Палітычны землятрус у Грузіі: выбары і іх наступствы

Міжнародны друк актыўна абмяркоўвае вынікі ўчорашніх парлямэнцкіх выбараў у Грузіі, на якіх апазыцыя дасягнула істотнага посьпеху.
The Wall Street Journal

Гледзячы па ўсім, у выніку парлямэнцкіх выбараў пазыцыі прэзыдэнта Саакашвілі саслабнуць. Выбары, якія адбыліся ўчора ў Грузіі, лічацца лякмусавай паперкай для заходніх мадэляў дзяржаўнага кіраваньня на тэрыторыі былога СССР.

Папярэднія вынікі выбараў спараджаюць новыя сумневы ў трываласьці палітычнай спадчыны Саакашвілі. На Захадзе ягоны ўрад усхваляюць як сьветач рэформаў у рэгіёне, дзе дамінуюць аўтакраты, але ў Грузіі апанэнты абвінавачваюць самога Саакашвілі ў аўтарытарных тэндэнцыях.

Страта парлямэнту будзе азначаць фактычнае завяршэньне палітычнай кар’еры 44-гадовага Саакашвілі. Паводле апанэнтаў, Саакашвілі меў намер стаць прэм’ер-міністрам, аднак у расколатым парлямэнце гэта наўрад ці магчыма. Пост прэм’ера нават можа атрымаць Бідзіна Іванішвілі, галоўны супернік дзейнага прэзыдэнта.

Імідж прэзыдэнта моцна сапсаваўся пасьля абнародаваньня шакавальных відэазапісаў, дзе паказаныя зьдзекі ў турме над вязьнямі. Скандал зрабіў відавочнай лінію расколу ў грузінскім грамадзтве.

The Times

Грузінскі мільярдэр Бідзіна Іванішвілі, падобна, знаходзіцца на валасок ад улады.
«Мы хочам зьмены рэжыму цяпер, — сказаў карэспандэнту выданьня Георгій Малкадзэ, школьны настаўнік, які выйшаў на плошчу Свабоды ў Тбілісі ў шэрагу іншых прыхільнікаў «Грузінскай мары». — Мы хочам «каўкаскай вясны».

Калі «Грузінская мара» здолее зрынуць урад, гэта будзе самым вялікім узрушэньнем у нацыянальнай палітыцы з тых часоў, як Саакашвілі ўзначаліў "рэвалюцыю ружаў«супраць Эдуарда Шэварнадзэ ў 2003 годзе. Іванішвілі, самы багаты чалавек у Грузіі, абяцаў у выпадку перамогі больш шчыльна супрацоўнічаць з Крамлём.

Die Welt

Апазыцыйная «Грузінская мара» вырвалася наперад адразу пасьля пачатку падліку галасоў. Ужо увечары 1 кастрычніка партыя мільярдэра Бідзіна Іванішвілі лічыла сябе пераможцам.

У людзей на вуліцах Тбілісі такі настрой, нібыта Грузія выйграла чэмпіянат сьвету па футболе. Гудуць аўтамабілі, паўсюль лунаюць сьцягі з нумарам партыі ў выбарчых бюлетэнях, паўсюль сьцягі ЭЗ і НАТО — празаходні курс будзе працягнуты і ў выпадку перамогі апазыцыі. Сьвятары Грузінскай праваслаўнай царквы таксама выказваюць сваю салідарнасьць з апазыцыяй — на трыбуне сьвятар кажа пра тое, што зь перамогай Іванішвілі для Грузіі пачнецца новая эра.

Прэсавы сакратар кіруючай партыі выклікала буру незадаволенасьці, калі заявіла па тэлебачаньні, «Адзіны нацыянальны рух» Саакашвілі захавае ў парлямэнце стабільную большасьць, бо ў экзіт-полах гаворка ідзе толькі пра палову дэпутацкага корпусу, якая абіраецца па партыйных сьпісах.

Прэзыдэнт Саакашвілі, выступіўшы ў панядзелак увечары з тэлезваротам, часткова прызнаў перамогу апазыцыі: ён сказаў, што «ў сталіцы перамагла апазыцыя, а ў рэгіёнах кіруючая партыя». «Аднак гэта ня значыць, што мы будзем падзяляць Тбілісі і рэгіёны, — заявіў прэзыдэнт -. Мы ўсе грузіны і павінны супрацоўнічаць, нягледзячы на тое, што перадвыбарчая кампанія праходзіла напружана, эмацыйна і часам брудна Мы павінны пакінуць усё гэта ў мінулым».

Le Figaro

Прэзыдэнт Грузіі недаацаніў моц свайго суперніка і наступстваў скандалаў з катаваньнямі ў турмах. «Адзіны нацыянальны рух» моцна прайграе ў Тбілісі, але можа перамагчы ў рэгіёнах і атрымаць дастатковую колькасьць месцаў у парлямэнце, каб выйграць выбары. Між тым прыхільнікі апазыцыйнай кааліцыі «Грузінская мара», не чакаючы канчатковых вынікаў, сабраліся на плошчы Свабоды ў Тбілісі і ў многіх гарадах краіны, каб адзначыць тое, што яны з гэтага часу разглядаюць як перамогу.

