Чалы: УГА для Лукашэнкі – найперш палітычнае фармаваньне

Сяргей Чалы

Эканаміст Сяргей Чалы камэнтуе для «Свабоды» выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра тое, як уступленьне Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю можа адбіцца на беларуска-расейскіх дачыненьнях.
«У Лукашэнкі на самым пачатку адказу была такая тэза, што УГА — гэта, у ягоным уяўленьні, найперш палітычная арганізацыя. І таму ён так перажывае за лёс інтэграцыйных праектаў, калі Расея ўключаецца ў праекты з заходнімі краінамі. І я думаю, што для Лукашэнкі тут хутчэй палітычны момант важнейшы за эканамічны. Таму што не зусім зразумела, што азначаюць ягоныя словы „Расея ні ў якім разе не павінна кідаць Беларусь“. Бо сама Беларусь намагаецца туды ўступіць. І, напрыклад, зьніжэньне датацыяў сельскай гаспадарцы, што неабходна для ўступленьня, у нашых плянах так ці інакш знаходзіцца».