Падчас сустрэчы зь міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка зноў загаварыў пра неабходнасьць рэфармаваньня міліцыі, найперш празь яе скарачэньне. Што пра магчымасьць такой рэформы кажуць былыя «сілавікі»?
Каго можна скараціць у міліцыі бяз шкоды для сыстэмы барацьбы са злачыннасьцю і аховы правапарадку? Паводле маёра міліцыі ў адстаўцы Сяргея Парсюкевіча, у сярэдзіне 90-х гадоў, калі ён прыйшоў служыць у віцебскую міліцыю, крымінальная абстаноўка была больш напружаная, а супрацоўнікаў міліцыі — у паўтара раза менш. «Мы напружваліся, але спраўляліся», — кажа Сяргей Парсюкевіч. Былы міліцыянт перакананы, што можна значна скараціць патрульна-паставую службу, але спачатку трэба перасадзіць патрульных на аўтамабілі. Каб езьдзілі парамі, а не хадзілі ўтрох-чатырох па вуліцах. Але гэта запатрабуе вялікіх фінансавых укладаньняў. Між тым Лукашэнка, паводле Сяргея Парсюкевіча, зараз хоча зэканоміць грошы на міліцыі, якую сам жа і павялічыў да велізарных памераў.
«Наколькі я разумею, такі штат супрацоўнікаў, як зараз, разьдзьмуты толькі дзеля таго, каб у выпадку масавых акцыяў стварыць перавагу сіл. У чым мы, дарэчы, шмат разоў пераконваліся. Другое — занадта шмат кіроўнага складу. Прыкладам, штат абласной управы ў Віцебску набліжаецца да агульнага складу абласных раённых упраў. То бок кіраўнікоў стала столькі ж, колькі працуе ўнізе. Дзеля чаго гэтак? Незразумела. Усё роўна асноўную працу робяць тыя, хто ўнізе. Узяць тую ж ДАІ. Нашто іх столькі? Нашто яны стаяць за кожным рогам? Можна ж закупіць 100 відэакамэр, усталяваць іх на вуліцах нашага Віцебску, два супрацоўнікі будуць за імі назіраць, і можна штат ДАІ скарачаць ў 5 разоў».
Былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак мяркуе, што ДАІ можна ўвогуле вывесьці з падпарадкаваньня МУС у асобную службу. Варта перавесьці ў падпарадкаваньне Мін’юсту пэнітэнцыярную сыстэму, а таксама ўправу грамадзянства і міграцыі, кажа Алег Воўчак. Паводле яго, у міліцыі павінен заставацца толькі крымінальны блёк і ахова грамадзкага парадку, а само Міністэрства ўнутраных спраў мусіць ператварыцца ў аналітычны орган, дзе ў асноўным будуць працаваць цывільныя адмыслоўцы. Да рэфармаваньня МУС добра б было далучыць кансультантаў з Эўропы — але, заўважае Алег Воўчак, пасьля скандалу з супрацоўніцтвам нямецкай паліцыі і беларускай міліцыі на такія кансультацыі спадзявацца не даводзіцца. З тым, што рэфармаваньне ўсяго дзяржаўнага апарату насьпела, Алег Воўчак згодны:
«Невыпадкова пра рэфармаваньне загаварылі адразу пасьля выбараў. Улада ўбачыла, што давер да яе падае, аўтарытэту няма, сытуацыя вельмі сур’ёзная. Трэба нешта рабіць, нешта зьмяняць, як кажуць, патрэбная перазагрузка. А ці атрымаецца? Ва ўсякім разе, без удзелу грамадзтва, без уліку рэалій жыцьця не абысьціся».
Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў на просьбу пракамэнтаваць словы Аляксандра Лукашэнкі пра рэфармаваньне МУС заўважыў, што не пачуў з вуснаў кіраўніка дзяржавы ўцямнага праекту рэформы. Адносна прапановы павысіць уладу ўчастковых Мікалай Казлоў заўважае, што ўлады у іх дастаткова, але часта завялікія ўчасткі, шмат дзе некамплект, і гэта найперш стварае праблемы ў забесьпячэньні грамадзкага парадку. «Ужо не ўпершыню, калі кажуць пра рэформу, то чамусьці даходзіць да скарачэньня і ўцісканьня аддзелаў крымінальнага вышуку, участковых ці ДАІ. Хоць іх найперш трэба падтрымліваць, бо гэта касьцяк міліцыі», — кажа Мікалай Казлоў:
«Ня ведаю, каго яны будуць аптымізаваць? Я найбольш кампэтэнтны ў крымінальным вышуку, бо там працаваў. Там сярэдняе зьвяно вымываецца. Людзі, хто скончыў Акадэмію міліцыі і адпрацаваў патрэбны час, усе думаюць, куды сысьці, і сыходзяць. Ім на зьмену прыходзяць абсалютна непадрыхтаваныя, каму і вучыцца няма ў каго. Сытуацыя ўжо вельмі складаная. Трэба яе трымаць, але з такімі заявамі, якія прагучалі, ня ведаю, як гэта магчыма. Бо ніхто ня кажа пра АМАП, ніхто ня кажа пра брыгады ўнутраных войскаў — пра іх скарачэньне. Хоць мне падаецца, што вось асноўнае, куды ідуць усе сродкі. І там сканцэнтраваная асноўная колькасьць людзей».