Невядомая магіла жаўнераў Булак-Балаховіча

Дзямідаў, Ельскі раён

Калі я слухаю старых беларускіх кабет, што апавядаюць байкі пра сваіх памешчыкаў, дык кожнага разу пераконваюся, што рэвалюцыя была ў нашым краі зьявай абсалютна чужароднай. Хоць бы раз, хоць бы якім кепскім словам, хоць бы дзе ўзгадалі кепскім словам пана.
Вось і ў вёсцы Дзямідаў старая Ганна Дуда бае мілыя байкі пра магнатаў Горватаў. Гісторыі, якія паступова, пераходзячы ад пакаленьня да пакаленьня, становяцца казкамі і паданьнямі.

— Добры быў чалавек. Ён ніколі чалавека не пакрыўдзіць. Быў у іх верабейка такі, баба расказвала. Напэўна, папугайчык. Бо ён гаварыў. Яны ж колісь ня ведалі, што гэта. Дык казалі — верабейка гаварушчы. І ўсё пану расказваў. Як ён прыйдзе. Ён паазірае, што тыя слугі робляць, ды ўсё пану раскажа. Дык тыя слугі ўзялі і зашылі яму жопу. Прыйшоў пан. А той кажа: «Шыла-шыла дый зашыла». Так і прапаў той верабей. Здох. Зашылі яму жопу. А так вельмі добры быў пан.




Дзямідаў, да рэвалюцыі заможная вёска моцных гаспадароў, спаўна спазнаў рэпрэсіі. Былых дзяцей «ворагаў народа» тут хапае. Адзін зь іх — Мікола Жыгамонт.

— Памяць пра іх цудоўная. Хто працаваў, людзі жылі цудоўна. У майго дзеда было зямлі навалам. Рабілі, нікога не наймаў. А прыйшоў час, НКВД забрала. Які ён кулак? А жылі пры пану выдатна!

— А бацька не вярнуўся?

— Расстралялі, і ўсё. Была здрада перад вайною. Самых лепшых мужыкоў забралі па лініі НКВД. А праз два гады вайна.

— А вас не чапалі?

— Не. Сем’і не краналі. Матку і дзяцей. Лічыліся ворагамі. Казалі — твой мужык вораг народа.

— А ў вас у жыцьці былі праблемы нейкія? Вы сын ворага народа?

— Не. Не лічылі за людзей нас, ды і ўсё.

Ці не ад гэтай любові да пана сёньняшняя любоў да Лукашэнкі? Можа. У хаце адной старой я налічыў ажно чатыры партрэты дзейнага кіраўніка.

Ягоны партрэт красуецца сярод фатаздымкаў сыноў. І нават каля іконы на покуці ягоны вясёлы твар. І сьмех, і грэх.

— Лукашэнку павесіла.

— А навошта вы павесілі Лукашэнку?

— А ён жа мяне корміць, а ён жа мне грошы дае. А што б я рабіла сёньня без капейкі? Нас жа, старых, ня хочуць маладыя браць. Вось і начапіла карміцеля свайго.

— Такой любові я яшчэ нідзе не сустракаў.

— Пачаплю разам з сынамі. Малюся Богу ды на яго пазіраю. Каб яго Бог мілаваў.

— Калі шчыра моліцеся, то жыць ён будзе доўга.

— Хай доўга жыве. Ён таго заслужыў.

Палесьсе адрозьніваецца найперш сваёю моваю. Мясцовы краязнаўца Юра даў мне ўрок мясцовай гаворкі. Некаторыя словы гучаць зусім нечакана.

— Тут размаўляюць усе па-свойму. Тут вельмі мяккая мова. Тут вёскі, што ўкраінскія на Жытоміршчыне, што нашы тут, яны гавораць абсалютна на адной мове. Недзе ёсьць «му». У суседняй вёсцы кажуць «вуп’ем». У іх гавораць «вароўка», у нас «вяроўка». У іх гавораць не «грыбы», а «грыбу». Ня «мышы», а «мушы». Адлегласьць два кілямэтры. Пляменьнік — нябож.

— Нябож? Чаму нябож?

— Бо нябож.

Мы наведаліся ў суседняе мястэчка Галоўчыцы, дзе захаваўся парк і палац Горватаў. Захаваўся адносна добра. Дзякуючы таму, што некалі тут была школа, а зараз бальніца.

У парку ёсьць брацкая магіла.

Аформленая так, быццам тут пахаваныя салдаты Другой усясьветнай вайны. Але каля прозьвішчаў палеглых няма датаў сьмерці.

Таямніца магілы ў тым, што тут пахаваныя чырвонаармейцы 20-га году. Юры сьцьвярджае, што тут ляжаць ахвяры Палескага паходу Булака-Балаховіча.

— Гэта магіла часоў грамадзянскай вайны?

— Так. Іх перавезьлі сюды ў 20-х гадах. Тых бальшавікоў, што пабілі ў Дзямідаве. І тут іх пахавалі. Таму гадоў няма.

— Ордэн Айчыннай вайны. І такое адчуваньне, што гэта магіла часоў Другой усясьветнай.

— А гэта тыя, хто загінуў у 20-м.

Марыя Пятроўна Мацьвеенка нарадзілася падчас той вайны. Але, на жаль, нягледзячы на свой шаноўны ўзрост, ня можа помніць дэталяў таго боя.

— Як палякі наступалі, я нарадзілася. Бацька казаў — пастралялі, пастралялі ды пабеглі.

Паводле сьведчаньняў, што сабраў Юра, у Дзямідаве былі дзьве брацкія магілы. Адну перанесьлі ў панскі парк, а другая, дзе пахаваныя балахоўцы, знаходзіцца на ўскраіне вёскі пад старой грушай.

Груша і зараз стаіць. Калі пад той грушай сапраўды ёсьць магіла жаўнераў Палескага паходу, то яна дачакаецца сваёй мэмарыялізацыі.

— Там шапка вісела. Паклалі шапку. Ці іх закапалі там. Шапку павесілі. Я вялікая была. Хадзіла, гуляла. Дык яшчэ вісела шапка на карчу. Дык у нас такі быў дзед. Казаў — «Пабачыце, дзеткі, ён па шапку прыйдзе!» Вось немец і прыйшоў.

А скончым мы падарожжа ў хаце Ганны Дуды.

— А цяпер паноў на кожным кроку. Ды яшчэ і шкодныя. Ды яшчэ кожны хоча цябе ўкусіць. А тады пан адзін быў, і ён быў для ўсіх людзей добры. Па 20 капеек пан даваў за дзень. Хустку можна было купіць баваўняную. А цяпер у Дзямідаве паноў дваццаць.

— Гэта вы пра начальнічкаў?

— А пра каго ж? Усе яны, сынок, паны.

Цікава, якія байкі будуць складаць беларусы пра сёньняшніх паноў? І ці будуць увогуле?..