Палескія песьні з Варшавы

Your browser doesn’t support HTML5

Варшаўскі самадзейны фальклёрны гурт "Зь лесу"

У Менску адбыліся канцэрт варшаўскага гурту «Зь лесу», які выконвае аўтэнтычныя песьні вёсак Пінскага і Столінскага раёнаў, а таксама прэзэнтацыя мультымэдыйнага дыска «Палесьсе — на ўскрайку багнаў» і фільму пра вёску Альманы Столінскага раёну. Унікальны праект быў рэалізаваны ў 2011–2012 гадах пры падтрымцы МЗС Польшчы.
У пошуках архаікі ў вёску Альманы Столінскага раёну, што стаіць на ўскраіне найбуйнейшага ў Эўропе балота, польскія этнографы прыяжджаюць не ўпершыню. У 30-х гадах мінулага стагодзьдзя тут працаваў выбітны дасьледчык Палесься Юзаф Абрэмбскі, у 90-х — Ганна Энгелькінг, летась і сёлета туды прыяжджала Ягна Кнітэль, этнограф і рэжысэр, у мінулым супрацоўнік «Газэты выборчай». Ягна паказала вёску самым сучасным спосабам — праз дакумэнтальны фільм, у яскравай мазаіцы архаікі і сучасных інавацыяў. Пабудаваны вакол традыцыйнага збору балотных журавінаў жыхарамі Альманаў сюжэт фільму заводзіць на Сьвятое і Праклятае азёры, раскрывае паданьні пра прыход Божай Маці, пра русалак і зьмей... Тутэйшыя людзі асвоілі балоты як сваю жыцьцёвую прастору і, як сьведчыць этнограф Ягна Кнітэль, маюць гэтулькі ж азначэньняў для багны, як эскімосы — для сьнегу.

Your browser doesn’t support HTML5

Песьня "Ору ж я" (выконваюць жыхаркі вёскі Альманы)



А яшчэ ў фільме гучаць песьні — вельмі архаічныя, але дасюль жывыя сярод мясцовых кабет і мужчын. З фальклёрных запісаў і фільму Ягні Кнітэль яны перайшлі на сцэну, ажылі ў выступе варшаўскіх дзяўчат і кабет, якія аб’ядналіся ў самадзейны гурт «Зь лесу».

Your browser doesn’t support HTML5

Гурт "Зь лесу" сьпявае палескія песьні (1)



Your browser doesn’t support HTML5

Гурт "Зь лесу" сьпявае палескія песьні (2)



Усе гэтыя польскія дзяўчаты любяць народныя песьні, украінскія і беларускія. Старэйшая ўдзельніца гурту сьпявае іх ужо 12 гадоў, распавядае Ягна Кнітэль:


Ягна Кнітэль

«Я запрасіла ў гэты праект людзей, якіх ведаю і люблю. Я ведаю, што яны цікавяцца, што яны энтузіясты, што яны добра сьпяваюць. Запрасіла таксама асобаў, якія сьпяваюць у іншых гуртах. А назва гурту „Зь лесу“ канкрэтна адносіцца да Палесься».

Спадарыня Кнітэль шмат працавала ва Ўкраіне. Да беларускай тэрыторыі далучылася пасьля таго, як выйграла конкурс МЗС Польшчы ў рамках праекту «Супольнае польска-беларускае дзеяньне».

«Беларусь была для нас такім таямнічым месцам, вельмі жаданым. Нам было вельмі цікава. Хоць мы баяліся, бо ўвогуле супрацоўнічаць зь Беларусьсю складана, бо трэба мець візы, і нікога тут мы ня ведалі. А на Ўкраіне маем сяброў, там ужо ў некалькіх вёсках нас усе ведаюць».

Аднак Ягна Кнітэль знайшла падтрымку і ў беларускіх вёсках, і сярод беларускіх навукоўцаў. Асаблівы сантымэнт у спадарыні Кнітэль — да Альманаў. Пасьля менскай прэм’еры фільму яна зноў зьбіраецца ў гэтую вёску.

«Усё, што мы робім, не залежыць ад ніякіх устаноў. Нават на паездкі ніколі мы не прасілі ні ў кога грошай. Ніхто б нам іх і ня даў, бо гэта наш уласны інтарэс. Дапамога прыйшла, толькі калі МЗС Польшчы абвясьціў праект «Супольнае польска-беларускае дзеяньне».

Беларуская публіка авацыямі сустрэла і выступ варшаўскага гурту «Зь лесу» з палескімі песьнямі, і фільм спадарыні Кнітэль «Альманы».

Гаворыць мастацтвазнаўца зь Менску Вольга Лабачэўская:

«Мне гэта падабаецца, таму што гэта вельмі натуральна. Гэта жыцьцё людзей, і камэра нам дазваляе як бы наблізіцца да гэтага жыцьця, якое далёка».

Ягна Кнітэль хоча даслаць свой фільм пра Альманы на розныя фэстывалі і прапанаваць тэлеканалам, у тымі ліку беларускім. І спадзяецца на новыя экспэдыцыі на Палесьсе, новыя фільмы і публікацыі.


Гурт "Зь лесу"


Гурт "Зь лесу"


Баба Саганіха – галоўны герой фільму "Альманы" на вокладцы дыску