Протаярэй Сяргей Лепін: патрыярх сапраўды прыяжджае

Візыт патрыярха Маскоўскага Кірыла ў Беларусь чакаецца 14 кастрычніка. Інфармацыю пра гэта пацьвердзілі ў Менскай эпархіяльнай управе.
"Ніякай сакрэтнасьці няма, і было б дзіўна, каб б патрыярх прыехаў сакрэтна. Справа ў тым, што пакуль яшчэ ня ўзгодненая праграма, бо візыт даволі кароткі, але зьмястоўны. Трэба ўзгадніць меркаваны графік з усімі яго ўдзельнікамі. І пакуль поўнага ўзгадненьня ня будзе, ніякіх анонсаў аб праграме таксама ня будзе. То бок тут няма ніякай сакрэтнасьці, тут проста ёсьць звычайныя бюракратычныя затрымкі. І зусім магчыма,што ўжо сёньня вечарам будуць гатовыя адпаведныя прэс-рэлізы", – распавёў "Свабодзе" прэс-сакратар Менскай эпархіяльнай управы протаярэй Сяргей Лепін.

Сьвятар менскага Сьвята-Пакроўскага храму прагаварыўся

Напярэдадні інтэрнэце зьявілася відэа, на якім сьвятар менскага Сьвята-Пакроўскага храму Віктар Белякоў кажа, што 14 кастрычніка патрыярх маскоўскі Кірыл адслужыць набажэнства ў гэтым храме.

"А 9-й гадзіне мы з вамі сустракаем Патрыярха Кірыла ўсяе Русі, першасьвяціцеля. З вамі тут сустракаем Патрыярха, – сказаў Белякоў. Далей Белякоў кажа, што патрыярх Кірыл "тут знаходзіцца з працоўным візытам".

http://www.youtube.com/embed/b7kB2OHKm1o

У сваім блогу на сайце "Беларускі партызан" Наталка Базылевіч, рэдактарка парталу "Царква", адзначае: "Нагодай для выбару храму магло стаць ня толькі прастольнае сьвята і ўрачыстасьці, але і блізкасьць храму да рэзыдэнцыі прэзыдэнта ў Драздах.

Блізкасьць настолькі вялікая, што калі прэзыдэнт выбраўся на галасаваньне 23 верасьня, то служба бясьпекі замуравала людзей у храме ў часе набажэнства, ніхто ня мог ні зайсьці, ні выйсьці".

Базылевіч таксама адзначае, што візыт Кірыла адбываецца ў той час, калі кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Філарэт мае вялікія праблемы са здароўем. Падрабязнасьці пазьней на нашым сайце.