Юбілейны канцэрт «Палацу» забаронены

Лідэр «Палацу» Алег Хаменка

Афіцыйная прычына адмен канцэрту: «паводле акалічнасьцяў, незалежных ад адміністрацыі тэатру і музыкантаў, паўсталі арганізацыйныя праблемы, у выніку якіх правядзеньне мерапрыемства стала немагчымым».
Канцэрт быў заплянаваны на 26 кастрычніка ў Тэатры беларускай драматургіі.

«Палац» рыхтаваў праграму «Песьні любові і мудрасьці» да 20-годьдзя гурта.

На канцэрце «Палац» меўся прэзэнтаваць музычную прыпавесьць «Салдат-доктар» і сьвежы студыйны альбом «Кола грукатала», паведамляе музычны рэсурс Тузін гітоў.

Лідэр гурту Алег Хаменка адмовіўся ад камэнтароў.

Даведка «Свабоды»: Чорныя сьпісы» беларускіх музыкаў


2 сакавіка 2011 году ў інтэрнэце зьявіўся сьпіс з 30 дзеячаў мастацтва і культуры і 15 калектываў, якія выказваліся ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі і патрабавалі вызваленьня палітвязьняў. Пра гэтых асобаў забаронена ўзгадваць у эфіры і на старонках дзяржаўных СМІ.

У меркаваны «чорны сьпіс» трапілі гурты «Ляпіс Трубяцкой», «Палац», «Крама», «NRM», «Нэйра Дзюбель», «Крамбамбуля», «Нака», сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч, драматург Андрэй Курэйчык, калектыў паўпадпольнага "Свабоднага тэатру «на чале зь Мікалаем Халезіным і Натальляй Калядой, пісьменьніца Вольга Іпатава, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, сябры Рады беларускай інтэлігенцыі, паэты Генадзь Бураўкін, Сяргей Законьнікаў, Анатоль Вярцінскі, мастакі Мікола Купава, Аляксей Марачкін, драматург Уладзімер Халіп, кінарэжысэры Юры Хашчавацкі і Ўладзімер Колас.

Міністэрства інфармацыі Беларусі катэгарычна абвяргае існаваньне «чорнага сьпісу» забароненых да згадваньня ў дзяржаўных СМІ дзеячоў культуры.

«Чорныя сьпісы»: прывітаньне з 2004 году

Ад лета 2004 году некаторыя беларускія гурты і выканаўцы маюць праблемы з арганізацыяй выступаў.

Прычынай адмоваў у пляцоўках стаў канцэрт, які арганізавалі дэпутаты парлямэнцкай групы «Рэспубліка» да Дня незалежнасьці й 10-годзьдзя кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ў 2004 годзе.

Акцыя адбылася 21 ліпеня 2004-га пад лёзунгам «Не — трэцяму тэрміну». Тады ў канцэрце ўдзельнічалі: «N.R.M.», «Нэйра Дзюбель», «Палац», Аляксандар Памідораў ды іншыя.

Аднак пазьней Аляксандар Лукашэнка выказаў незадаволенасьць, што такі канцэрт адбыўся.

У 2007 годзе Алег Хаменка разам з музыкамі Лявонам Вольскім, Ігарам Варашкевічам, Пітам Паўлавым і Аляксандрам Кулінковічам мелі сустрэчу ў Адміністрацыі прэзыдэнта. Тагачасны кіраўнік Галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі Алег Праляскоўскі паабяцаў зьняць забароны, а са свайго боку папрасіў музыкаў ня граць на акцыях апазыцыі.