Афіцыйны Менск чакае выбачэньняў за «мядзьведжы дэсант»

Андрэй Савіных

Беларускі бок лічыць інцыдэнт са швэдзкім самалётам злачынствам і чакае сама меней выбачэньняў ад Швэцыі.
«Паводле міжнародных законаў гэта — злачынства. Мы накіравалі адпаведны запыт аб аказаньні прававой дапамогі швэдзкім уладам і не атрымалі адказу. Сытуацыя выглядае дзіўна», — заявіў на брыфінгу прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

«У любой сытуацыі беларускі бок мае поўнае маральнае права чакаць, як мінімум, выбачэньняў. І мы будзем патрабаваць адказу на наш запыт, зроблены ў межах міжнароднага права і міжнародных працэдураў», — падкрэсьліў Савіных.

Ён прызнаў, што інцыдэнт са швэдзкім самалётам ускладніў адносіны Беларусі са Швэцыяй і часткова — з усім Эўразьвязам.

Інтэрфакс цытуе Савіных: «У сытуацыі са швэдзкім самалётам усё досыць відавочна — учынена злачынства, а ў адказ — цішыня, заходнія ўрады як вады ў рот набралі».

Як швэдзкі самалёт «бамбардаваў» Івянец і Менск

Аднаматорны самалёт са швэдзкім экіпажам і з плюшавымі мядзьведзікамі на борце перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Прыкладна паўтары гадзіны ён правёў у паветранай прасторы краіны. За гэты час ён скінуў над Івянцом і ўскраінай Менску больш за 800 цацак з надпісамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

З самага пачатку вайскоўцы і памежнікі катэгарычна абвяргалі факт незаконнага перасячэньня мяжы.

Гісторыя з «плюшавым дэсантам» атрымала шырокі грамадзкі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў боегатоўнасьці ня толькі беларускіх сродкаў СПА. Была створаная камісія прэзыдэнта, якая занялася праверкай усіх злучэньняў і воінскіх часьцей Ваенна-паветраных сіл і Войскаў паветранай абароны Беларусі.

Рэха мядзьведжых бамбардзіровак

31 ліпеня Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад пасадаў старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і Войскамі паветранай абароны Ўзброеных сіл генэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна. Падставай для звальненьня стала «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», паведаміла тады прэсавая служба Лукашэнкі.

Аб няпоўнай службовай адпаведнасьці папярэджаныя міністар абароны Юры Жадобін і начальнік Генштабу Ўзброеных сілаў — першы намесьнік міністра абароны генэрал-маёр Пётар Ціханоўскі. Абвешчана вымова дзяржсакратару Савету бясьпекі Леаніду Мальцаву і старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву.

4 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка вызваліў генэрал-маёра Аляксандра Пашукевіча ад пасады камандуючага войскамі Паўночна-заходняга апэратыўна-тактычнага камандаваньня ВПС і войскаў СПА, звольніўшы яго з вайсковай службы ў запас. На вызваленае месца прызначаны палкоўнік Ігар Дземідзенка.


За мядзьведзікамі хавалася Studio Total

Акцыю салідарнасьці зладзіла швэдзкае агенцтва Studio Total. Непасрэдна ў падрыхтоўцы палёту ўдзельнічалі Пэр Кромвэл, Томас Мазэці і Ганна Ліна Фрэй.

Беларускі КДБ выпісаў ім позвы. Але прадстаўнікі Studio Total адказалі ў тым сэнсе, што няхай кіраўнік Беларусі прыедзе ў Швэцыю, калі хоча пагаварыць зь імі.

КДБ арыштаваў журналіста Антона Сурапіна і рыэлтара Сяргея Башарымава. Іх вінавацяць паводле крымінальных артыкулаў «Саўдзел у злачынстве» і «Незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь».

Сурапін першым апублікаваў фота мядзьведзікаў на сваім сайце. А Башарымаў здаў прадстаўнікам Studio Total кватэру, калі яны наведвалі Менск.

Пазьней Сурапіна і Башарымава выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.