Атлянтыда беларускага ідышу

Фота з кнігі: Lithuanian Jewish Culture (Baltos lankos: Vilnius 2010).

Наш госьць у Café Europa — прафэсар Довід Кац, амэрыканец з каранямі ў Сьвіры і Міхалішках, адзін з найбуйнейшых у сьвеце спэцыялістаў мовы ідыш, заснавальнік і шматгадовы кіраўнік Інстытуту ідышу ў Вільні, аўтар чатырох зборнікаў апавяданьняў.
Сяргей Шупа: Якое месца Беларусі ў сьвеце ідышу?

Довід Кац: Беларусь ляжыць у самым сэрцы ідышаўскай Усходняй Эўропы. Заслуга яе перад сучаснай ідышаўскай культурай у тым, што Беларусь дала нам прабацьку, заснавальніка сучаснай літаратуры на ідышы - Мэндэлэ Мойхэр-Сфорыма (сапраўднае імя - Шолэм-Янкель Абрамовіч-Бройдэ, народжаны ў Капулэ, беларускім Капылі, у 1830-х). Ён заснаваў сучасную і ідышаўскую, і іўрыцкую літаратуру. Многія іншыя нашы пісьменьнікі - Мэйшэ Кульбак, Залмэн Шнэер, Аўром Суцкевэр – усе яны паходзяць зь Беларусі.

Беларусь займае большую частку традыцыйнага абсягу паўночна-ўсходняга ідышу («літоўскага ідышу» або літвішу). Гэта сэрца Літэ – габрэйскай Літвы – якая, вядома ж , бярэ вытокі ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Ня ведаю, ці будзе цікава дадаць – я вырас у Нью Ёрку, у Брукліне, і мне былі вельмі нудныя і Бруклін, і бэйсбол, і астатнія гульні, у якія гулялі ўсе дзеці. А мой бацька – ідышаўскі паэт Мэнке Кац – расказваў мне кожны дзень пра ягоныя два маленькія мястэчкі, дзе наша сям'я жыла нейкіх 600 гадоў – Міхалішкі і Сьвір, абода цяпер у Беларусі, на самай мяжы зь Літвою.

http://www.youtube.com/embed/bdVRzvQ1-Uo

СШ: Беларусь — адзіная краіна сьвету, дзе ідыш быў афіцыйнай мовай. Які сьлед гэта пакінула ў гісторыі ідышу, літаратуры і культуры на гэтай мове?

ДК: На маю думку, статус ідышу ў раньняй савецкай Беларусі — гэта надзвычайны разьдзел у тысячагадовай гісторыі мовы ідыш, такое набліжэньне да афіцыйнага статусу — зьява надзвычай рэдкая, амаль неверагодная. З тых часоў захаваліся шматлікія падручнікі, дакумэнты і ўспаміны, вартыя дасьледаваньня. Аднак, апрача гэтага, я б не сказаў, што гэты нядоўгі афіцыйны статус меў нейкі непасрэдны ўплыў, калі не лічыць адукацыю пары пакаленьняў вучняў і карыстальнікаў савецкага ідышу. І ўсё ж, некаторыя сымбалі застаюцца незабыўнымі, як напрыклад чатырохмоўная шыльда на менскім вакзале — па-беларуску, па-расейску, па-польску і на ідышы...

СШ: Беларусь, Літва і частка Ўкраіны ўваходзілі за расейскім часам у Рысу аселасьці. Гэта адначасова тэрыторыя бытаваньня ідышу. А якія межы існавалі ўнутры Рысы аселасьці з гледзішча ідышаўскай дыялекталёгіі, этнаграфіі, культуры? Ці супадалі гэтыя межы зь межамі паміж мясцовымі народамі — літоўцамі, беларусамі, украінцамі? Дзе, скажам, у сьвеце ідышу праходзіць мяжа паміж Літвой і Беларусьсю?

ДК: Вось ужо больш за два дзесяцігодзьдзі я ўключаю ў свае дасьледніцкія анкеты пытаньне «Дзе знаходзіцца Raysen?» — гэтак у традыцыйным літвацкім ідышы называліся ўсходнія абшары габрэйскай Літвы. Калі маеш справу зь безьдзяржаўнай культурай, то можна больш свабодна апэраваць рознымі фальклёрнымі, лінгвістычнымі і культурнымі фактарамі. Самыя надзвычайныя рэакцыі былі ад тых, хто казаў мне: «Літэ (Літва) у вузкім сэнсе (у адрозьненьне ад шырокага паняцьця Літэ, якое ахапляе ўвесь паўночна-ўсходні ідыш) знаходзіцца там, дзе негабрэйскія суседзі гаварылі па-літоўску або на нейкім балцкім дыялекце; Райсн (Беларусь) пачыналася там, дзе суседзі гаварылі па-беларуску або на нейкіх славянскіх дыялектах». І, вядома ж, імя Райсн увайшло ў неадменны ідышаўскі літаратурны канон дзякуючы аднайменнай паэме Кульбака.



