Стэрхі Пуціна да выраю не даляцелі

Паводле арнітолягаў, шэсьць журавоў-стэрхаў, якія рухаліся за расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным падчас яго палёту на дэльтапляне, не змаглі самастойна знайсьці дарогу на поўдзень і вярнуліся ў Оцкі біялягічны запаведнік у Разанскай вобласьці.

«Учора стэрхі разам з навукоўцамі-арнітолягамі ўжо паляцелі на самалёце назад да сябе дадому – у Разанскую вобласьць, у Оцкі дзяржаўны біялягічны запаведнік. Там птушкі і перазімуюць», – паведамілі агенцтву Інтэрфакс у цюменскім упраўленьні Распрыроднагляду.

Прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў выказаў упэўненасьць, што, нягледзячы на няўдалы пералёт, Пуцін працягне актыўна сачыць за лёсам журавоў.

Вестка аб палёце Пуціна 6 верасьня на паўвостраве Ямал выклікала шквал жартаўлівых камэнтароў у благасфэры.

http://www.youtube.com/embed/ItjdWcieeTw