Затрыманьні ў Сьвіслачы на ўшанаваньні памяці братоў Каліноўскіх

Your browser doesn’t support HTML5

Трох хлопцаў і адну дзяўчыну затрымалі падчас грамадзкай акцыі па ўшанаваньні памяці Каліноўскіх і адзначэньні ўгодкаў паўстаньня 1863 году ў Сьвіслачы Гарадзенскай вобласьці.
Пра гэта Радыё Свабода паведаміў грамадзкі актывіст Міхаіл Пашкевіч:

«Спачатку затрымалі двух хлопцаў за бел-чырвона-белыя сьцягі. А ўжо па вяртаньні з фальварку Якушоўка затрымалі Алеся Крата і Станіславу Гусакову за тое, што яны нібыта парушылі правілы правядзеньня грамадзкай акцыі. Зараз мы ўсе едзем у РУУС за імі, каб даведацца, што зь імі адбываецца».

Паводле слоў Міхаіла Пашкевіча, у акцыі прынялі ўдзел каля 30 чалавек. Сярод прамоўцаў быў былы палітвязень Сяргей Каваленка.

Акцыя ў Сьвіслачы традыцыйна адбываецца штогод з 1996 году. Некалькі гадоў таму ў Свіслачы знайшлі і аднавілі магілу старэйшага брата Кастуся Каліноўскага Віктара. Былі таксама адшуканыя падмуркі гімназіі, у якой вучыліся браты Каліноўскія і падмуркі іх фамільнай сядзібы. Удзельнікі акцыі звычайна ўскладаюць кветкі да помніка Кастусю Каліноўскаму.

Траіх затрыманых у Сьвіслачы — Алеся Крата, Станіславу Гусакову і Вітольда Ашурка — пакінулі ў РУУСе да суду, які адбудзецца ў панядзелак. На іх складзеныя пратаколы па артыкуле 23.34 адміністатыўнага кодэкса — парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Аднаго з затрыманых адпусьцілі, прозьвішча яго не вядомае.


Затрыманая ў Сьвіслачы: Лёс маёй сям’і зьвязаны з Каліноўскім

Your browser doesn’t support HTML5

Ушанаваньне памяці паўстанцаў у Сьвіслачы азмрочана затрыманьнямі



Упершыню падчас ушанаваньня памяці паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслачы, якое ладзіцца штогод з 1996 году, міліцыянты затрымалі чатырох удзельнікаў. Сьвята было азмрочана, але памяць паўстанцаў ушанавалі.

Па Сьвіслачы зь бел-чырвона-белым сьцягам


Сёлетнія ўрачыстыя мэрапрыемствы па ўшанаваньні памяці паўстанцаў 1863 году адбываліся, як і штогод, арганізавана. У Сьвіслач зьехаліся людзі з розных гарадоў. Як зазвычай, усклалі кветкі да магілы Віктара Каліноўскага на праваслаўных могілках, затым прайшлі пешкі ў цэнтар гораду і ўсклалі кветкі да помніка Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту.

Некалькі чалавек выступілі, апавялі пра гісторыю паўстаньня і пра сёньняшняе жыцьцё. Праўда, незвычайнай была ня толькі сьцюдзёная завея, але і колькасьць міліцыянтаў у цывільным, якія ні на крок не адыходзілі ад удзельнікаў мэрапрыемтва.

Прамаўляе Сяргей Каваленка


Вось каля помніка Каліноўскаму палымяна гаворыць Сяргей Каваленка. Пасьля выступу падыходжу і пытаюся, што ён адчувае тут побач з помнікам славутаму беларусу?

Каваленка: «Адчуваю вялікую радасьць, што знаходжуся на Гарадзеншчыне, што выступіў каля помніка вялікага героя — Кастуся Каліноўскага. Яшчэ хачу сказаць, што наш сьцяг у душы, а таму мы носім белыя кашулі і чырвоны гальштук, каб усе ведалі, хто мы такія».

