларусі траты на перавозку грузаў да партоў. І таму выбар тады быў зроблены на карысьць краінаў Балтыі.
Цягам гэтага году, калі ішлі размовы пра магчымыя эканамічныя санкцыі супраць Беларусі з боку Эўразьвязу, гэты сцэнар пераарыентаваньня грузапатоку разглядаўся. І Лукашэнка пра гэта шмат казаў. І міністры гэтым займаліся.
Чаму заява прагучала менавіта зараз? Магчыма, у Менск прыйшла з Расеі нейкая больш цікавая прапанова. А магчыма, гэта камэрцыйны шантаж адразу на два фронты — і на расейскі, і на балтыйскі».
Камэнтары экспэртаў — пазьней на сайце «Свабоды»