Сёньня – Эўрапейскі дзень моваў. Ён быў усталяваны Радай Эўропы ў 2001 годзе дзеля падтрымкі й заахвочваньня вывучэньня і ўжываньня розных моваў. Беларуская мова ў Беларусі фармальна мае такі ж статус дзяржаўнай, як і расейская, але ў рэальнасьці сфэра яе ўжываньня няспынна звужаецца. Прыкладам, на Гомельшчыне ў 613 агульнаадукацыйных навучальных установах па-беларуску навучаецца 21 тысяча дзяцей, што складае прыкладна 14 адсоткаў ад усіх школьнікаў.
У кастрычніку ў рэгіёне ўдакладняць колькасьць беларускамоўных навучэнцаў у кожнай школе. Аднак у апошнія гады выразна выяўляецца тэндэнцыя да зьмяншэньня колькасьці школьнікаў, якія навучаюцца па-беларуску. З аднаго боку, гэта зьвязана са скарачэньнем вясковых школ, дзе пераважная большасьць дзяцей навучаліся па-беларуску. Сёлета, да прыкладу, з-за малакамплектнасьці ў рэгіёне закрыта яшчэ 16 вясковых школ.
Пра яшчэ адну прычыну зьмяншэньня колькасьці школьнікаў, якія навучаюцца па-беларуску, кажуць у рэгіянальнай управе адукацыі:
«У бацькоў існуе абгрунтаваны такі папрок на наш адрас: а што рабіць далей, калі ён скончыў беларускамоўную школу? Прыйшоў ён у прафэсійна-тэхнічную вучэльню, сярэднетэхнічную, вышэйшую навучальную ўстанову, а там няма працягу. Бацькі цяпер і паводле Кодэксу аб адукацыі прызнаныя ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. І ў пытаньнях мовы яны маюць пераважнае права выбару».
У Дудзіцкай сярэдняй школе Калінкавіцкага раёну, дзе навучаньне вядзецца спрэс на беларускай мове, бацькі першаклясьнікаў запатрабавалі сёлета, каб іх дзяцей навучалі па-расейску. Не дапамаглі пераконваньні ні аддзелу адукацыі, ні школы.
З болем пра гэта гаворыць дырэктар школы Ўладзімер Крэк:
«Бацькі выкарысталі сваё права, гарантаванае артыкулам 90 Кодэксу аб адукацыі, наконт выбару мовы адукацыі для сваіх дзяцей. Большасьць бацькоў у анкетах сваіх напісалі, што ўся адукацыя пасьля школы вядзецца на рускай мове. Гэта для нас быў такі званочак, каб надалей папярэджваць такую сытуацыю».
Пэдагогі запрасілі нават на лінейку свайго выпускніка, генэральнага дырэктара Беларускага мэталюргічнага заводу Міхаіла Савянка, які навучаўся ў школе па-беларуску і якому гэтае навучаньне не перашкодзіла знайсьці сваё месца ў жыцьці.
Найбольшымі асяродкамі беларускамоўнага навучаньня ў рэгіёне застаюцца школы Лельчыцкага й Ельскага раёнаў, дзе адпаведна 55 і 44 адсоткі школьнікаў навучаюцца на беларускай мове.
У гарадах навучаньня па-беларуску амаль няма, за выключэньнем адмысловых прадметаў – беларускай мовы й літаратуры. У Мазыры нават у гімназіі імя Янкі Купалы няма беларускамоўных клясаў. І толькі ў гомельскай гімназіі № 36 імя Івана Мележа сёлета набралі 2 першыя клясы, якія навучаюцца спрэс па-беларуску.
Вышэйшыя навучальныя ўстановы рэгіёну наагул навучаньню па-беларуску не надаюць аніякай увагі. Толькі асобныя выкладчыкі, як, напрыклад, дацэнт унівэрсытэту імя Францішка Скарыны Віктар Адзіночанка, выкладаюць свае прадметы па-беларуску. У нашым выпадку – рэлігіязнаўства:
«Выкладчыкі толькі з маральных меркаваньняў, з пачуцьця патрыятызму чытаюць свае прадметы на беларускай мове. Але сама сыстэма адукацыі – яна раней не спрыяла гэтаму, а зараз наагул ставіцца абыякава. Нават на філялягічным факультэце пераважная бальшыня выкладчыкаў, у тым ліку й зь беларускіх катэдраў, па-за межамі аўдыторыі па-беларуску не размаўляюць. Арыентуюцца на сытуацыю. А сытуацыя зараз неспрыяльная для беларускай мовы. Калі па-беларуску размаўляеш, значыць, апазыцыянэр».