Каля помніка Каліноўскаму


Адзін з арганізатараў, сьвіслачанін Юры Глебік, відавочна, трохі усхваляваны і заклапочаны. Цікаўлюся ў яго — ці ўсё атрымліваецца, як плянавалі?

Глебік: «Бачу новыя твары, і гэта цешыць, што маладыя людзі хочуць прыехаць туды, дзе нарадзіліся і жылі нашы героі. Гэта вельмі добры знак, які азначае, што Беларусь жыла, жыве і будзе жыць».

А вось размаўляю з маладой дзяўчынай Станіславай Гусаковай, якую пазьней затрымаюць міліцыянты і адвядуць у пастарунак. Яна кажа, што зьдзівілася, убачыўшы ў Сьвіслачы зусім побач помнік Каліноўскаму і Сталіну, называе гэта поўным абсурдам.

Гусакова: «Я вельмі ўсьцешана, што сюды трапіла, паколькі лёс маёй сям’і цесна зьвязаны з Каліноўскім. Мой прапрапрадзед быў сасланы пасьля паўстаньня, а я пасьля выбараў 2006 году навучалася па праграме Каліноўскага. І вось цяпер я вярнулася і прыехала на зямлю, дзе жыў чалавек, якому я абавязаная лёсам сваім і сваёй сям’і».

Сёнья ўвесь час з удзельнікамі мэрапрыемства знаходзіцца вуніяцкі сьвятар — айцец Андрэй. Ён маліўся на магіле Віктара Каліноўскага, асьвяціў новы крыж у Якушоўцы, разам з усімі сьпяваў Магутны Божа.

Айцец Андрэй: «Для мяне гэта вельмі важная падзея быць тут і маліцца, бо для нашае царквы Кастусь Каліноўскі хоць і не сьвяты, але наш брат у веры. Для яго Бацькаўшчына была тым, за што ён гатовы быў аддаць жыцьцё, і мяне гэта вельмі кранае, паколькі гэта якраз тое ўвасабленьне веры, да якой нас клікаў Хрыстос».

На магіле Віктара Каліноўскага


Сярод вядомых палітыкаў у Якушоўцы — Рыгор Кастусёў. Ён дзякуе арганізатарам і тым, хто прыехаў сёньня ў Сьвіслач ушанаваць памяць паўстанцаў, якія аддалі жыцьці за Беларусь. Ён заклікае ўсіх рыхтавацца да таго, каб у наступным годзе годна адзначыць 150-я ўгодкі паўстаньня. Сам абяцае, што будзе імкнуцца далучыць да гэтага дзяржаўныя ўстановы.

Кастусёў: «Каб сапраўды тыя падзеі былі гістарычнымі ня толькі для прадстаўнікоў апазыцыі, а і для прадстаўнікоў уладных структураў. Каб урэшце інфармацыю пра гэтыя падзеі данесьлі да ўсяго насельніцтва Беларусі. Каб Беларусь разам зь Літвой і Польшчай, а там гэта будзе адзначацца, далучылася да сьвяткаваньняў на міжнародным узроўні».

Ужо ў Якушоўцы стала вядома, што ў Сьвіслачы затрыманыя двое хлопцаў, якія прайшлі зь бела-чырвона белым сьцягам.

А ўжо па вяртаньні з фальварку Якушоўка затрымалі Алеся Крата і Станіславу Гусакову за тое, што яны нібыта парушылі правілы правядзеньня грамадзкай акцыі.

Станіслава Гусакова і Алесь Крот


Акцыя ў Сьвіслачы традыцыйна адбываецца штогод з 1996 году. Некалькі гадоў таму ў Свіслачы знайшлі і аднавілі магілу старэйшага брата Кастуся Каліноўскага Віктара. Былі таксама адшуканыя падмуркі гімназіі, у якой вучыліся браты Каліноўскія і падмуркі іх фамільнай сядзібы. Удзельнікі акцыі звычайна ўскладаюць кветкі да помніка Кастусю Каліноўскаму.