Мясьніковіч за расейскі рубель як рэзэрвовую валюту

Прэм'ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч падтрымаў ідэю кіраўніка расейскага ўраду Дзьмітрыя Мядзьведзева аб наданьні расейскай валюце статусу рэзэрвовай.
Пра гэта ён заявіў сёньня на бізнэс-форуме ў Ялце, перадае БЕЛТА.

«Што тычыцца валютнай інтэграцыі, трэба прайсьці ўсе этапы, і мы іх праходзім, аднак тут нельга запрагаць калёсы наперадзе каня», – заявіў Міхаіл Мясьніковіч.

Разам з тым, паводле яго слоў, без валютнай узгодненай палітыкі, без адзінай валюты працаваць далей будзе ўсё складаней: «Вы бачыце, што адбываецца ў сьвеце. У сувязі з гэтым я падзяляю пазыцыю Дзьмітрыя Анатольевіча Мядзьведзева ў частцы таго, што ёсьць усе перадумовы для таго, каб усясьветных рэзэрвовых валютаў было больш, у тым ліку расейскі рубель выконваў гэтую ганаровую і вельмі адказную місію».

Мясьніковіч таксама не адмаўляе варыянту ўвядзеньня адзінай валюты Расеі і Беларусі: «Калі ў нас будзе збалянсаванае заканадаўства, разьвівацца гандлёва-эканамічнае і інвэстыцыйнае супрацоўніцтва, калі запрацуюць сумесныя кампаніі, будзе актуальным пытаньне аб адзінай валюце», – цытуе Мясьніковіча БЕЛТА.

Your browser doesn’t support HTML5

Сустрэча прэм'ераў СНД ў Ялце



На сустрэчы ў Ялце кіраўнікі ўрадаў краінаў СНД падтрымалі далучэньне Узбэкістану да дамовы аб зоне свабоднага гандлю. Пра гэта паведаміў сёньня старшыня выканкаму СНД Сяргей Лебядзеў. Паводле яго слоў, праца па далучэньне павінна завяршыцца да канца бягучага года.

Дагавор аб зоне свабоднага гандлю падпісаны ў 2011 годзе васьмю дзяржавамі. Узбэкістан будзе дзевятай краінай — ўдзельніцай пагадненьня. «Кіраўнікі ўрадаў СНД віталі ратыфікацыю два дні таму гэтай дамовы Малдовай. Гэтая краіна стала пятай дзяржавай, якая ратыфікавала дамову», — падкрэсьліў Сяргей Лебядзеў і нагадаў, што дакумэнт ратыфікаваны Расеяй, Беларусьсю, Украінай і Армэніяй.