СШ: Вядома ж, сьмяротны ўдар ідышу нанесла другая сусьветная вайна, якая зьнішчыла фізычна яго носьбітаў. А як ідыш адчуваў сябе ў гады сталінізму, калі ў нацыянальных рэспубліках СССР вялая барацьба зь мясцовым нацыяналізмам?

ДК: Сталінскі рэжым зьнішчыў усю інфраструктуру ідышаўскай культуры, збудаваную ў 1920-х гадах, кампанія зьнішчэньня завяршылася чысткамі і забойствамі вядучых дзеячоў літаратуры і культуры з кульмінацыяй у 1937-м і пасьля вайны — у 1952-м. Тым ня менш, падчас маіх падарожжаў я выявіў, што бальшыня габрэяў, народжаных у Беларусі ў першыя паваенныя дзесяцігодздзі (ад сярэдзіны 40-х да пачатку або сярэдзіны 60-х), валодаюць ідышам у значна большай ступені, чым іх аднагодкі ў Паўночнай Амэрыцы, Брытаніі або ў Паўднёвай Афрыцы.

СШ: Ці можна сказаць, што ідыш у Беларусі ўжо памёр? Вы былі сьведкам гэтага паміраньня, вы сустракаліся з апошнімі носьбітамі ідышу ў беларускіх мястэчках...

ДК: У сэнсе багатага, паўнакроўнага даваеннага ідышу — так, апошнія яго носьбіты зьнікаюць у нас на вачах. Гэта людзі, якія дасягнулі культурнай і моўнай сталасьці да пачатку Другой сусьветнай вайны. Так, я аб’езьдзіў літвацкія землі ўздоўж і ўпоперак у пошуках апошніх магіканаў ідышу. Сёньня зь іх ужо не засталося нікога. Я спадзяюся з часам давесьці да ладу аўдыё- і відэазапісы, зробленыя за гэтыя гады.

СШ: Вось жа, ад пачатку 90-х вы аб’езьдзілі ўсю Беларусь, зьбіраючы лінгвістычныя матэрыялы. Якія ў вас уражаньні ад тагачаснай Беларусі? Ці ўзьнікалі нейкія праблемы? Ці здараліся нейкія цікавыя або незвычайныя сытуацыі?

Your browser doesn’t support HTML5

Довід Кац пра ідыш і Беларусь, ч. 2



ДК: Я падарожнічаў пачынаючы з 1990 году, калі я даведаўся, што ў мясьцінах з такімі чароўнымі ідышаўскімі назвамі, як Валожын, Дыснэ, Друе, Полацк, Лідэ, Радэн яшчэ засталося па адным-два габрэі, і я пачаў расшукваць апошніх магіканаў, пасябраваў зь імі і пачаў іх наведваць кожны год. Першыя пару гадоў мы езьдзілі ў Заходнюю Беларусь – усходнюю частку колішняй Віленскай губэрні, а пазьней мы аб'езьдзілі і Ўсходнюю Беларусь. Спадзяюся, што некаторыя сабраныя там матэрыялы ўвойдуць у наш Атляс літвацкага ідышу.

Што да прыгодаў у дарозе – так я тройчы быў затрыманы. Аднойчы ў мястэчку Жэтл – па-беларуску Дзятлаве – мы фатаграфавалі вельмі вядомы помнік габрэйскай культуры der Miteler Bes-Medreš, Сярэднюю Сынагогу (ёсьць розныя інтэрпрэтацыі назвы – не такая старая, як Старая, але старэйшая, чым Новая, або кажуць, што гэта быў сацыяльны тэрмін – не багатая і ня бедная) – карацей, нас затрымалі за тое, што мы фатаграфавалі стратэгічны аб'ект, бо цяпер там пажарная каманда, але дзьверы былі шырока расчыненыя і там стаяла сапсаваная пажарная машына. Са мной быў адзін кінарэжысэр зь Менску і ён пачаў спрачацца зь міліцыяй, а я ўсё казаў яму: «Калі ласка, не спрачайся зь імі! Тут няма пра што спрачацца!»

