Чаму апазыцыя не плянавала Плошчу?



Навошта беларускай уладзе парлямэнцкія выбары? У перадачы Юрыя Дракахруста бяруць удзел палітычныя аглядальнікі Канстанцін Міхееў, Зьміцер Панкавец і палітоляг Андрэй Ягораў.


Пра гэта разважаюць палітычныя аглядальнікі Канстанцін Міхееў, Зьміцер Панкавец і палітоляг Андрэй Ягораў.



Your browser doesn’t support HTML5

Праскі акцэнт зь Міхеевым, Панкаўцом і Ягоравым. Частка 1


Your browser doesn’t support HTML5

Праскі акцэнт зь Міхеевым, Панкаўцом і Ягоравым. Частка 2



Выбары як Дажынкі


Дракахруст: Выбары, нават у бясьсільны парлямэнт, нават несправядлівыя і недэмакратычныя – гэта ўсё роўна люстэрка, у якім адбіваецца вобраз грамадзтва. Мы ў нашых перадачах засяроджваемся на апазыцыі. А калі пакінуць яе за дужкі – то што гэтыя выбары азначалі для сыстэмы ўлады, для праўладнай ці абыякавай часткі грамадзтва? Гэта стала ўжо чыстай рутынай, як выбары ў Вярхоўны Савет у Савецкім Саюзе ці цяперашнія «Дажынкі», ці хаця б цень палітычнага працэсу ў іх застаўся? Але нават калі рутына – любы антраполяг скажа, што рытуалы, нават на першы погляд бессэнсоўныя, шмат што могуць сказаць пра грамадзтва, якое іх практыкуе. А што менавіта ў дадзеным выпадку?

Зьміцер Панкавец

Панкавец: Я не сказаў бы, што для ўлады гэтыя выбары сталі абсалютнай рутынай. Найперш варта сказаць пра такое новаўвядзеньне гэтых выбараў, як тэледэбаты. Нашы чыноўнікі сярэдняга зьвяна, якія ў асноўным ідуць на выбары, ня вельмі прывучаныя ці нават адвучаныя ўдзельнічаць у публічных дыскусіях. І гэта часта было відавочна падчас іх выступаў. Таму такім аксакалам, як Анатоль Лябедзька, ці прадстаўнік «Справядлівага сьвету» Мікалай Петрушэнка вельмі лёгка было загнаць у кут прадстаўніка ўлады. Маладзейшым прадстаўнікам апазыцыі тут было нашмат цяжэй, бо яны таксама неспрактыкаваныя ў гэтай справе.

І, скажам, старшыня Менскага гарсавету Сільвановіч паставіў у тупік Андрэя Дзьмітрыева простым пытаньнем – ён запытаўся, які буйны завод знаходзіцца на тэрыторыі гэтай акругі. Ярмошына сказала, што ў будучым такія дыскусійныя формы агітацыі стануць асноўнымі. Таму ўладам у будучыні давядзецца больш падрабязна і старанна выбіраць кандыдатаў, у тым ліку і паводле іх аратарскіх здольнасьцяў.

На пачатку выбараў было вельмі цікава назіраць, што па некаторых акругах было па некалькі кандыдатаў ад улады зарэгістравана. Асабліва гэтым вылучалася Берасьце. Але чым бліжэй да дня галасаваньня, тым больш выразным рабіўся яўны кандыдат ад улады, а астатнія здымаліся з выбараў. Некалькі такіх акругаў яшчэ засталося. У Менску ёсьць акруга, дзе балятуецца галоўны ўрач бальніцы і дэпутатка Лявоненка. Магчыма, у яе асобе мы можам атрымаць нейкую новую Вольгу Абрамаву, калі яна ня пройдзе ў парлямэнт. Увогуле гэтая стратэгія ўдзелу некалькіх кандыдатаў ад улады ў выбарах была запасной. Але ў будучыні я б не выключаў паўтарэньня гэтага, як магчымасьці ўнутрывідавай барацьбы.

Трэці момант, які я б адзначыў – гэта датэрміновае галасаваньне. Нават па акругах, дзе няма назіраньня, дзе няма незалежных кандыдатаў, улады ўсё роўна імкнуліся загнаць людзей на выбары, бо адчувалі, што яўка можа скласьці меней за 50%.

