«Просім прабачэньня ў вернікаў, а Пуцін хай просіць прабачэньня ў народу»

Удзельніца расейскага панк-гурту Pussy Riot Кацярына Самуцэвіч дала інтэрвію Радыё Свабода пасьля вызваленьня з-пад варты.

Удзельніца расейскага панк-гурту Pussy Riot Кацярына Самуцэвіч дала інтэрвію Радыё Свабода пасьля вызваленьня з-пад варты.

Днямі Маскоўскі гарадскі суд замяніў ёй першапачатковае пакараньне — 2 гады пазбаўленьня волі ў калоніі агульнага рэжыму — на ўмоўны тэрмін. Прысуд астатнім удзельніцам панк-гурту — Надзеі Талаконьнікавай і Марыі Алёхінаў — пакінуты бяз зьменаў.

Прапануем урыўкі з інтэрвію (цалкам з тэкстам можна прачытаць тут).

— Ваш тата расказваў, што вы вучыліся выдатна, скончылі ВНУ, сталі праграмістам, на дзяржаўным прадпрыемстве працавалі… У які момант вы ад гэтага ўсяго вырашылі адмовіцца і займацца мастацтвам?

— Гэта паступовы працэс. Чытаеш кніжкі, займаешся самаадукацыяй, глядзіш на тое, што адбываецца вакол, і пачынаеш разумець, што нешта ня так у нашым грамадзтве, вельмі дзіўная палітыка дзяржавы. Тэлебачаньне, якое адкрыта замбуе, адкрыта дае дэзінфармацыю з нагоды падзеяў у сьвеце. Нават калі па навінах паглядзець, яны літаральна складаюцца, наогул не адпавядаюць рэчаіснасьці. І з’яўляецца крытычнае мысьленьне. Натуральна, яно выпрацоўваецца не адзін год. У нейкі момант мне захацелася памяняць лад жыцьця. Гэта называецца даўншыфтынгам, калі чалавек звальняецца, і я стала займацца сучасным мастацтвам. Сучаснае мастацтва ўтрымлівае вельмі вялікі патэнцыял крытычнага мысьленьня. Галоўны прынцып мастака: стаўся крытычна да ўсяго. Сучаснае мастацтва гэтым і прыцягвае. Я паступіла ў школу Родчанкі і пачала там вучыцца.

— Вы распрацоўвалі праграмнае забесьпячэньне для «Нерпы» і зразумелі, што поўны заняпад у нашай абаронцы…

— Так, натуральна, там былі праблемы, і было відаць, як дзяржаўная машына дрэнна спраўляецца са сваімі базавымі абавязкамі. Быццам бы абарона аб’яўляецца ў нашай краіне галоўнай стратэгіяй, пастаянна Пуцін пра гэта кажа, і пры гэтым там таксама ўсё вельмі дрэнна. Там карупцыя, і ўвесь час ідзе гэта імітацыя, што ўсё добра, а на самай справе ўсё не вельмі добра. Натуральна, гэта таксама на мяне паўплывала.

— Што б вы палічылі адэкватным пакараньнем за тое, што Надзя назвала этычнай памылкай?

— Я з нагоды этычнай памылкі неяк па-іншаму думаю. Мне не падабаецца сама пастаноўка пытаньня, што там была нейкая этычная памылка, а потым рушыла ўсьлед пакараньне. Па-мойму, быў крытычны жэст і далей была рэакцыя дзяржаўнай улады на гэты жэст. І прычым вельмі неадэкватная рэакцыя — крымінальная справа. Мне не падабаецца, калі гаворка ідзе пра тое, што хтосьці вінаваты, трэба караць, саджаць у турму. Атрымліваецца, што мы як бы апраўдваем гэта рэпрэсіўнае мысьленьне.

— Надзя адказала, што за этычную памылку не належыць іншага пакараньня, акрамя пакутаў сумленьня.

— Так.

— Вы прасілі прабачэньня ў тых, каго гэтая акцыя зачапіла.

— Такая гаворка ў судзе ў мяне была, з нагоды таго, што мы ў Храме Хрыста Збавіцеля маглі міжволі закрануць каго-небудзь з вернікаў, тады мы, натуральна, просім прабачэньня за гэта. Калі сапраўды кагосьці закранулі, мы гэтага не хацелі, гэта дакладна. Мы заўсёды аб гэтым гаворым і паўтараем кожны раз, што мы не хацелі нікога абразіць.

— Дыякан Кураеў сказаў, што, калі гэтая акцыя была супраць патрыярха Кірыла, то гэта дзіўна, таму што патрыярха там не было.

— Айцец Кураеў хітруе і робіць выгляд, што Храм Хрыста Збавіцеля не адносіцца да патрыярха Кірылу. Ён з’яўляецца сімбалем зрошчваньня верхавіны РПЦ і дзяржаўнай улады. Натуральна, гэта так, інакш мы б не выступалі.

— Вас нельга назваць атэістам?

— Большасьць абвінавачваньняў была ў тым, што гэта атэістычная акцыя, накіраваная супраць рэлігіі. Гэта зусім не так. У нас не было ўвогуле ніякіх рэлігійных матываў. Мне здаецца, не мае значэньня, хто з нас верыць, хто ня верыць, хто атэіст і г. д. Гэта не тычыцца пытаньняў рэлігіі.

— Я бачыла папрокі, што вы дрэннае сьпяваеце. Але, як мне тлумачыў Андрэй Ерафееў, прынцып у тым, што гэта можа зрабіць кожны.

— Так, шмат хто казаў: «У вас музыка нейкая дзіўная». У нас стыль панка. Сам панк узьнік як пратэст супраць гарманічнай і камэрцыйнай музыкі, дзе ўсё наладжана на тое, каб музыка была прыемная для слыху і яе можна было слухаць гадзінамі. А панк супрацьстаіць гэтаму. Так, гэта можа гучаць не вельмі прыемна для тых людзей, якія прывыклі слухаць джаз і такія гарманічныя рэчы. Сама канцэпцыя панку ўтрымоўвае ў сабе дысгармонію. З-за гэтага такі эфэкт, што мы нібыта дрэнна сьпяваем, нейкі непрыемны гук. Гэта проста так панк гучыць.

— Казалі, што раскаяньня не будзе, наадварот, павінен прасіць прабачэньня Уладзімір Пуцін.

— Так.

— А калі ён сапраўды раптам папросіць прабачэньня, як бы вы адрэагавалі?

— Пуцін павінен прасіць прабачэньня не толькі ў нас, а ва ўсіх грамадзян Расіі. Па-першае, таму што ўсе выбары відавочна не былі дэмакратычнымі. Гэта было яўнай хлусьнёй, такі спэктакль. Ён павінен прасіць прабачэньня за рэпрэсіўную палітыку, якую ён праводзіць, за аўтарытарныя, рэпрэсіўныя мэтады, якія ён цяпер пастаянна ўжывае да ўсіх грамадзян, хто хоць неяк крытыкуе яго палітыку. Напрыклад, «справа 6 мая». Перад гэтымі людзьмі тым больш трэба прасіць прабачэньня. Не толькі мы зараз з’яўляемся палітычнымі вязьнямі. Вельмі шмат іншых людзей, якія пацярпелі ад рэжыму Пуціна. Але справа ня толькі ў ім асабіста. Ён можа сысьці, вядома, але гэтая сыстэма застанецца. Справа ў тым, каб сыстэма зьмянілася.