Учора перад выбарчымі ўчасткамі была відавочная надзвычайная палярызацыя грамадзтва. «Я б хацела жыць у лепшай краіне, у краіне, дзе прагрэс, у тым ліку ў галіне аховы здароўя і адукацыі, быў бы даступны ўсім, а ня толькі людзям, якія прысвоілі ўладу», — сказала 63-гадовая Этэры, былы бугальтар. У Вакэ 30-гадовы бізнэсовец Георгі палічыў за лепшае прагаласаваць за кааліцыю Міхаіла Саакашвілі, «заснавальніка грузінскай дэмакратыі», чым аддаваць голас за «апазыцыйных злодзеяў, якія фінансуюцца Масквой». Аднак у гэтым горадзе, вядомым сваёй прыхільнасьцю да апазыцыі, мала людзей, якія думаюць гэтак сама.

The Independent

«Міхаіл Саакашвілі, Бідзіна Іванішвілі, і чаму, хто б ні перамог, людзям пара вярнуцца з нябёсаў на зямлю», — так азагаловіў свой камэнтар Уільям Данбар, брытанскі журналіст, які нядаўна атрымаў грузінскае грамадзянства. Данбар тлумачыць, навошта знарок сапсаваў свой бюлетэнь на парлямэнцкіх выбарах 1 кастрычніка.

Прэзыдэнт Саакашвілі і яго партыя вывелі Грузію з стану развалу і ператварылі яе ў краіну, якая дынамічна разьвіваецца, ў краіну бясьпечную і кіраваную належным чынам. Бідзіна Іванішвілі — алігарх, чые сувязі з Крамлём — пагроза для незалежнасьці Грузіі як такой. Па меншай меры гэта адна з вэрсій.
Але ёсьць і іншая вэрсія. Урад, ап’янёнае сваёй уладай, топча Канстытуцыю, ўзбагачаецца і бязьлітасна душыць усіх супернікаў. Іванішвілі, паводле гэтай вэрсіі, — адзіны, каго яны не ў стане ні запалохаць, ні купіць, алігарх з незаплямленай рэпутацыяй, філянтроп, які абяцае закласьці падмурак свабоднага грамадзтва і сысьці.

Аўтар піша, што сапсаваў бюлетэнь, паколькі «абедзьве вэрсіі, на жаль, толькі паўправда».

The Christian Science Monitor

«Сьцеражыцеся „рукі Масквы“ на выбарах ва Ўкраіне, у Грузіі і ў Літве», — перасьцерагае аўтар артыкулу Януш Бугайскі.

Парлямэнцкія выбары на ўсходзе Эўропы дэманструюць уразьлівасьць дэмакратыі і сувэрэнітэту ў краінах, якія калісьці былі паланянкамі СССР.

Адна з прыярытэтных задач Пуціна на яго трэці прэзыдэнцкі тэрмін — рэінтэграцыя былых рэспублік СССР. Масква імкнецца стварыць новы Эўразійскі саюз — процівагу ЭЗ на Захадзе і Кітаю на Усходзе.

Парлямэнцкія выбары ў Грузіі — вялікае палітычнае выпрабаваньне. Прыхільнікі ўраду запэўніваюць, што апазыцыянэр Іванішвілі рыхтуе правакацыі супраць дэмакратыі і служыць інтарэсам Крамля. Расейскія ўлады чапляюцца за любыя праявы гвалту на фоне абвінавачаньняў у несумленных выбарах, каб дыскрэдытаваць Саакашвілі.

Ва Ўкраіне парлямэнцкія выбары, прызначаныя на 28 кастрычніка, таксама могуць завяршыцца вулічнымі акцыямі пратэсту, калі назіральнікі і прыхільнікі Юліі Цімашэнкі выявяць масавыя парушэньні. Расія імкнецца ўзмацніць свой уплыў на Кіеў, таму ёй выгадна, каб ва Ўкраіне быў аўтарытарны ўрад, парыя ў вачах Захаду. Расея, асьцерагаючыся, што ў Кіеве зьявіцца яшчэ адзін празаходні ўрад, можа адкрыта ўмяшацца, падтрымаць дзейнага прэзыдэнта.

Літва, у адрозьненьне ад Грузіі і Ўкраіны, — краіна з моцнай дэмакратыяй, член ЭЗ і НАТО. Тым ня менш, Масква ўсё яшчэ аспрэчвае сувэрэнітэт усіх трох краін Балтыі. Для Крамля выбары ў Балтыі — шанец падарваць пазыцыі партый, якія перашкаджаюць рэгіянальным памкненьням Масквы.

У Літве парлямэнцкія выбары пройдуць 14 і 28 кастрычніка. Ёсьць зьвесткі, што расейскія агенты падкупляюць палітыкаў і абвастраюць міжнацыянальныя адносіны.

На выбарах у Латвіі ў 2011 годзе Крэмль падтрымаў партыю этнічных рускіх. У выніку яе не дапусьцілі ў кіроўную кааліцыю, баючыся, што яна павядзе Латвію прэч з арбіты Захаду.

Кожныя выбары — новы шанец для Масквы.