Юры Дракахруст

Дракахруст: Андрэй, на ваш погляд, які сэнс гэтых рытуалаў, калі гэта рытуалы? На мой погляд, тут ёсьць цікавая дэталь, шмат хто гаворыць: «Ай, на гэтых выбарах усё перадвызначана, усё зразумела». Але мы бачым татальную мабілізацыю ўсяго ўладнага апарату, у тым ліку і сілавога. Мы бачым, дарэчы, так званы палітыка-дзелавы цыкль, які назіраецца на кожных выбарах у Беларусі – перад выбарамі растуць заробкі, стыпэндыі і пэнсіі. А навошта гэта рабіць, калі ўсё перадвызначана? Можа, можна было б не пераймацца, не заахвочваць народ, а намаляваць лічбы? Ці гэта таксама рытуал?

Андрэй Ягораў

Ягораў: Канечне, вось гэтыя палітычныя цені і прывіды зьяўляюцца кожны раз падчас выбараў. Сыстэма ўлады такім чынам вырашае задачу легітымацыі. Нават самыя жорсткія рэжымы вымушаныя праводзіць такога кшталту плебісцыты для сваёй легітымацыі, каб паказаць падтрымку народа. Для нашай сыстэмы гэта такі тэст на наяўнасьць адміністрацыйнага парадку, бо мабілізацыя адміністрацыйнай сыстэмы адбываецца па ўсёй краіне. Яна паказвае пэўныя стыкоўкі і нестыкоўкі, разыходжаньне інтарэсаў, ступень кансалідаванасьці і г.д. Таму для сыстэмы ўлады – гэта вельмі важная падзея.

Яна, зразумела, магла б стаць і вельмі важнай і для альтэрнатыўнай часткі грамадзтва. Але яны ня здолелі гэтым скарыстацца ў поўным сэнсе гэтага слова. Вельмі цікавы ваш антрапалягічны разварот гэтага пытаньня. З гэтага пункту гледжаньня гэтыя выбары пацьвярджаюць, што ў Беларусі яны ўсё больш губляюць палітычную частку чалавечай сутнасьці. Калі прыгадаць Арыстоцеля, які вызначаў чалавека як палітычную жывёлу, то наступіў час хвалявацца за тое, што застанецца ад беларусаў, ці застанецца толькі жывёльная частка. Канечне, гэта на ўзроўні сумных жартаў, але па гэтых выбарах мы выразна бачым вынікі адсутнасьці сапраўднай палітыкі ў краіне. Узровень тэледэбатаў гэта вельмі выразна паказаў. Адсутнасьць палітыкі – гэта тое, што вельмі яскрава дэманструюць гэтыя выбары.

Дракахруст: Андрэй, ведаеце, можа мы проста ўсе расьпешчаныя? Калі я сачыў за тэледэбатамі, то мне прыйшла такая думка: зьявіўся б у нейкім 1979 годзе на ЦТ СССР з 5-ці хвілінным выступам Андрэй Сахараў. Гэта была б сусьветная сэнсацыя №1, былі б аршынныя загалоўкі ў New York Times «Крэмль мяняе сваю палітыку». А тут зьяўляюцца Лябедзька, Янукевіч на тэлеэкране, а публіка ўсё роўна гаворыць, што выбараў няма, выбары кепскія, палітычныя жывёлы не зусім палітычныя.

Ягораў: Трэба глядзець на сыстэму – ці паўплывае гэта на штосьці ў палітычным сэнсе ці не паўплывае. Наяўнасьць тэледэбатаў была адным з пунктаў парадку дня перамоваў паміж уладай і апазыцыяй у 1999 годзе пры пасярэдніцтве АБСЭ. Тады дэбатаў не дапусьцілі, а зараз дапусьцілі. Сёньня гэта бясьпечна для ўлады. І нічога гэта не падрывае ў сэнсе арганізацыі і маніпуляцыі выбарчага працэсу. Тады гэта магло мець значэньне. Калі сёньня людзі дэпалітызаваныя і не рэагуюць на альтэрнатыўныя пасланьні, якіх і няма, то для ўлады няма ніякай пагрозы, каб дазволіць гэтыя тэледэбаты. Гэта паказчык не эвалюцыі сыстэмы, а яе дэградацыі.

