Сураж «капітулюе» перад расейцамі

Your browser doesn’t support HTML5

З заканчэньнем сэзону адпачынкаў і нарыхтоўкі ўраджаю насельніцтва многіх беларускіх вёсак скарачаецца як мінімум удвая. Асабліва гэта тычыцца мясьцінаў пры вадаёмах. У апошнія гады гараджане за бесцань скупляюць вясковыя хаты, пераабсталёўваючы іх у загарадныя фазэнды зь відам на раку ці возера. А ў памежных з Расеяй рэгіёнах танную нерухомасьць масава скупляюць расейцы. Наш карэспандэнт наведаў старажытнае мястэчка Сураж на Віцебшчыне, дзе на «першай лініі» ад вады абарыгенаў ужо практычна не засталося.
Віцяблянін Валеры Банадысенка загарадны дом шукаў доўга, перабраў шмат варыянтаў. Урэшце спыніўся на Суражы. Хоць і больш за 40 кілямэтраў ад абласнога цэнтру, але варыянт таго варты: дом ня ў самым кепскім стане, а галоўнае — на крутым схіле Заходняй Дзьвіны. Кажа, што апошнім часам знайсьці нешта цікавае, ды каб яшчэ пры самай вадзе, надзвычай складана:

«Так, на суседняй вуліцы ў асноўным засталіся мясцовыя, а тут, каля ракі, практычна ўсё выкуплена гарадзкімі. Геаграфія самая розная: перадусім віцебскія, але гэтаксама зь Піцера, Пскова. На тым баку ёсьць сям’я з Мурманску, нават адкульсьці з Уралу людзі — на ўсё лета сюды прыяжджаюць, адпачываюць. Зразумела, усё, што бліжэй да вады, што на беразе, нашмат цікавейшае і нашмат даражэйшае. То бок калі дом у вёсцы будзе каштаваць адну суму, то каля вадаёму дакладна такі ж дом (а можа, нават і горшы) будзе каштаваць нашмат больш — у разы».

Ад Суража да расейскай мяжы — крыху больш за 10 кілямэтраў. Да Веліжа на Смаленшчыне — столькі ж, колькі і да Віцебску, да Пскова — як і да Менску. Таму ня дзіва, што ледзь ня кожная другая машына ў Суражы — з расейскай рэгістрацыяй. Паводле зьвестак кіраўніцтва пасялковага савету, толькі за апошні час расейцы тут набылі больш за тры дзясяткі дамоў — пры тым, што насельніцтва самога мястэчка ледзь перавышае тысячу жыхароў. А пры такіх цэнах на нерухомасьць, лічыць мой суразмоўца Валеры Банадысенка, ня выключана, што хутка мясцовы люд набудзе выразна расейскія рысы:

«Рэальныя кошты, скажам так, пачынаюцца ад 1 тысячы даляраў за стары дом,
можна набыць, груба кажучы, „куратнік“ за тысячу даляраў, але ведаю, што і тры, і пяць, і дзесяць, і пятнаццаць тысяч плацяць ...

зусім ужо развалюху. А ўжо ўсе астатнія варыянты залежаць ад стану будынка. Многія ж як робяць? Купляюць і зносяць, будуюць на старым месцы нешта новае. Таму можна набыць, груба кажучы, „куратнік“ за тысячу даляраў, але ведаю, што і тры, і пяць, і дзесяць, і пятнаццаць тысяч плацяць — усё залежыць ад дагледжанасьці дома. Але я кажу, зноў жа, пра дамы ўздоўж рэчкі. Дарэчы, і „пагарэльца“ могуць набыць таксама. Ёсьць тут у нас такі, гаспадар пакуль у роздуме — прадаваць ці не прадаваць? Праўда, пагарэлыя дамы не асабліва хочуць і набываць, гэтаксама як і месцы, дзе згарэў дом. Але думаю, што да яго проста ніхто яшчэ не дабраўся: месца ж цудоўнае на беразе. Прапануюць нармальныя грошы, дык аддасьць без пытаньняў. Я б, напрыклад, менш за 3 тысячы даляраў нават не прасіў бы — проста за саму зямлю. Хоць вяскоўцу, можа, прапануюць і тысячу, і ён пагодзіцца».

На лета Сураж, як і дзясяткі іншых узьбярэжных вёсак, пераўтвараецца ў суцэльную «шашлычную», асабліва — на выходныя. Карціна практычна адна і тая ж: пад грукат музыкі гараджане кіляграмамі паглынаюць смажанае мяса ў дваровых альтанках, пасьля чаго — масавае купаньне. Гаспадарка ў плянах ня значыцца: адно што некаторыя маюць гарод — каб не цягнуць усю правізію з гораду. А мясцовыя ў гэты час заклапочаныя іншым — зімовымі нарыхтоўкамі.

Валеры Банадысенка кажа, што пры новых парадках «абарыгены» асабліва не гаруюць — многіх выкарыстоўваюць у якасьці наёмных працаўнікоў: камусьці трэба разабраць старыя катухі вакол дома, хтосьці пачынае ўзводзіць навабуд. Прыежджыя будуць абжывацца яшчэ доўга, так што дадатковы заробак забясьпечаны:

«Ну вось гэты дом, прыкладам, купілі расейцы, з Санкт-Пецярбургу. Гэтаксама прыяжджаюць сюды, як правіла, на ўсё лета, адпачываюць. Тут таксама гарадзкія, зь Віцебску, набылі тры гады таму; адрамантавалі дом знутры, звонку, абкультурылі ўчастак — усё, прыяжджаюць, адпачываюць. А гэты дом купілі ўвогуле, па-мойму, за мільён рублёў. Праўда, там узьніклі нейкія праблемы з афармленьнем, таму з усімі непрагназаванымі выдаткамі ўрэшце абышоўся недзе ў тысячу даляраў. Калі летась валютны курс яшчэ быў адзін да трох, то ў выніку ў 3 мільёны ім стаў. Але для такога дома ў такім месцы гэта, вядома, ня грошы. То бок на рукі аддавалі ўвогуле мільён, аднак уся гэтая валакіта з дакумэнтамі, пакуль іх аднаўлялі, сёе-тое, дык урэшце нарасло».

Сураж вядомы яшчэ ад ХІ стагодзьдзя і ў сваёй гісторыі меў нашмат вышэйшы статус. Пасьля будаўніцтва ў сярэдзіне ХVI стагодзьдзя на загад вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІ абарончага замку — стаў горадам, а неўзабаве атрымаў такія ж вольнасьці і правы, як Віцебск. У 1654 годзе падчас расейска-польскай вайны быў узяты расейцамі, але ў 1667-м вернуты Вялікаму Княству Літоўскаму. Ад 1772-га — зноў у складзе Расейскай імпэрыі, пасьля чаго ён паступова зьмізарнеў да заштатнага гораду Віцебскага ўезду.