У Нідэрляндах патрабуюць, каб Любові Кавалёвай выдалі цела яе сына

Любоў Кавалёва

4 кастрычніка ў некалькіх гарадах Нідэрляндаў адначасова адбыўся флэш-моб у падтрымку Любові Кавалёвай, якая патрабуе вярнуць ёй цела расстралянага сына.
Раніцай на чыгуначных станцыях і станцыях мэтро ў пяці гарадах Галяндыі адначасова зьявіліся мяхі для трупаў з жывымі целамі ўнутры. Флэш-мобы працягваліся ад 10 да 30 хвілін і былі арганізаваны ў гадзіну пік, калі галяндцы накіроўваліся на працу.

Флэш-моб быў часткай новай кампаніі Любові Кавалёвай сумесна зь Беларускім свабодным тэатрам «Вярніце цела» («Give the Body Back»).

Акцыя была арганізавана напярэдадні міжнароднай прэм’еры новага спэктаклю «Тrash Cuisine» Беларускага свабоднага тэатра, якая пройдзе заўтра ў Каралеўскім тэатры ў Амстэрдаме ў межах фэстывалю «Уяўляючы Эўропу» («Imagining Europe»), арганізаваным Эўрапейскім Культурным Фондам, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».





Сьмяротны прысуд Уладзіславу Кавалёву і Дзьмітрыю Канавалаву Вярхоўны суд вынес 30 лістапада летась.

Іх прызналі вінаватымі ў шэрагу выбухаў, у тым ліку на станцыі мэтро «Кастрычніцкая».

7 сьнежня Ўладзіслаў Кавалёў падаў прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Прашэньне задаволена не было.

17 сакавіка сваякам Уладзіслава Кавалёва паведамілі, што прысуд прывялі ў выкананьне.