Ці наступіць новы этап у дачыненьнях Беларусі і Эўразьвязу?

Your browser doesn’t support HTML5

Ці наступіць новы этап ў дачыненьнях Беларусі і Эўразьвязу?

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных выступіў з заявай пра стасункі афіцыйнага Менску з эўрапейскімі краінамі. Чаму беларускі бок настойвае на сваіх умовах размарожваньня адносін з Эўразьвязам? Чаму Менск тармозіць рэалізацыю пагадненьня аб памежным руху з Польшчай і Літвой? Якой дапамогі чакае ад Эўропы беларуская апазыцыя?
Удзельнікі: старшы аналітык зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў зь Менску і намесьнік старшыні Фонду «Свабода і дэмакратыя», былы намесьнік пасла Польшчы ў Беларусі Марэк Буцька з Варшавы.


Беларускі бок настойвае на сваіх умовах?

Валер Карбалевіч: «Заява прэсавага сакратара МЗС Беларусі Андрэя Савіных была супярэчлівая. З аднаго боку, Менск прапаноўвае Брусэлю перамовы. А зь іншага, накідае свае ўмовы, паводле якіх пытаньне дэмакратыі і правоў чалавека павінна быць вынесена за дужкі. Ці не падаецца вам, што пасьля рашэньня ЭЗ ад 15 кастрычніка — падоўжыць дзейныя санкцыі адносна беларускага рэжыму яшчэ на год — беларускае кіраўніцтва пачало паводзіць сябе сьмялей? Магчыма, яно чакала пашырэньня санкцыяў. А паколькі гэтага не адбылося, то ўбачыла нейкія пэрспэктывы размарожваньня адносін, сыгналы пра тое, што Брусэль можа саступіць. Вось і новыя закіды на адрас Швэцыі — маўляў, тая павінна выбачыцца за «плюшавы дэсант».

Дзяніс Мельянцоў: «Упэўненасьць кіраўніцтва Беларусі ў стасунках з ЭЗ тлумачыцца некалькімі фактарамі. Па-першае, беларуска-расейскія адносіны досыць спрыяльныя для афіцыйнага Менску. Бо ёсьць нафтагазавая рэнта. Крызісныя зьявы пераадоленыя, унутрыпалітычная сытуацыя стабільная. Гэта значыць, што можна максымізаваць свае прыбыткі ў перамовах з ЭЗ.

А менскія перамоўшчыкі — досыць прафэсійныя і эфэктыўныя. І яны імкнуцца выкарыстаць пэўную стомленасьць Брусэлю ад беларускага пытаньня. ЭЗ паспрабаваў выкарыстаць у дачыненьні да беларускага рэжыму некалькі тактычных падыходаў. Палітыка лібэралізацыі абрынулася падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Кропкавыя сымбалічныя санкцыі таксама сябе не апраўдваюць.

І ў шмат якіх эўрапейскіх сталіцах шукаюць новых, больш канструктыўных падыходаў да Беларусі. У Менску гэта адчуваюць. Пра гэта сьведчыць і рашэньне ЭЗ па Беларусі ад 15 кастрычніка, якое ў такім выглядзе і чакалася ў Менску. І кіраўніцтва Беларусі зразумела, што ЭЗ можна раскручваць на далейшыя саступкі».

Марэк Буцька: «Сапраўды, пасьля таго як 15 кастрычніка ЭЗ не пашырыў санкцыяў адносна Беларусі, афіцыйны Менск пасьмялеў. Другім чыньнікам, які дадаў упэўненасьці беларускаму кіраўніцтву, стала рашэньне Нобэлеўскага камітэту па прэміі міру. Лукашэнка вельмі баяўся, што гэтая прэмія будзе прысуджана Алесю Бяляцкаму.

Але я не чакаю новага дыялёгу ЭЗ зь Беларусьсю. Можа, некаторыя эўрапейскія палітыкі і хацелі б сябраваць з Лукашэнкам. Аднак прэсінг з боку грамадзкасьці ў Польшчы, Францыі, Нямеччыне не дазваляе палітыкам ісьці на зьмякчэньне пазыцыі што да Беларусі.

Думаю, проста МЗС трэба нешта рабіць, нешта заяўляць. То бок яно робіць сваю стандартную дыпляматычную працу. Нічога новага Савіных не сказаў. А патрабаваньне да Швэцыі выбачыцца за „плюшавы дэсант“ — гэта проста палітычны гумар».

