«Нават я свае невялікія ашчаджэньні захоўваю ў далярах»

Станіслаў Багданкевіч

Кіраўніца Нацбанку Беларусі Надзея Ермакова мяркуе, што курс беларускага рубля да даляру ЗША да канца году не перавысіць 9 тысячаў. Разам з тым, яна прызнала, што на ўнутраным рынку сфармаваўся ажыятажны попыт на валюту. Наколькі рэалістычны прагноз Ермаковай, і ад чаго залежыць яго ажыцьцяўленьне? Чаму беларусы здымаюць свае грошы з рублёвых укладаў і аддаюць іх на валютныя дэпазыты? На гэтыя пытаньні адказвае былы старшыня Нацыянальнага Банку Станіслаў Багданкевіч.

— Спадар Багданкевіч, ня так даўно вы выказалі меркаваньне, што даляр да канца году будзе каля 9 тысяч. На фоне прагнозаў іншых эканамістаў гэта выглядала даволі аптымістычна. Падзеі апошніх тыдняў не зьмянілі вашае меркаваньне?

— Не, не зьмянілі. Іншая справа, трэба разумець, што эканоміцы Беларусі патрэбна, каб паўзучая дэвальвацыя адбывалася. Бо існуе даволі вялікая інфляцыя. Можна штучна падтрымліваць паказьнікі абменнага курсу, але гэта будзе неразумна. Я спадзяюся, што нашы фінансавыя ўлады даволі разважныя і яны маглі б выходзіць на арыенцір 9 тысячаў.

Можна атрымаць дадатковую валюту разьмяшчэньнем эўрабондаў, іншых каштоўных папераў, можна прадаць дзяржаўныя актывы, магчыма, будуць атрыманыя крэдыты ад ЭўраАЗЭС. Можна нават утрымаць і меншы курс, каб паказаць 500 даляраў у сьнежні. Але гэта неразумна. Мяркую, што ў ідэале ўлады маглі б забясьпечыць у канцы году 9 тысячаў, а ў канцы наступнага году — 10 тысячаў.

— Надзея Ермакова паведаміла, што за верасень уклады насельніцтва ў беларускіх рублях скараціліся на 900 мільярдаў, а дэпазыты фізычных асобаў у замежнай валюце вырасьлі на 260 мільёнаў даляраў. Людзі здымаюць з рублёвых дэпазытаў і кладуць на валютныя. Наколькі трывожная гэтая тэндэнцыя і як яе можна спыніць?

— Я думаю, калі Нацбанк праявіць здаровы сэнс, то гэтая тэндэнцыя скароціцца. Бо сёньняшняя стаўка па рублёвых укладах вельмі выгадная. Іншая справа, што існуе глыбокі недавер насельніцтва да ўладаў. І гэты недавер заснаваны на досьведзе.

Нават я свае нешматлікія ашчаджэньні захоўваю ў далярах, а ня ў «выгаднай» беларускай валюце. Бо даляры — гэта стабільная валюта, якая не нясе прыкметных стратаў. А уклады ў рублях нават па вялікай працэнтнай стаўцы ня могуць быць стабільнымі ва ўмовах высокай інфляцыі, росту цэнаў на спажывецкім рынку, рынку транспартных паслугаў, жыльлёва-камунальных паслугаў і гэтак далей.