Вольга Бабкова — пра беспрытульнасьць у беларускай літаратуры

Вольга Бабкова

Дзе шукаць прытулку для вандроўнай душы? Сьвет такі вялікі, а маленькая чалавечая істота часам ня ведае сваіх сапраўдных памераў.
Ева Вежнавец. Лялечка-балетніца-каралева-сплетніца. Апавяданьне з кнігі «Шлях дробнай сволачы»
Кнігарня «Наша Ніва». Менск, выдавец І. Логвінаў, 2008

Мне хочацца аднесьці гэты твор Евы Вежнавец да жанру беларускага магічнага рэалізму. Дзе знайшла магію? Ды паўсюль, пачынаючы ад радка «сьвет цесны, і ў ім варочаецца навальніца», ад прысутнасьці нябачнай бабы ліхой Мачанкі да нараджэньня Франціша Весяліна Здагады з дапамогай анёльскай сьлівы, заціснутай у руцэ. Магічным тут ёсьць нават згадка пра цьвёрды нясьвіскі кефір, на якім можна стаяць і не калыхацца. І назвы тутэйшых вёсак, птушак, расьлін гучаць як зачур: ключыкі, купальнік, гайчынец, начны зельбарнік, грабелькі, атрутная красаўка-шалей, сіні барэц. Усё тут спрэс сваё, пазнавальнае, але пабачанае і запісанае так, што здаецца — іншасьвет. Панурая з дзяцінства Тэрэза Змушка, абуўшы цяжкія дарожныя боты (амаль ван-гогаўскія), насунуўшы заплечнік, выбірае дарогу і свабоду, бо яшчэ раней спасьцігла ісьціну, што чалавек шчасьлівы адзін. І яшчэ: рай унутры.. .

Ня ведаю, ці перакладалася гэтае апавяданьне Евы на іншыя мовы, бо тады аматары прыгожага пісьменства ў сьвеце пабачылі б выдатны ўзор сучаснай беларускай літаратуры.


Кастусь Тарасаў. Нячутныя гукі самоты. Аповед з кнігі «Кастусь Тарасаў. Выбраныя творы»
Менск, «Кнігазбор», 2012

Патрэбны для сэрца прытулак можа адшукацца ў відзежы даўна не існуючага роднага дома, дзе прайшло дзяцінства. Памяць мае дзіўныя ўласьцівасьці вяртаць у тыя месцы і часы, дзе было так шмат радасьці, дзе жывымі былі дарагія і блізкія людзі, дзе Менск быў сваім навылёт. У пэўны момант чалавек незаўважна страчвае ўсё: сьвежыя пачуцьці, блізкіх, свой горад. Наўзамен застаюцца запозьненыя жаданьні пагаварыць без пасьпеху і змоўчваньня з тымі, якіх ужо няма, дараваць нявырашаныя пры жыцьці крыўды, сказаць неабходныя словы. Герой аўтабіяграфічнага аповеду Сурын стаўся спадчыньнікам памяці сваёй бабулі, а праз яе і ўсёй родавай памяці расьцярушанай паміж тым і гэтым сьветам сям’і. Кожны з нас мае свой уласны схарон. Так хочацца працягнуць руку Кастусю Тарасаву, бо не пасьпела зрабіць гэта пры жыцьці.. .

Прыцягваюць увагу ў разьдзеле Дадатак Аўтабіяграфічнае кароткія, шчырыя, амаль дзёньнікавыя нататкі апошніх гадоў. Сярод іх і такі: «У восем гадоў я быў гарністам у нашым вялікім двары на Маскоўскай вуліцы ў Менску. Я ў сем гадзін паднімаўся, выходзіў у двор і граў сыгнал „Пад’ём“. Гэта вельмі выдатна ў мяне
атрымоўвалася... І я не магу прыдумаць што-небудзь прыямнейшае».