Дракахруст: Канстанцін, які ваш адказ на гэтае пытаньне: рытуал ці не рытуал, калі рытуал, то што азначае?

Канстанцін Міхееў

Міхееў: Нават у інфузорый-туфлікаў ёсьць канкурэнцыя, але гэтую канкурэнцыю складана лічыць палітыкай. Улада і лаяльна настроеная частка грамадзтва на гэтых выбарах сутыкнуліся з шэрагам выклікаў, на якія прыйдзецца шукаць адказ. Па-першае, партыя ўлады як бы ёсьць – натхнёныя твары яе прадстаўнікоў на перадвыбарчых плякатах ні зь якой апазыцыяй ня зблытаеш, але ні арганізацыйна, ні ідэалягічна яна не аформленая, і нават тыя выбаршчыкі, якія гарой стаяць за Аляксандра Лукашэнку, часам робяць памылкі.

Па-другое, па-ранейшаму адсутнічае інтэрфэйс, перахаднік паміж папулісцкай рыторыкай дваровага маштабу, характэрнай для мажарытарнай сыстэмы, і экзальтаваным патасам праграм палітычных партый. Інфузорыя спрабуе распавесьці іншым інфузорыям аб карысных уласьцівасьцях раствору, дзе яны боўтаюцца? Інфузорыі няздольныя гаварыць. Батанік, які назірае інфузорый у мікраскоп, пачынае агітаваць іх за падвышэньне якасьці раствору? Інфузорыі не слухаюць батанікаў.

Па-трэцяе, нават лаяльная большасьць у Беларусі ня верыць у прадстаўнічую дэмакратыю. Ёй цяжка ацаніць вынікі законатворчай дзейнасьці парлямэнту: яна некампэтэнтная. У выніку ёй нецікавыя парлямэнцкія выбары. Пакуль улада ня зьлепіць сабе «з таго, што было» хоць нейкае падабенства працаздольных, арганізацыйна аформленых інстытутаў грамадзянскай супольнасьці, ёй кожны раз прыйдзецца пераносіць «Дажынкі» ў сувязі з выбарамі.

Удзел ці байкот: хто перамог?


Дракахруст: Канстанцін, вы сказалі, што людзі ня вераць. А магчыма яны ўспрымаюць гэта інакш. Не як нейкія выбары, а як прысягу на вернасьць, ляяльнасьць дзяржаве, уладзе. «Будзь гатоў – заўжды гатоў» – як юныя піянэры. Піянэры таксама нічога не выбіралі, калі аддавалі салют. Можа гэта таксама своеасаблівы салют?

Міхееў: Старэйшае пакаленьне яшчэ менавіта так і салютуе. Але малодшае пакаленьне, асабліва адукаваныя гараджане, яны значна больш мэркантыльныя, прагматычныя, таму яны саму інтрыгу выбараў не ўспрымаюць. Ім няма патрэбы салютаваць.

Дракахруст: Ну а зараз – усё ж да апазыцыі. Спрэчкі – байкот ці ўдзел – ішлі ў яе асяродзьдзі, здаецца, да сёньняшняга дня. Гэта ўжо было ў нашай найноўшай гісторыі – на парлямэнцкіх выбарах 2000 году. Які плён даў адзін і другі падыход, ці адбыўся байкот і ці можна будзе спраўдзіць, што ж адбылося насамрэч? І чаму ўлады з такім раздражненьнем рэагавалі на байкот? Баяліся?

Ягораў: Мне падаецца, што ні байкоту, ні ўдзелу ў выбарах не атрымалася. Папросту вось гэтая сытуацыя выбараў – яна не была скарыстаная апазыцыяй у палітычным сэнсе. Яны яе прайгралі, і ў выніку прайграла ўся альтэрнатыўная частка грамадзтва. Калі разважаць пра краіну ў цэлым, то ўся краіна прайграла гэтыя выбары.

