МЗС адказаў Эўразьвязу

Міністэрства замежных спраў РБ

«Сёньняшнія рашэньні Рады Эўразьвязу фактычна замарожваюць адносіны паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам на ўзроўні, які аб'ектыўна ня можа задавальняць ні адзін з бакоў», – гаворыцца ў камэнтары прэсавага сакратара МЗС Беларусі Андрэя Савіных, апублікаваным на сайце міністэрства.

15 кастрычніка Рада міністраў замежных спраў ЭЗ падоўжыла дзеяньне санкцый у дачыненьні да Беларусі да 31 кастрычніка 2013 году.

«Беларускі бок ня будзе паддавацца ціску. Мы лічым, што такая палітыка ЭЗ не сумяшчальная з добрасуседзкімі ўзаемаадносінамі. Пераадоленьне існуючых рознагалосьсяў магчымае толькі на аснове руху бакоў насустрач адзін аднаму» – заявіў Савіных.

Беларусь заклікае ЭЗ адмовіцца ад «санкцыйнага мысьленьня і ў сваю чаргу зрабіць захады па аднаўленьні атмасфэры ўзаемнага даверу».

«Беларускі бок заяўляе пра сваю прынцыповую зацікаўленасьць у канструктыўным і паважлівым дыялёгу з ЭЗ і гатовая да сумеснай працы ў гэтым напрамку», – падкрэсьліў прэсавы сакратар МЗС Беларусі.