Драга Янчар. Галернік. Раман
Менск, «Мастацкая літаратура», 1990. Пераклад з славенскай мовы і пасьляслоўе Івана Чароты

Славенскі пісьменьнік родам з Марыбара Драга Янчар (нар. 1948 г.) напісаў выдатны раман, а славіст Іван Чарота зрабіў яго даступным для беларускага чытача. Унікальнасьць гэтага тэксту палягае ў ягонай шматмернасьці. Яго цяжка аднесьці да тыповай гістарычнай прозы. Ён безумоўна адносіцца да інтэлектуальнай літаратуры. Прысутныя тут паэтычнасьць і магічнасьць нітуюць палатно тэксту, ператвараючы яго ў выкшталцоны твор. Ягоны аўтар нябачна прысутнічае і суправаджае свайго героя камэнтарамі на працягу ўсіх ягоных бадзяньняў у пошуках свайго прытулку, сваёй радзімы. Падарожнік, прыхадзень, туляга, чужынец Ёхан От у смутныя часы 17 стагодзьдзя блукае па горнай Крайне, княству Нейсэ, Міжземнамор’і, каб замучыць д’ябла нудоты, каб выветрыць страх, што ўеўся ў грудзі. Пакутнік за чужыя ідэі, беспрытульнік не разумее блытаніны гэтага бязладна скроенага сьвету, не разумее, што парасткі ліха носіць у самім сабе. «Дагледзець свой кашмар» яму давядзецца на галеры ў Моры Змроку, куды закіне яго бязьлітасны лёс. І тады ён, застаўшыся ўрэшце «паміж сваім небам і сваім морам, у сваім сьне», зразумее, што ў кожным галерніку глыбока сядзіць прыхаваная воля. І выкараніць яе няздольны ніхто: ані бізун, ані жорсткае мора. Ягоны кашмар назаўжды скончыцца для спакутаванага цела ў чумной яме, але ж Драга Янчар бліскуча выводзіць чытача ў апошніх радках рамана на зусім іншую прастору.
Алег Мінкін. Пенаты. Паэзія
Менск, выдавец І.Логвінаў, 2007

Я ня ведаю, дзе жывуць клясыкі. Але ёсьць кніга паэзіі Клясыка беларускай літаратуры Алега Мінкіна. Творам Мінкіна нічога не пагражае. Ані зьмена літаратурных густаў, ані нівеч. У іх нібы няма сталай прапіскі, бо іх аўтар-блукальнік ходзіць рознымі шляхамі, і дух лунае, дзе хоча, а пасьля вяртаецца ў тое самае мейсца... Матыў вяртаньня — да гліны, да Хаты, пад скляпеньні... пазнавальны ў творчасьці паэта.

...Ці на месцы стаю, ці брыду наўздагад —
Ты паўсюль гэткі самы, мой сьвеце нягеглы,
Тут, куды не павернеш, прыходзіш назад
Да дратоў, разапнутых на чырвані цэглы. ..
(«Сьцяна»)

...Як скрутна жыць: мне родны край — турма.
Забраны край — ды іншага няма...
Як звыкнуцца з аблудай і хлусьнёю?
Мне сьніцца возера, маўклівы бор,
Над цёмнаю вадою жменька зор...
Схавай мяне, о возера лясное!
(«Лясное возера»)


Сьветлая і бяздомная паэзія Алега Мінкіна. А ягоны пераклад «Крумкача» Эдгара По, зьмешчаны ў «Пенатах», заварожвае сваім рытмам і гучаньнем словаў.

А ...вольны край можа толькі сьніцца...

Янка Юхнавец. Сны на чужыне. Выбраныя творы
Менск, «Мастацкая літаратура», 1994. Укладаньне і прадмова Алеся Бяляцкага

Паэзія Юхнаўца — беларускі Космас, створаны на чужыне. Настолькі глыбінна беларускі і настолькі бязьмежны, што робіцца часам неапазнавальным для прызвычаеных да іншых памераў. Цікавым, але дзікім называлі яго эмігранты-суайчыньнікі, а ў савецкай Беларусі ўвогуле пазбавілі голасу.

...і я ваўком плятуся па чужыне,
ад болю ран не чую сваіх ног.
І толькі помніцца, што цёмнаю парою
свае радзімы кінуў я парог.
Але ж із гаю зорнага мой шлях,
мой ночны шлях асьвеціць зараз месяц.
Напэўна, ён на помач нам, тулягам,
сябе самога ліхтаром падвесіў..


* * *
...Вецер подзьмухным казаньнем,
цьвердзіў вецьцямі:
—Ад дня-да-дня
ёсьць дзесьці цішыня,
што веціцца пакутным нараканьнем, —
плач зноў аплачацца
тым самым плачам.


Бацьку

Загінуў ты.
Цішыню тваю памерлую
не растлумачу анікому.


Харошую прамову да кнігі напісаў Алесь Бяляцкі, назваўшы Янку Юхнаўца буйным беларускім паэтам, творчасьць якога нават пры ўмове запозьненага асэнсаваньня, можа зрабіць значны ўплыў на далейшае разьвіцьцё беларускай паэзіі.