Атрошчанкаў: Чаму я паехаў зь Беларусі

Аляксандар Атрошчанкаў

Прэсавы сакратар грамадзкай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Аляксандар Атрошчанкаў на сайце charter97.org тлумачыць абставіны выезду і прычыны свайго невяртаньня ў Беларусь.

Самае складанае рашэньне ў маім жыцьці далося мне ў тых абставінах параўнальна лёгка.

Сытуацыя была такая. 3 верасьня я вяртаўся ў Менск зь міжнароднай канфэрэнцыі. Выезд за межы Беларусі мне забаронены, таму ў апошнія сем месяцаў і выяжджаў, і вяртаўся я праз Расею. Ехаў такім чынам я не ўпершыню. Таму выконваў неабходныя меры засьцярогі. Ехаў тымі відамі транспарту, дзе не патрабуецца прад’яўляць пашпарт пры куплі квітка, перад выездам зь Менску адключыў мабільны тэлефон. Тым ня менш, вяртаючыся, пры перасядцы ў Воршы выявіў за сабой сачэньне. За некалькі станцыяў да Менску ў вагон пачалі заходзіць па адным людзі ў цывільным і рассаджвацца на розныя месцы.

Вяртаючыся, пры перасядцы ў Воршы выявіў за сабой сачэньне. За некалькі станцыяў да Менску ў вагон пачалі заходзіць па адным людзі ў цывільным.
Ніякай спэцыяльнай падрыхтоўкі або шпіёнскай адукацыі я ня маю, але 13 гадоў удзелу ў апазыцыйнай, часта паўпадпольнай дзейнасьці даюць пэўны досьвед. Гэтыя навыкі дазваляюць па паводзінах і іншых прыкметах адрозьніць, хто ў дарозе спрабуе забіць час, а хто знаходзіцца «на працы».

Усьвядоміўшы небясьпеку, я ўключыў тэлефон і паведаміў сваёй жонцы, а таксама рэдактарцы сайту charter97.org Натальлі Радзінай аб тым, што, магчыма, рыхтуецца маё затрыманьне ці нейкая іншая правакацыя. Я таксама скарыстаўся ўзьніклай паўзай, каб зьнішчыць усю інфармацыю на сваім ноўтбуку і зламаць флэш-карты, якія былі ў мяне з сабой. Убачыўшы гэта, мае «пасажыры» занэрваваліся, пачалі актыўна перамігвацца, пісаць смскі, адзін зь іх нешта хутка шаптаў па тэлефоне, потым выбег зь ім у тамбур.

Па прыбыцьці ў Менск гэтыя хлопцы ўжо зусім перасталі маскавацца, амаль пашыхтаваліся і адкрыта «вялі» мяне да мэтро. Перад самым спускам на станцыю я ўбачыў, што паміж намі ўтварылася пэўная адлегласьць. Скарыстаўшыся гэтым, я заскочыў у таксі і хутка ад’ехаў адтуль. Відавочна, што ехаць дадому мне было небясьпечна, таму, зьмяніўшы пару машын, я прыняў рашэньне выехаць з краіны. Такі варыянт разьвіцьця падзеяў я прадбачыў і быў да яго ў некаторай ступені гатовы.

Умовы майго «вызваленьня» з калёніі 14 верасьня 2011 году былі такія, што я знаходзіўся пад няспынным кантролем міліцыі і спэцслужбаў. Мінімум два разы на тыдзень супрацоўнікі міліцыі ламаліся ў маю кватэру.
Абмоўлюся адразу, што ў гэтай сытуацыі для мяне самога застаецца шмат няясных момантаў. Гісторыя мела месца незадоўга да «парлямэнцкіх выбараў». Я быў адным з ініцыятараў кампаніі байкоту гэтых «выбараў», і, безумоўна, чарговы арышт на 10–15 сутак за «нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы» ня стаў бы для мяне нечаканасьцю. Але ж для гэтага можна было загадаць участковаму з парай опэраў пачакаць мяне каля пад’езду майго дому, а ня ладзіць цэлую спэцапэрацыю з залучэньнем кучы людзей і сачэньнем ад Воршы да Менску. Я ня ведаю, да якой спэцслужбы належалі гэтыя людзі, таксама незразумела, якія былі іх сапраўдныя намеры, чаму яны занэрваваліся і зьмянілі сваё паводзіны, калі я паведаміў аб тым, што можа адбыцца мой захоп. Прызнаюся, што высьвятляць гэта ў мяне не было ні найменшага жаданьня. Не выключаю таксама, што рыхтавалася нейкая акцыя запалохваньня з мэтай прымусіць мяне зьехаць з краіны, хоць прагназаваць дзеяньні людзей пры ўладзе, ап’янелых беспакаранасьцю, дастаткова цяжка.

