Беларусь усё яшчэ хоча скарыць космас. Цяпер спадарожнікамі

Беларусь плянуе ствараць уласную вытворчасьць касьмічных спадарожнікаў, заявіў прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч.
«Мы ня будзем абмяжоўвацца толькі адным апаратам, як і дамаўляліся раней, разгледзім пытаньні, каб у Беларусі вырабляць спадарожнікі», — паведаміў Мясьніковіч на сустрэчы з намесьнікам кіраўніка Фэдэральнага касьмічнага агенцтва Расеі Анатолем Шылавым.

Мясьніковіч таксама паведаміў, што Беларусь разам з Расеяй плянуе стварыць сумесную касьмічную групоўку апаратаў.

Чакаецца, што ўжо ў канцы кастрычніка бягучага году бакі змогуць паўнавартасна працаваць у космасе з удзелам беларускага ЦКП, піша БелТА.

Як беларусы ў космас ляталі і яшчэ будуць лятаць

22 ліпеня 2012 году з касмадрому Байканур быў запушчаны беларускі спадарожнік. Тады афіцыйныя мэдыі паведамлялі, што сярод задач, якія будзе вырашаць Беларускі касьмічны апарат (БКА) — кантроль надзвычайных сытуацый, абнаўленьне мапаў, маніторынг навакольнага асяродзьдзя.

4 ліпеня амбасадар Вэнэсуэлы ў РБ Амэрыка Дыяс Нуньес паведаміў журналістам, што Беларусь будзе будаваць у Вэнэсуэле касьмічную базу для запуску штучных спадарожнікаў.

«Беларусь будзе ўдзельнічаць у будаўніцтве касьмічнай базы ў штаце Арагуа ў Вэнэсуэле. Будаўніцтва гэтай базы заплянаванае не для запуску ядзерных ракетаў, а для запуску навукова-дасьледчых спадарожнікаў, — сказаў тады дыплямат. — Цяпер спадарожнікі вырабляюцца ў Кітаі, але ўжо дасягнута дамоўленасьць, што яны будуць зьбірацца на тэрыторыі Вэнэсуэлы».

Першую БелКА (абрэвіятура ад «Беларускі касьмічны апарат») спрабавалі запусьціць 26 ліпеня 2006 году з Байкануру, але ракета-носьбіт «Днепр» пацярпела аварыю.

Першая «БелКА» праляцела ўсяго 73 сэкунды. На ўзьлёце рухавікі аварыйна адключыліся. Фрагмэнты ракеты са спадарожнікам упалі на поўдні Казахстану.