Адразу пасьля завяршэньня трансьляцыі па Беларускім тэлебачаньні інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі брытанскім журналістам карэспандэнт «Свабоды» запісаў меркаваньні вядомых беларускіх журналістаў, якія глядзелі гэтую перадачу.
Галко: «Вельмі многа пустых слоў»
Мікалай Галко — у мінулым галоўны рэдактар «Народнай газеты»:
«Апошнім часам так многа гэтых інтэрвію, так многа слоў. І гэта інтэрвію мала чым адрозьніваецца ад астатніх. Вельмі многа пустых слоў, няпраўды, паўпраўды і звычайнай маны. Адно і тое ж, адны і тыя ж тэрміны — пра пятую калёну, пра адмарожаных, пра тое, што мы не гатовыя да дэмакратыі… І робіцца сорамна — і за краіну, і за ўладу. За тое, што нас так зьневажаюць і лічаць, што мы ня вартыя звычайнай дэмакратыі.
Мяне зьдзівіла, што размоўца некалькі разоў рабіў камплімэнты — маўляў, у Беларусі вельмі высокі ўзровень жыцьця і вельмі разьвітая эканоміка. Я думаю, што гэта памылковы падыход. Але ён, і гэта было выразна бачна, вельмі радаваў Аляксандра Лукашэнку. Успыхваў агонь у яго вачах, і ён пачынаў гаварыць, што ён усё ведае, усіх вучыць, што ўсе зьвяртаюцца да яго па дапамогу, запрашаюць быць пасярэднікам і г. д.
Сумнае вельмі ўражаньне ад гэтага інтэрвію. І ад таго, хто задаваў пытаньні, і ад таго, хто на іх адказваў. Ня ведаю, што там надрукавана ў брытанскай газэце. Але тое, што я зараз паглядзеў, выклікае вялікі сум».
Класкоўскі: «Лукашэнку зноў зрабілі добры піяр»
«Як ні парадаксальна, але замежныя журналісты раз за разам дапамагаюць Аляксандру Лукашэнку рабіць добры піяр. Яны нібыта, зь іх гледзішча, падрыхтавалі вострыя пытаньні пра дэмакратыю, дыктатуру… Але Лукашэнка іх „расшчоўкаў“. Чаму?
Таму што замежнікі занадта паліткарэктныя. Яны не падрыхтаваныя да дэмагогіі. Яны ня ведаюць нюансаў. Яны ня ведаюць вось гэтай суцэльнай афіцыёзнай беларускай хлусьні, калі па форме адно, а па сутнасьці — зьдзек з гэтага панятку адбываецца.
А потым сам фармат інтэрвію. Гэта ж не перадвыбарчыя дэбаты. Журналісты задаюць кароткае пытаньне. А Лукашэнка разгортвае цэлую прапагандысцкую карціну. Якую, дарэчы, і відэашэрагам падмацавалі сёньня. У выніку атрымаўся добры для Лукашэнкі прапагандысцкі прадукт.
Беларускі кіраўнік зрабіў чарговы сэанс палітычнай псыхатэрапіі. І не на заходнікаў, зразумела, а на беларускую аўдыторыю».