Ад 3-га верасьня былы палітвязень, актывіст «Эўрапейскай Беларусі», прэс-сакратар кандыдата на прэзыдэнты Андрэя Саньнікава на выбарах 2010 году Аляксандар Атрошчанкаў знаходзіцца не ў Беларусі. Разам зь сям’ёй ён цяпер у Варшаве.
«Я зараз у Варшаве і пакуль у Беларусь не вяртаюся», — заявіў Атрошчанкаў «Свабодзе».
Карэспандэнтка: «Наколькі гэта цьвёрдае рашэньне: вы яго прынялі ўжо дакладна ці яшчэ вырашаеце, як быць далей?»
Атрошчанкаў: «Гэтае рашэньне я прыняў, калі 3 верасьня была спроба майго захопу. Спадзяюся, што змагу досыць хутка вярнуцца ў краіну. Але на гэты момант лічу, што тут зраблю больш, чым за кратамі».
Карэспандэнтка: «Гэта было імгненнае рашэньне выехаць за мяжу ў зьвязку з пагрозай арышту ці гэта загадзя прадуманая пазыцыя?»
Атрошчанкаў: «Ну вядома, я прадугледжваў такое разьвіцьцё падзеяў і пэўныя варыянты дзеяньняў у мяне былі падрыхтаваныя на такі выпадак. Але я ўсё ж спадзяваўся, што не давядзецца імі скарыстацца. Але пабачыў, што ў Беларусі няма магчымасьці для маёй працы на гэты момант».
Карэспандэнтка: «Ці вы будзеце прасіць палітычнага прытулку, або вы будзеце знаходзіцца там некаторы час як грамадзянін Беларусі? Які будзе ваш статус і як доўга вы там будзеце заставацца?»
Атрошчанкаў: «Зараз я знаходжуся тут па візе. Як далей — пытаньне тэхнічнае. Вядома, я лічу сябе грамадзянінам Беларусі і зраблю ўсё, каб як мага хутчэй вярнуцца ў краіну».
Карэспандэнтка: «Гэта значыць, што палітычнага прытулку вы прасіць не зьбіраецеся?»
Атрошчанкаў: «Пакуль ня ведаю. Паўтаруся, што гэта ўсё тэхнічныя моманты. Проста я буду глядзець, як будзе лепш для маёй працы, для маёй грамадзкай дзейнасьці».
Карэспандэнтка: «Пры якіх умовах вы можаце вярнуцца назад у краіну?»
Атрошчанкаў: «Канечне, пры пэўнай зьмене сытуацыі, пры пэўнасьці ў бясьпецы для мяне і для маёй сям’і».
Карэспандэнтка: «Гэта павінна быць бясьпека, гарантаваная цяперашняй уладай, ці пры ўмове новых палітычных раскладаў у Беларусі?»
Атрошчанкаў: «Я дастаткова сутыкаўся з нашай уладай, каб пабачыць, якія гарантыі яна дае. Канечне, яна нікому ня можа гарантаваць бясьпеку. Небясьпека паходзіць ад яе».
Карэспандэнтка: «Што вы плянуеце рабіць ці ўжо робіце ў Варшаве?»
Атрошчанкаў: «Зараз я супрацоўнічаю з рознымі арганізацыямі па розных кірунках, як у сваёй арганізацыі, так і па сваіх асабістых кантактах. Я зараз шмат раблю для таго, каб у парадку дня заставалася пытаньне палітзьняволеных і ўвогуле цікавасьць да Беларусі ў міжнародных інстанцыях, мэдыях, праваабарончых арганізацыях і гэтак далей».
Карэспандэнтка: «Якія ўмовы вашага знаходжаньня: вашая сям’я, паплечнікі ў „Эўрапейскай Беларусі“ — ці вы кантактуеце? Ці ў вас аўтаномнае знаходжаньне і аўтаномная праца?»
Атрошчанкаў: «Канечне, зараз у Варшаве шмат беларусаў, і мы кантактуем. Я атрымоўваю досыць сур’ёзную дапамогу ад маіх сяброў, якія трапілі сюды раней за мяне. Пару тыдняў таму мая жонка і мой сын далучыліся да мяне тут».
Карэспандэнтка: «Якія вашы пляны і як уяўляеце сваю бліжэйшую будучыню там, у Варшаве?»