У агульнапалітычным сэнсе гэта была бессэнсоўная валтузьня. Бо палітычныя сілы ня вырашылі задачы фармаваньня агульнай стратэгіі. Калі б яны ставілі задачу агульнай стратэгіі, то было б няважна, што яны па форме абіраюць – байкот, альбо ўдзел. І адно і іншае можна было праводзіць дзеля дасягненьня рэальных палітычных задачаў. Якія б гэта маглі быць задачы? Напрыклад, фармуляваньне нейкай новай пазыцыі для грамадзтва, вывад новых людзей, пазнавальных для электарату. Гэта была б пэўная задача стратэгічнай кансалідацыі сілаў на будучыню, на наступныя прэзыдэнцкія выбары. Усё гэта магло б быць, але гэтага не было.

Усё гэта тым больш выглядае сьмешна, што амаль усе структуры вырашалі свае асобныя задачы і ўсіх іх можна было так ці інакш залічыць да той ці іншай формы байкоту. Нельга ж казаць, што «Гавары праўду» сур’ёзна ўдзельнічала ў гэтых выбарах, расцэньваючы гэтыя выбары як магчымасьць праводзіць сваіх кандыдатаў. Не. Яны вырашалі задачы па ўмацаваньні структураў.

Тое самае і пра астатніх. Усе падставы для кансалідацыі былі і разьмежаваньні наконт тактыкі ўдзелу ў выбарах фактычна былі неістотныя. Кансалідацыі не адбылося. Чаму? Магчыма таму, што інтарэсы апазыцыйных лідэраў не дазволілі вырашыць ім гэтую задачу. Таму ўсё атрымалася так, як атрымалася.

Дракахруст: Канстанцін, як на ваш погляд, апазыцыя выступіла на гэтых выбарах?

Міхееў: Безыдэйных абсэнтэістаў, якія не наведваюць выбары, таму што ім пофіг, загадзя больш, чым прыхільнікаў байкоту. Пратэставая меншасьць у ходзе такіх кампаній заўсёды раствараецца ў апалітычнай большасьці, якая лускае семкі і пасьмейваецца. Тлумачыць у Беларусі працэнт няяўкі заклікамі да байкоту – тое самае, што дзьмуць у адным кірунку са шквалістым ветрам, а потым прыпісваць яго разбуральную сілу сабе любімаму. Наадварот, партыі, якія ўдзельнічалі ў кампаніі (у тым ліку тыя, хто зьняў сваіх кандыдатаў – БНФ і АГП) атрымалі з гэтага ўдзелу невялікі, але відавочны профіт. Як мінімум – нагадалі аб сваім існаваньні электарату і донарам, атрымалі вопыт агітацыі і палемікі. Урэшце, парлямэнцкая партыя ствараецца для таго, каб удзельнічаць у выбарах у парлямэнт. Што тычыцца рэакцыі ўлады на згадкі байкоту, то яна зразумелая: непрыемна, калі распуджваюць і так нешматлікіх спойлераў.

Дракахруст: Канстанцін, мне здаецца, што ў вас крыху вытанчаная пазыцыя, паводле якой тая ці іншая палітычная сіла можа разьлічваць толькі на сваіх ідэйных прыхільнікаў, але, здаецца, што палітыка – гэта якраз сэрфінг па рэальных інтарэсах і настрояў у грамадзтве. І калі палітыкі ўбачылі, што значная частка грамадзтва па самых розных прычынах ня хоча ісьці на выбары, то яны як бы ўзначалілі гэты працэс. Магчыма яны і пераможцы?

Міхееў: Часткова згодны, а збольшага не. Я ня думаю, што ў сёньняшняй сытуацыі беларуская апазыцыя можа аб'яднацца на глебе байкоту, і забясьпечыць гэтым аб'яднаньнем нейкі рост грамадзкага даверу. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра тое, каб старанна, штодня распрацоўваць уласны электаральны ўчастак, свой «гарод», сваё поле, паступова павялічваючы яго за кошт абыякавых, за кошт абсэнтэістаў, за кошт праўладнага электарату.

Дракахруст: Зьміцер, вашы калегі так ці інакш апазыцыю ганілі, можа быць вы абароніце?

