Сьвіслач: Станіславу Гусакову асудзілі да 3 сутак арышту

Станіслава Гусакова і Алесь Крот

Станіславу Гусакову прызналі вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і выкарыстаньні незарэгістраванай сымболікі. Суд пастанавіў сканфіскаваць у яе бел-чырвона-белы сьцяг.
Станіслава апавяла, што судзьдзя даволі падрабязна разглядаў ейную справу, сьведкі з боку міліцыянтаў нічога не прыдумлялі. Відавочным для яе было, што заканадаўства ўдзельнікі не парушалі, а ўшаноўвалі памяць нацыянальных герояў. У яе нават цеплілася надзея, што пакараньня ня будзе. Аднак.

Гусакова: «Усё ж давялося расчаравацца. Зразумела, што вера ў людзей павінна быць непахіснай, але часам яна ўсё ж хістаецца, як у дадзеным выпадку».

Станіславу Гусакову з суду забралі ў пастарунак даседжваць — ёй засталося менш за суткі.

Алесь Крот зьвярнуў увагу: пры разглядзе ўсіх спраў суд відавочна шукаў у іхніх дзеяньнях тое, што яны ўдзельнічалі не ў жалобных мерапрыемствах дзеля ўшанаваньня нацыянальных герояў, а праводзілі недазволены мітынг.

Крот: «Неяк дзіўнавата выглядала, калі па некалькі разоў прамаўлялі мы і сьведкі тое самае. Можа, судзьдзя хацеў такім чынам пачуць, што мы хлусім, альбо падлавіць нас на нечым і г.д.? Невядома».

Станіслава Гусакова заявіла Свабодзе, што пасьля адбыцьця пакараньня будзе абскарджваць рашэньне суда і дамагацца, каб ёй вярнулі канфіскаваны сьцяг.

Гусакову разам Алесем Кратом з Менску, Віталем Ашуркам з Бярозаўкі Лідзкага раёна і Віталем Лопасавым з Горадні затрымалі ў Сьвіслачы ў суботу 27 кастрычніка пасьля акцыі па ўшанаваньню памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.

На ўсіх склалі ў пастарунку пратаколы за ўдзел ў нібыта несанкцыянаванай акцыі і выкарыстаньні незарэгістраванай сымболікі.

Мэрапрыемствы па ўшанаваньні памяці паўстанцаў Каліноўскага традыцыйна адбываюцца ў Сьвіслачы ў апошні тыдзень кастрычніка з 1996 года. У гэты дзень, усе хто прыяжджае ў Сьвіслач, ускладаюць кветкі на магіле Віктрара Каліноўскага, да помніка Кастусю Каліноўскаму, Рамуальду Траўгуту, а таксама наведваюць фальварак Якушоўка, дзе нарадзіліся браты Каліноўскія.

Ніколі раней гэтыя жалобныя мэрапрыемствы не прыраўноваліся да несанкцыянаванай акцыі.