Новыя падрабязнасьці арышту Развазжаева

Леанід Развазжаеў

Ведамства ААН у справах уцекачоў «глыбока занепакоенае» зьнікненьнем у Кіеве расейскага апазыцыянэра Леаніда Развазжаева.
У заяве, апублікаванай на сайце ўкраінскага прадстаўніцтва ведамства, гаворыцца, што Развазжаеў 19 кастрычніка прыйшоў у офіс ведамства, каб абмеркаваць магчымасьць атрыманьня палітычнага прытулку. У часе перапынку на абед ён выйшаў з офісу, і назад ужо не вярнуўся. Пры гэтым ягоныя рэчы засталіся на месцы.

Раней паплечнікі Развазжаева заявілі пра тое, што на выхадзе з будынку ён быў схоплены, як яны мяркуюць, прадстаўнікамі расейскіх спэцслужбаў, а затым вывезены ў Маскву, дзе ў нядзелю яго арыштавалі паводле абвінавачаньня ў падрыхтоўцы масавых непарадкаў. Сам Развазжаеў на выхадзе з суду пасьпеў сказаць журналістам, што яго вывезьлі з Украіны і «два дні катавалі».

Сьледчы камітэт не камэнтуе інфармацыю пра тое, што Развазжаеў быў выкрадзены ў Кіеве, і заяўляе, што ён напісаў яўку з павіннай, у якой расказвае пра падрыхтоўку масавых непарадкаў на грошы грузінскага палітыка Гіві Таргамадзэ. Паводле паведамленьняў пра катаваньне Развазжаева прызначана праверка. Аднак да арыштаванага апазыцыянэра не пушчаюць ні адвакатаў, ні дэпутата Дзярждумы Ільлю Панамарова, чыім памочнікам ён зьяўляецца.