Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў абверг чуткі пра тое, што ва Ўладзімера Пуціна пагоршыўся стан здароўя, і што нібыта яно стала прычынай адмены некаторых міжнародных візытаў кіраўніка дзяржавы.
У сёньняшнім інтэрвію радыёстанцыі «Коммерсант-FM» Пяскоў удакладніў, што прэзыдэнт стаў радзей езьдзіць у Маскву з Нова-Агарова, каб лішні раз не рабіць нязручнасьцяў маскоўскім аўтамабілістам. Паводле словаў прэсавага сакратара Пуціна, у графіку прэзыдэнта цяпер няма мерапрыемстваў, якія патрабуюць ягонай прысутнасьці ў Крамлі. На нядаўнім саміце АТЭС ва Ўладзівастоку журналісты зьвярнулі ўвагу на невялікую кульгавасьць прэзыдэнта Расеі. Пяскоў растлумачыў гэта тым, што ў Пуціна «абвастрылася старая спартовая траўма».