Другі выпадак здарыўся ў Уваравічах (Аваравіч) недалёка ад Гомелю (Гомлэ), мы фатаграфавалі і здымалі на відэа старыя габрэйскія могілкі, і раптам бачым, што нас акружыла міліцыя. Гэтым разам выкруціцца было трошкі цяжэй, і нас пратрымалі ў міліцыі тры гадзіны. Міліцыянты ніколі раней ня бачылі маленькую відэакамэру, яны бачылі толькі вельмі вялікія, а таму не паверылі, што гэта відэакамэра. Яны былі перакананыя, што гэта насамрэч была прылада для замераў радыяцыі. Праз тры гадзіны яны нас выпусьцілі, але замест прабачэньняў і пажаданьня шчасьлівай дарогі яны сказалі: «Калі ласка, больш не паказвайцеся ў нашым раёне!» І я мушу прызнацца, што я гэтай парады не паслухаў.

Трэцяя гісторыя занадта доўгая, каб сёньня яе расказваць, яна зьвязаная з адмовай выпусьціць нас назад у Літву, нібыта з-за праблемаў зь візай, што скончылася трохдзённым «арыштам» у менскім гатэлі. Але ўсе былі вельмі ветлівыя, і пасьля мы вярнуліся цэлыя і здаровыя ў Вільню.

Затое людзі ў Беларусі заўсёды былі выключна прыязнымі, шчодрымі, гасьціннымі па ўсёй Беларусі, дзе б мы ні падарожнічалі. Яны дапамагалі нам знайсьці самых цікавых старых людзей, паказвалі дзе што ёсьць, паўсюль у Беларусі мы мелі найлепшы прыём.

Бывалі і сьмешныя гісторыі. У сярэдзіне 90-х у адной з нашых экспэдыцый у Паўночную Беларусь браў удзел неверагодны Віталь Зайка. Мы знайшлі апошнюю габрэйскую пару ў мястэчку Дзісна (вельмі вядомае ў ідышаўскай літаратуры дзякуючы паэме Кульбака «Дзісенскі Чайльд-Гарольд»). Гаспадыня пачала расказваць нам пра сваю разьведзеную дачку, якая жыве ў Дзьвінску, у Латвіі (недалёка адтуль). Яна добра прыглядалася да Віталя, захаплялася ягоным цудоўным літвацкім ідышам, а пасьля вырашыла, што ён бы мог быць добрым мужам ейнай дачцэ. Дык яна ў яго спыталася, а Віталь адказаў на бездакорным ідышы: «Ober ikh bin a goy!» (Дык я ж гой!) Жанчына зайшлася сьмехам і ўрэшце абвясьціла, што чалавек з такім ідышам ніяк ня можа быць гой: «Un aza humor!» (І з такім гумарам!). «Ay vet mayn tokhter hanoe hobn fun aza humor!» (Ой, маёй дачцэ такі гумар спадабаецца!) Было проста немагчыма пераканаць яе, што ён беларус і проста вывучыў ідыш...



СШ: Што стала плёнам вашых экспэдыцый па Беларусі? Што яшчэ вы пасьпелі зрабіць за апошнія 20 гадоў?

ДК: Некалькі тысячаў гадзінаў запісу чакаюць апрацоўкі, упарадкаваньня і надзейных месцаў захаваньня ў некалькіх асобніках. Вельмі павольна, наколькі мне дазваляе жыцьцё, я выстаўляю ў інтэрнэце лінгвістычныя мапы для Атлясу паўночна-ўсходняга ідышу. Першыя трыццаць мапаў ужо можна пабачыць на маім сайце.

СШ: Ці існуе нешта такое, як літвацкі патрыятызм, ці адчувалі габрэі Беларусі і Літвы сваю повязь зь зямлёй?

ДК: Ну вядома ж. Літвацкі фальклёр поўніцца дабрадушным патрыятызмам, дзе мы «паўночнікі» супрацьпастаўляем сябе «паўднёвікам» з Польшчы, Украіны і Вугоршчыны, якіх мы называем «галіцыянэрамі» («галічанамі»). Літвакі заўсёды лічылі сваё вымаўленьне традыцыйнай гэбрайскай і арамэйскай мовы, а таксама размоўнага ідышу больш «правільным», а таксама вельмі ганарыліся багатай талмудычнай спадчынай клясычных ешываў літоўскіх мястэчак — Валожыну, Міру, Клецку. Валожын называюць «маці літоўскіх ешываў» — талмудычных акадэміяў.

СШ: Як мясцовыя габрэі бачылі іншыя народы, сярод якіх яны жылі — беларусаў, расейцаў, палякаў, цыганоў, татараў? Ці рабілі паміж імі нейкую розьніцу?