Панкавец: На мой погляд, прайграла тая частка апазыцыі, якая ад пачатку байкатавала парлямэнцкія выбары. Ці выйгралі тыя, якія засталіся ўдзельнічаць да канца, для мяне вялікае пытаньне. Напрыклад, той самы ўдзел «Гавары праўду». Андрэй кажа, што яны яўна не разьлічвалі перамагаць на гэтых выбарах. Але, калі пачытаць скайп-нараду, якая адбывалася на гэтым тыдні па пытаньнях удзелу «Гавары праўду», то ў значнай часткі вярхушкі кампаніі гучала гэтая наіўная думка, што будзе другі тур і яны магчыма пройдуць далей. Пры гэтым Някляеў займае такую пазыцыю, што выбараў няма, ён падтрымаў байкот у 101-й акрузе.

Калі вяртацца да вашага першага пытаньня наконт антрапалёгіі, то мэдыцына апісвае такі стан, калі людзі адчуваюць хваробу, нават калі яе няма. Калі няма сымптомаў, але боль існуе. Можна правесьці аналёгію з тымі партыямі, якія ўдзельнічалі да канца. Яны ведалі, што выбараў няма, але ім падабалася адчуваць гэты боль, падабалася прайграваць гэтыя выбары. Як бы дзіўна і па-беларуску гэта ні было, найбольш пераможным аказаўся сярэдні варыянт абмежаванага ўдзелу, які выкарысталі БНФ і АГП. Пра гэта можна меркаваць з нэрвовай рэакцыі прадстаўнікоў улады. Кіраўнік праўладнага сацыялягічнага цэнтру Сяргей Мусіенка ўвогуле прапанаваў забараніць такім кандыдатам, якія раней ужо здымаліся з выбараў, удзельнічаць у будучыні. Калі ў нас нешта забараняюць у краіне, то гэта значыць, што яно дзейнічае эфэктыўна. Мне здаецца, што ўладам, калі яны так нэрвова рэагуюць на слова «байкот», не спадабалася, што прадстаўнікі гэтых дзьвюх апазыцыйных партый, усё ж такі найперш гэта датычыцца АГП, абдурылі іх з гэтай стратэгіяй.

За кошт дзяржавы яны змаглі паўдзельнічаць у дэбатах, надрукаваць свае праграмы ў газэтах. Улады гатовыя гэта цярпець, калі кандыдаты насамрэч змагаюцца і ідуць да канца, лялькамі застаюцца ў выбарах. А калі яны здымаюцца, то ўладам гэта вельмі не падабаецца. Пераможцамі ў гэтых выбарах я назваў бы як раз вось гэтыя дзьве партыі.

Чаму апазыцыя не плянавала Плошчу?


Дракахруст: Гэтыя выбары – ці ня першыя за апошняе дзесяцігодзьдзе, калі апазыцыя не плянавала Плошчу, не заклікала да яе, нават падкрэсьлівала, што не заклікае. Чаму? Толькі драматычны досьвед 19 сьнежня 2010 году і яго наступстваў таму прычынай?

Міхееў: У большасьці беларусаў, незалежна ад палітычных поглядаў, ёсьць дакладнае разуменьне, што ад вынікаў парлямэнцкіх выбараў мала што залежыць. Стала быць, няма патрэбы моцна хвалявацца з нагоды, што ў парлямэнт ад нейкай акругі абралі чарговага дырэктара дзяржпрадпрыемства, завуча, пракурора або падаткавікоў, а не цудоўнага прынца і не прынцэсу на гарошыне. Грамадзтва ня можа існаваць у стане перманэнтнага экзальтаванага пратэсту: плошча-1, плошча-2, плошча-3 і да т.п., а на чале краіны ўсё роўна прэзыдэнт-1 – і ніякіх рымэйкаў. І ўладзе, і апазыцыі трэба шукаць іншыя спосабы арганізацыйнага афармленьня палітычнага працэсу.

Дракахруст: Зьміцер, а які ваш адказ? Канстанцін кажа, што грамадзтва стамілася, але я б не сказаў, што яно было так узбуджана, як у 2008 годзе. Але ў 2008 годзе заклікі былі. Так, прыйшло мала людзей, але апазыцыя неяк усё ж такі разьлічвала. Магчыма, хтосьці сказаў бы, што гэта ледзь не рутына была, але яна такая была. А зараз гэтага не было. Гэта змрочны драматычны досьвед 19 сьнежня ці штосьці іншае, ці адчуваньне і настрой у грамадзтве паказалі апазыцыі, што ня мае сэнсу, ці гэта неяк зьвязана з байкотам?