У Берасьці ў адзінай беларускамоўнай клясе навучаецца 5 дзетак. Сярод іх – Францішак, сын праваабаронцы Ўладзімера Вялічкіна. Спадар Вялічкін кажа, што зараз паўстаюць праблемы з набыцьцём сшыткаў на роднай мове.
Другая «Б» кляса зь беларускамоўным навучаньнем існуе ў 34-й школе Берасьця. Праваабаронца Ўладзімер Вялічкін кажа, што прыклаў немалыя намаганьні да стварэньня гэтай клясы. Аднак зрабіць навучаньне беларускамоўным поўнасьцю досыць праблематычна, кажа ён, бо цяпер, да прыкладу, нестае нават патрэбных сшыткаў.
«Апошняя мая праблема такая балючая – гэта тое, што ў вучняў няма працоўных сшыткаў па матэматыцы. Тэарэтычна яны ёсьць, і ёсьць патрабаваньні ў школе, каб іх набыць. Але на беларускай мове – няма. Я вось сёньня прыехаў зь Менску, куды адмыслова езьдзіў, каб там знайсьці гэтыя сшыткі. І не знайшоў…»
Уладзімер Вялічкін мяркуе, што беларускіх клясаў магло быць больш, каб іх падтрымлівала дзяржава. Аднак бацька беларускамоўнага дзіцяці лічыць, што робіцца адваротнае:
«Само існаваньне гэтых беларускамоўных клясаў – па-за ўвагай афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі. Навязваецца штучна і забіваецца ў мазгі электарату… Акупаваная тэрыторыя, на якой выкарыстоўваюцца чужыя тэхналёгіі, у тым ліку і мова. І забіваюцца такія ў падсьвядомасьць клішэ і штампы. Пры жаданьні ўсё ёсьць, але дзяржава ня хоча гэтага, гэтага і няма».
Тым ня меней Уладзімер Вялічкін лічыць, што гэта справа гонару – выхаваць дзіця беларускамоўным. А пакуль сын падрасьце, кажа ён, умовы для беларускай мовы ў Беларусі могуць і зьмяніцца.
Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны: «Мы выканалі сёлета як мінімум тры важныя справы»
Сёлета ў студзені Рада Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны прыняла адмысловае рашэньне пра падрыхтоўку сьвяткаваньня Эўрапейскага дня моваў. Сёньня старшыня ТБМ Алег Трусаў паведаміў «Свабодзе» пра канкрэтныя вынікі й адным зь першых удалых праектаў назваў беларускі пераклад Правілаў дарожнага руху. Алег Трусаў:
«У нас, як кажуць, з рукамі адрываюць гэтую кніжачку. І, фактычна, на сёньня яе ўжо няма. Гэта – грамадзкі праект. Попыт – велізарны, і таму мы гэтыя Правілы выставілі ў інтэрнэце на нашым партале http://tbm-mova.by. Таму – пампуй, друкуй, карыстайся…
Яшчэ адна важная справа – краязнаўчы рух. Мы сёлета выдалі больш як 10 беларускамоўных календароў з выявамі помнікаў архітэктуры. Таксама правялі канфэрэнцыю, а ў сярэдзіне кастрычніка адбудзецца й прэзэнтацыя кнігі. Гэты навуковы зборнік ужо ў друкарні.
Ну, і трэцяя важная справа – гэта партал ТБМ, ён адзін з найлепшых у Беларусі і мае сваю ангельскую вэрсію», – паведаміў старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.
Старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка: «У Беларусі зараз засакрэцілі статыстыку беларускамоўнага навучаньня, каб не ўзбуджаць нядобрыя настроі ў людзей…»
Увагу Эўрапейскаму дню моваў надае таксама грамадзкае аб'яднаньне «Таварыства беларускай школы», старшыня якога Алесь Лозка сёньня паведаміў Свабодзе:
«На жаль, калі гаварыць пра статыстыку, то пытаньне з гэтым складанае, бо, каб не ўзбуджаць, так бы мовіць, нядобрыя настроі ў людзей, Міністэрства адукацыі і ўвогуле ўлады гэтую тэму як бы засакрэцілі…Калі раней выдавалі адмысловыя статыстычныя даведнікі і адпаведная інфармацыя была на сайтах у інтэрнэце, то цяпер гэтага нічога няма.
Дзяржчыноўнікі хаваюць афіцыйны дакумэнт «Плян па папулярызацыі й пашырэньні выкарыстаньня беларускай мовы ў жыцьці грамадзтва»
Таму сёлета мы зьвярнуліся ў Міністэрства адукацыі й Менгарвыканкам і, да прыкладу, зь Менгарвыканкаму атрымалі адказ на пытаньне: як выконваецца плян мерапрыемстваў у сыстэме Мінадукацыі па папулярызацыі й пашырэньні выкарыстаньня беларускай мовы ў жыцьці грамадзтва на 2010 і наступныя гады? Ёсьць такі дакумэнт, і ён быў зацьверджаны колішнім міністрам адукацыі Аляксандрам Радзьковым у сакавіку 2010 году. Але гэты плян Міністэрства адукацыі паклала пад сукно. З аднаго боку, плян гэты нядрэнны, але дрэнна тое, што ён не выконваецца, а ў дзяржаўных установах адукацыі пра яго нават ня ведаюць».
Гомельшчына
У кастрычніку ў рэгіёне ўдакладняць колькасьць беларускамоўных навучэнцаў у кожнай школе. Аднак у апошнія гады выразна выяўляецца тэндэнцыя да зьмяншэньня колькасьці школьнікаў, якія навучаюцца па-беларуску. З аднаго боку, гэта зьвязана са скарачэньнем вясковых школ, дзе пераважная большасьць дзяцей навучаліся па-беларуску. Сёлета, да прыкладу, з-за малакамплектнасьці ў рэгіёне закрыта яшчэ 16 вясковых школ.
Пра яшчэ адну прычыну зьмяншэньня колькасьці школьнікаў, якія навучаюцца па-беларуску, кажуць у рэгіянальнай управе адукацыі:
«У бацькоў існуе абгрунтаваны такі папрок на наш адрас: а што рабіць далей, калі ён скончыў беларускамоўную школу? Прыйшоў ён у прафэсійна-тэхнічную вучэльню, сярэднетэхнічную, вышэйшую навучальную ўстанову, а там няма працягу. Бацькі цяпер і паводле Кодэксу аб адукацыі прызнаныя ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. І ў пытаньнях мовы яны маюць пераважнае права выбару».
У Дудзіцкай сярэдняй школе Калінкавіцкага раёну, дзе навучаньне вядзецца спрэс на беларускай мове, бацькі першаклясьнікаў запатрабавалі сёлета, каб іх дзяцей навучалі па-расейску. Не дапамаглі пераконваньні ні аддзелу адукацыі, ні школы.
З болем пра гэта гаворыць дырэктар школы Ўладзімер Крэк:
«Бацькі выкарысталі сваё права, гарантаванае артыкулам 90 Кодэксу аб адукацыі, наконт выбару мовы адукацыі для сваіх дзяцей. Большасьць бацькоў у анкетах сваіх напісалі, што ўся адукацыя пасьля школы вядзецца на рускай мове. Гэта для нас быў такі званочак, каб надалей папярэджваць такую сытуацыю».
Пэдагогі запрасілі нават на лінейку свайго выпускніка, генэральнага дырэктара Беларускага мэталюргічнага заводу Міхаіла Савянка, які навучаўся ў школе па-беларуску і якому гэтае навучаньне не перашкодзіла знайсьці сваё месца ў жыцьці.
Найбольшымі асяродкамі беларускамоўнага навучаньня ў рэгіёне застаюцца школы Лельчыцкага й Ельскага раёнаў, дзе адпаведна 55 і 44 адсоткі школьнікаў навучаюцца на беларускай мове.
У гарадах навучаньня па-беларуску амаль няма, за выключэньнем адмысловых прадметаў – беларускай мовы й літаратуры. У Мазыры нават у гімназіі імя Янкі Купалы няма беларускамоўных клясаў. І толькі ў гомельскай гімназіі № 36 імя Івана Мележа сёлета набралі 2 першыя клясы, якія навучаюцца спрэс па-беларуску.
Вышэйшыя навучальныя ўстановы рэгіёну наагул навучаньню па-беларуску не надаюць аніякай увагі. Толькі асобныя выкладчыкі, як, напрыклад, дацэнт унівэрсытэту імя Францішка Скарыны Віктар Адзіночанка, выкладаюць свае прадметы па-беларуску. У нашым выпадку – рэлігіязнаўства:
«Выкладчыкі толькі з маральных меркаваньняў, з пачуцьця патрыятызму чытаюць свае прадметы на беларускай мове. Але сама сыстэма адукацыі – яна раней не спрыяла гэтаму, а зараз наагул ставіцца абыякава. Нават на філялягічным факультэце пераважная бальшыня выкладчыкаў, у тым ліку й зь беларускіх катэдраў, па-за межамі аўдыторыі па-беларуску не размаўляюць. Арыентуюцца на сытуацыю. А сытуацыя зараз неспрыяльная для беларускай мовы. Калі па-беларуску размаўляеш, значыць, апазыцыянэр».
Берасьцейшчына