ДК: Так, гэтая розьніца бясспрэчна заўважная ў мове, фальклёры і падыходах. Адны суседзі былі гэткімі ж самымі меншасьцямі, іншыя былі большасьцю, зь некаторымі ў розныя часы і ў розных месцах былі больш блізкія дачыненьні. Часткова праблема дасьледаваньня гэтай тэмы палягае ў тым, што мясцовая мова суседзяў магла ў дакумэнтах называцца проста «рускай», што не абавязкова азначае расейскую, гэта магла быць любая славянская мова рэгіёну, але ў бальшыні выпадкаў гэта відавочна была беларуская мова. Наагул, суіснаваньне беларусаў і габрэяў насіла мірны і братэрскі характар. Сёньня гэтая тэма выходзіць на першы плян у размовах на балючую тэму Галакосту. У адрозьненьне ад шматлікіх мясцовасьцяў балцкамоўнай зоны, дзе мясцовыя нацыяналісты спрабавалі не дапусьціць сыход на Ўсход, у Расею ў першыя дні вайны ў чэрвені 1941-га, а ў дзясятках мясцовасьцяў нават самі распачалі разьню яшчэ да прыходу нацыстаў, на славянскамоўных абшарах уцёкам на Ўсход наагул ніхто не замінаў, а мясцовы ўдзел у зьверствах быў значна меншы. Вядома, гэтае абагульненьне ня можа і не павінна зацямніць факты адваротнага ў нейкіх канкрэтных месцах. Але дастаткова будзе сказаць, што габрэі і беларусы падзяляюць высакародную антынацысцкую традыцыю, асабліва што датычыць антынацысцкага падпольля і партызанскага супраціву ў лясах.

СШ: Дзе сёньня ў сьвеце яшчэ жыве ідыш наагул і беларуска-літоўскі ў прыватнасьці? Ці ёсьць у яго пэрспэктыва захавацца?

http://www.youtube.com/embed/B5cclai7N5U

ДК: Як ні сумна, сьвецкі ідышысцкі рух пацярпеў поўную паразу і ня здолеў спарадзіць новыя пакаленьні сапраўдных носьбітаў мовы, якія б ужывалі ідыш на вуліцы і ў школе. Гэта вялікая параза ідышысцкага руху. У Амэрыцы, Канадзе, Ангельшчыне, Ізраілі, Аўстраліі, Паўднёвай Афрыцы і г. д. Мы ня можам сьпіхнуць віну на Гітлера або Сталіна. Проста нічога ня выйшла.

Сёньня ёсьць сотні, а можа нават і тысячы энтузіястаў па ўсім сьвеце, існуюць ідышаўскія клюбы, дасьледуецца літаратура, але сьвецкая культура становіцца інтэлектуальна-літаратурнай забаўкай адукаваных людзей, якія шукаюць свае карані, людзей з самымі шырокімі зацікаўленьнямі, гэта ўсё дае добрыя навуковыя вынікі.

Аднак ідыш як размоўная мова займае вельмі трывалыя пазыцыі сярод «харэйдым» — ашкеназійскіх ультраартадоксаў, пераважна — але не выключна — хасідаў. Нейкіх 80-90% гэтага жывога ідышу, што праз пару гадоў будзе значыць каля мільёну носьбітаў мовы — вельмі вялікія сем’і, вельмі малыя культурныя страты на карысьць вонкавага сьвету — дык вось, 80-90% — гэта не літвацкі ідыш, а польскі, украінскі, вугорскі, паўднёвыя дыялекты, на якіх гавораць вялікія хасідзкія дынастыі — Сатмар, Бэлз, Віжніц, Гер і г. д.

Але застаецца некалькі групаў, якія захоўваюць літвацкі ідыш. Адна зь іх, як ні парадаксальна — Хабад-Любавіч, якую заснаваў Шнэер Залмэн зь Лядаў (якія я, вядома, таксама наведаў — гэта ў Беларусі, але на мяжы з Расеяй, як і самі Любавічы, што пад Віцебскам). Многія любавічысты пакінулі ідыш, але ў Краўн-Гайтс, іхнай «штаб-кватэры» ў Нью Ёрку, літвацкі ідыш трымаецца вельмі моцна.

Другая цікавая зьява — гэта ідыш ерусалімскіх ультраартадоксаў. Яшчэ ад пачатку ХІХ стагодзьдзя, калі вучні Віленскага Гаона перасяліліся ў Ерусалім, літвацкі ідыш стаў агульнай мовай усіх групаў, улучна з ворагамі Гаона хасідамі, пасьлядоўнікаў Вялікіх Майстроў з Украіны і Польшчы — усе яны гавораць на літвацкім ідышы. Дагэтуляшнія дасьледаваньні дазваляюць меркаваць, што гэта ідыш з ваколіцаў Пінску, існуе шмат падабенстваў паміж ерусалімскім і пінскім ідышам.

Довід Кац чытае фрагмэнт паэмы Мэйшэ Кульбака "Вільня":

http://www.youtube.com/embed/yMAZw0Sb1EU