Адважыцца на ўцёкі з краіны мяне падштурхнулі цалкам канкрэтныя абставіны, але мушу прызнацца, што я ня раз думаў пра гэта за апошні год. Умовы майго «вызваленьня» з калёніі 14 верасьня 2011 году былі такія, што я знаходзіўся пад няспынным кантролем міліцыі і спэцслужбаў. Мінімум два разы на тыдзень супрацоўнікі міліцыі ламаліся ў маю кватэру, дапытвалі суседзяў і знаёмых, абрывалі тэлефоны... За некалькі дзён да акцыяў, якія праводзяцца апазыцыяй, маю кватэру бралі практычна ў аблогу. Я па некалькі дзён ня мог выйсьці нават па прадукты.

Я выдатна ўсьведамляў, што нараджэньне сына зрабіла мяне больш уразьлівым. У крытычнай сытуацыі я, магчыма, ня змог бы праявіць належнай цьвёрдасьці.
У гэтай сытуацыі я працягваў сваю грамадзкую дзейнасьць, не пазьбягаў рэзкіх выказваньняў і заклікаў чыніць ціск на рэжым, вёў работу для аднаўленьня структур грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь», па якой пасьля 19 сьнежня 2010 году літаральна пракаціўся каток рэпрэсіяў, рабіў усё для таго, каб зьвярнуць увагу на сытуацыю з палітвязьнямі. Хоць, безумоўна, эфэктыўнасьць маёй дзейнасьці ў тых умовах пакідала жадаць лепшага. Ад шматлікіх абсалютна легальных напрамкаў дзейнасьці даводзілася адмаўляцца, бо зь Беларусі гэта было б проста немагчыма рабіць або занадта небясьпечна для людзей, залучаных у гэтую дзейнасьць.

Урэшце, калі быць зусім сумленным, не магу не сказаць таксама аб прычынах асабістага характару. Я выдатна ўсьведамляў, што нараджэньне сына зрабіла мяне больш уразьлівым. У крытычнай сытуацыі я, магчыма, ня змог бы праявіць належнай цьвёрдасьці і мог падвесьці людзей, якія мне даверыліся і якія ад мяне залежалі.

Нягледзячы на тое, што рашэньне зьехаць зь Беларусі было прынята вельмі хутка і ў экстрэмальнай сытуацыі, гэта адначасова стала адным з самых складаных рашэньняў, сумневы ў правільнасьці якога я буду адчуваць, напэўна, да канца жыцьця.

Цяпер у маім жыцьці многае зьменіцца. Мне трэба будзе асвоіць зусім іншыя мэтады дзейнасьці, чым тыя, да якіх я прывык, вывучыць шмат новага, забыцца на шмат старога, зразумець, як у гэтай новай сытуацыі я магу быць карысны сваёй краіне і сваім сябрам, якія працягваюць барацьбу ў вельмі складаных умовах.

Цяпер у маім жыцьці многае зьменіцца. Мне трэба будзе асвоіць зусім іншыя мэтады дзейнасьці...
Але я спраўлюся, таму што люблю сваю краіну. Справядлівасьць гэтых высакамоўных слоў я даказаў працаю. За свабодную будучыню сваёй краіны я актыўна змагаюся з 1999 году. За гэты час я быў выключаны з унівэрсытэту, каля 50 разоў быў затрыманы на тэрмін ад некалькіх гадзін да 15 сутак, дзясяткі разоў быў зьбіты, прайшоў праз страту сяброў, праз катаваньні ў турме КДБ, праз «зону»... Беларусь і тыя, хто за яе змагаецца, заўсёды застануцца ў маіх думках, у маім сэрцы, у маіх дзеяньнях.