Аб памежным руху Беларусі з Польшчай і Літвой

Карбалевіч: «Чаму Менск тармозіць рэалізацыю пагадненьня аб памежным руху з Польшчай і Літвой? Прычым Савіных вылучыў як працэдурна-бюракратычныя прычыны, так і палітычныя. Маўляў, кіраўніцтва Польшчы паводзіць сябе няправільна. Гэта сродак ціску на суседнія дзяржавы?»

Мельянцоў: «Тут больш палітычных чыньнікаў, чым працэдурных ці тэхнічных. Беларускія ўлады асьцерагаюцца адкрыць памежны рух. Бо яго могуць скарыстаць жыхары такіх немалых гарадоў, як Беласток, Гайнаўка, Вільня. Шмат народу будзе езьдзіць сюды-туды, супастаўляць узроўні жыцьця. І афіцыйны Менск вырашыў пайсьці больш павольным шляхам, пратэсьціраваць працу памежнага руху на прыкладзе адносін з Латвіяй. Такі рух з гэтай краінай быў запушчаны ў 2012 годзе. І калі там ня будзе значных сацыяльных эфэктаў, то памежны рух будзе запушчаны зь Літвой.

А вось ажыцьцяўленьне памежнага руху з Польшчай — пад пытаньнем. Бо з усіх краін ЭЗ Польшча найбольш раздражняе беларускае кіраўніцтва».

Буцька: «Беларускія ўлады проста баяцца памежных кантактаў грамадзян. Акрамя гэтага, Менск спрабуе ажыцьцявіць невялікую інтрыгу, зрабіць польскія ўлады закладнікамі гэтай дамовы. Цяпер рэйтынг кіраўніцтва Польшчы, прэм’ера Туска рэзка падае. І кіраўніцтву Польшчы патрэбны нейкі посьпех. І пачатак памежнага руху мог бы быць такім посьпехам. І Лукашэнка імкнецца выкарыстаць гэта, каб зьмякчыць палітыку Польшчы адносна Беларусі ў абмен на памежны рух. Я таксама ня думаю, што гэтае пагадненьне будзе рэалізаванае хутка».


Якой дапамогі чакае ад Эўропы беларуская апазыцыя?

Карбалевіч: «17 кастрычніка ў Брусэлі прадстаўнікі 12 беларускіх палітычных структур падпісалі заяву, у якой заклікалі „інстытуты Эўрапейскага Зьвязу прыкласьці максымум намаганьняў для дэмакратызацыі Беларусі“. У Брусэлі адбыліся перамовы прадстаўнікоў ЭЗ зь лідэрамі беларускай апазыцыі. Чым Эўропа можа яшчэ дапамагчы незалежнаму грамадзтву Беларусі?»

Мельянцоў: «Ва ўмовах абмежаваных магчымасьцяў уплыву ЭЗ на Беларусь, слабасьці беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці Эўропа павінна пашыраць кантакты зь беларускім грамадзтвам, а ня толькі з урадам ці апазыцыяй. Напрыклад, у сфэры адукацыі, культуры і інш. То бок праводзіць палітыку „мяккай сілы“. ЭЗ мог бы ў аднабаковым парадку спрашчаць атрыманьне візаў, зьніжаць іх кошт для беларускіх грамадзян».

Буцька: «Калі ёсьць сусед, які рэгулярна б’е сваю жонку, то ў людзей, якія жывуць побач, ёсьць тры варыянты паводзін. Можна зрабіць выгляд, што нічога не заўважаем. Але не заўважаць таго, што робіць Лукашэнка з сваім грамадзтвам, немагчыма. Можна пагаварыць з гэтым суседам, пераканаць яго паводзіць сябе цывілізавана. Можна не пазычаць яму грошай і не вітацца. Менавіта гэта цяпер робіць ЭЗ адносна Беларусі. Але адзіным нармальным выйсьцем з гэтай сытуацыі было б проста пазваць міліцыю і пакараць такога чалавека. Але на такі адзіна лягічны крок ЭЗ ня можа наважыцца.

Трэба павялічыць фінансаваньне незалежных мэдыяў, у тым ліку тых, якія вядуць перадачы з замежжа. Таксама трэба ЭЗ зрабіць адмену віз ці выдаваць бясплатныя візы для беларусаў. Трэба адкінуць гэтую жалезную заслону. Але на такі крок ЭЗ ня хоча ісьці. І трэба разьвіваць кантакты з дэмакратычнымі элітамі Беларусі».