Патрыярха Кірыла затрымаў туман

Самалёт з кіраўніком Расейскай праваслаўнай царквы (РПЦ) прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце Менск на некалькі гадзін пазьней заплянаванага часу з-за дрэннага надвор'я, перадае БелаПАН.

Як растлумачылі ў дзяжурнай службе аэрапорту, з-за шчыльнага туману ў аэрапорце не змаглі прызямліцца два самалёты – з Масквы і з Астаны. Цяпер аэрапорт працуе ў нармальным рэжыме.

Дрэннае надвор'е ўнесла зьмены ў візыт патрыярха. Так, кіраўнік РПЦ ня змог удзельнічаць ва ўрачыстым набажэнстве ў Сьвята-Пакроўскім храме Менску, узьведзеным на месцы цудоўнага зьяўленьня іконы Божай Маці, якое пачалося сёньня ў 9.30.

Аднадзённы візыт патрыярха Кірыла праходзіць на запрашэньне мітрапаліта Менскага і Слуцкага, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі Філарэта і прымеркаваны да 400-годзьдзя зьяўленьня Крупецкай іконы Божай Маці. Акрамя ўдзелу ў літургіі, якую кіраўнік РПЦ прапусьціў, ён наведае цырымонію адкрыцьця помніка сьвяцейшаму патрыярху Алексію II, усталяванага каля храма Ўсіх сьвятых, і асьвеціць месца будаўніцтва экспэрымэнтальнай школы каля Дому міласэрнасьці.

Чакаецца таксама, што кіраўнік РПЦ сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам.