Амбасадар ЗША ў Варшаве Лі Фэйнстэйн, уручаючы ўзнагароду Алесю Бяляцкаму, зачытаў адмысловы зварот сакратара Дзярждэпартамэнту Гілары Клінтан ды адзначыў, што дэмакратыя і правы чалавека — заставаліся і застаюцца ў цэнтры ўвагі Вашынгтону.
«Мы жадаем Алесю моцнага здароўя і хочам, каб ён ведаў, што сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША і амэрыканскі народ падтрымліваюць яго і мы ўдзячныя за ягонаю ахвярнасць дзеля свабоды».
У сваю чаргу Наталя Пінчук дзякавала ЗША за цьвёрдую пазыцыю ў справе ейнага мужа ды ўсіх змагароў за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі.
«Для нас, для Алеся, вельмі важна ведаць што ЗША пасьлядоўна падтрымліваюць права нашага беларускага народу на свабоду. І гэтая прэмія — голас Амэрыкі ў справе Алеся Бяляцкага ды іншых людзей, якія гатовыя дзеля свабоды сваёй Радзімы ахвяраваць сваёй свабодай і жыцьцём».
«Жадаем вам свабоднай Беларусі. Жадаем, каб у свабодным Менску вы маглі гаварыць тое, што мы кажам сёньня ў Варшаве. Жыве Беларусь!»
Узнагарода абаронцаў правоў чалавека за 2011 год, акрамя Алеся Бяляцкага, была прызнаная таксама грамадзянскай Кааліцыі правоў чалавека і канстытуцыйнага заканадаўства Уганды.