Атрошчанкаў: «Я ня зьвязваю сваю будучыню непасрэдна з Варшавай. Я буду працаваць там, дзе буду больш карысны для сваёй краіны».
Карэспандэнтка: «Гэта азначае, што вы можаце пакінуць межы Польшчы таксама?»
Атрошчанкаў: «Так, гэта вольная краіна і выезд з Польшчы мне не забаронены, як гэта было ў выпадку зь Беларусьсю».
Карэспандэнтка: «Гэта значыць, што вы можаце апынуцца ў нейкай іншай эўрапейскай краіне?»
Атрошчанкаў: «Канечне, я гэтага не выключаю. Паўтаруся, што гэта ўсё пытаньні эфэктыўнасьці працы».
Карэспандэнтка: «Які ваш прагноз на тое, якая будзе рэакцыя ўладаў, грамадзкасьці, дэмакратычнай супольнасьці на ваш ад’езд, як гэта можа паўплываць на сытуацыю ў Беларусі?»
Атрошчанкаў: «Я б не перабольшваў вагу сваёй асобы. Ня думаю, што факт майго ад’езду нешта закране. Але, безумоўна, вельмі нэгатыўны факт, што сёньня беларускія патрыёты мусяць зьяжджаць з краіны. Як там грамадзкасьць паставіцца, я ня ведаю».
Карэспандэнтка: «З ад’ездам лідэраў „Эўрапейскай Беларусі“ — ці не азначае гэта, што такой арганізацыі больш не існуе?»
Атрошчанкаў: «Безумоўна, не. Вядома, для кожнага з нас рашэньне аб ад’езьдзе было вельмі цяжкім. Не ў апошнюю чаргу з-за нашага клопату аб „Эўрапейскай Беларусі“. Але „Эўрапейская Беларусь“ — гэта перадусім ідэя. У Беларусі застаюцца людзі, якія будуць працягваць працаваць для таго, каб Беларусь стала сапраўды эўрапейскай. Ну, а наша задача зараз — зрабіць усё, каб іх праца была лягчэйшай і менш небясьпечнай».
Атрошчанкаў дадаў, што пазьней вывез сям’ю зь Беларусі.
Даведка «Свабоды»: Аляксандар Атрошчанкаў
Нарадзіўся 22 сакавіка 1981 г. у Менску. Вучыўся на факультэце міжнародных адносін у БДУ, быў выключаны за палітычную дзейнасьць.
Вучыўся ў Вільні ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце на спэцыяльнасьці «Міжнароднае права».
У 2001–2006 гг. быў сябрам арганізацыі «Зубр», браў удзел у яе акцыях, бываў затрыманы.
10 гадоў працаваў карэспандэнтам сайту charter97.org.
Пасьля стварэньня грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» быў яе прэсавым сакратаром.
На выбарах 2010-га — прэсавы сакратар штабу Андрэя Саньнікава.
Жанаты, мае сына.
Затрыманы 20 сьнежня 2010 г. у сябе дома пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў.
Зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 2 сакавіка 2011 г. судзьдзя Фрунзенскага суду Менску Тацяна Чаркас асудзіла яго на 4 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Адбываў пакараньне ў Віцебскай калёніі «Віцьба».
Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Атрошчанкава вязьнем сумленьня.
Вызвалены 14 верасьня 2011 г.
Хто зь вязьняў Плошчы зьехаў зь Беларусі
- Аляксандар Атрошчанкаў — выехаў разам зь сям’ёй у Польшчу
- Зьміцер Бандарэнка — навучаецца па праграме Кастуся Каліноўскага ў Польшчы
- Ільля Васілевіч — зьехаў вучыцца за мяжу
- Уладзімер Кобец — зьехаў зь Беларусі
- Фёдар Мірзаянаў — зьехаў вучыцца за мяжу
- Алесь Міхалевіч — атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі
- Анатоль Паўлаў — жыве ў Маскве
- Натальля Радзіна— атрымала палітычны прытулак у Літве
- Андрэй Саньнікаў — атрымаў палітычны прытулак у Вялікай Брытаніі
- Алег Федаркевіч, Уладзімер Лобан, Яўген Сакрэт — зьехалі працаваць за мяжу, сваякі ня кажуць куды