Панкавец: Наўрад ці гэта зьвязана з байкотам. Натуральна, гэта часткова зьяўляецца катастрафічным наступствам 19 сьнежня. Гэта заканчвалася вялікімі стратамі для апазыцыйных структур, для менавіта такой легальнай магчымай дзейнасьці. Пасьля кожнай плошчы магчымасьць для манэўраў усё скарачалася і скарачалася. Напэўна зараз настаў час для нейкага самазахаваньня. Настаў час для накачваньня мускулаў. Партыйная апазыцыя гэта зразумела. Да плошчы магла заклікаць эмігранцкая частка, якая зьехала якраз пасьля 19 сьнежня ў краіны блізкага замежжа. Але ў іх, відаць, не апынулася беларускага лідэра, які мог бы стаць на чале гэтай плошчы. У гэтых структураў не засталося людзкіх рэсурсаў сярод беларусаў на Радзіме. Парлямэнцкія выбары – гэты ня тая падзея, якая кардынальна мяняе жыцьцё краіны. Такой падзеяй усё ж такі заўсёды былі прэзыдэнцкія выбары. Найбольшыя сілы і энэргетыка канцэнтраваліся вакол прэзыдэнцкіх выбараў, а не парлямэнцкіх. І нават, калі б зараз была плошча, то яна не сабрала б вялізнай колькасьці людзей. Хаця я абсалютна згодзен, што такую колькасьць, якая была ў 2008 годзе, магчыма было набраць, але яна нічога не зьмяніла.

Дракахруст: Андрэй, у сувязі з апошняй рэплікай Зьмітра, усё ж такі, можа быць, байкот паўплываў. Ведаеце, такое адчуваньне, што ёсьць розная ступень матывацыі выхаду на плошчу. Скажам, украінскі Майдан 2004 году – гэта выхад на плошчу «У нас скралі перамогу», наш кандыдат перамог, а нас абдурылі, сфальсыфікавалі і гэтак далей. Леташнія думскія выбары ў Расеі і выхад на плошчу – «У нас скралі голас», мы ня выйгралі, але прагаласавалі так, а яны сфальсыфікавалі ўсё на карысьць «Адзінай Расеі». Што магло быць у Беларусі? У нас скралі байкот? Мы не пайшлі, а нам падкінулі нашы галасы? Напэўна, гэта ня надта моцная матывацыя.

Ягораў: Плошча ўвогуле ня надта моцная матывацыя. Гэта мае сэнс толькі тады, калі яно ўкладаецца ў пэўную стратэгію разьвіцьця падзеяў. Сама па сабе плошча ў сутнасьці гэтай стратэгіі ня мае сэнсу для людзей. «Мы пойдзем туды і што?» І людзі хадзілі на гэтыя акцыі кожныя выбары. Калі б людзей паклікалі, то яны прыйшлі б, як гэта было раней дзеля таго, каб выклікаць пачуцьцё маральнай перавагі і пратэсту, выразіць сваю пэўную грамадзянскую пазыцыю адмовы ад таго, што адбываецца ў краіне. Прадэманстраваць, што мы супраць, мы разумеем, што адбываецца ў краіне і нас ня так мала. Гэта яшчэ яднала плошчу і выводзіла на яе людзей усе гэтыя гады, хаця гэта ў адсутнасьці стратэгіі ня мела палітычнага сэнсу. Людзі гэта разумелі. У сёньняшні час, тут я згодны са спадаром Зьмітром, тое, што ніхто не паклікаў, бо самая буйная і радыкальная частка апазыцыі была рэпрэсаваная пасьля 19 сьнежня. Не было каму заклікаць. Я думаю, што калі б сёньня ў актыўным стане заставаліся кадры «Хартыі’ 97», то яны б і гэтым разам скарысталіся традыцыйным заклікам на плошчу. Я думаю, што такія наіўныя і безадказныя заклікі былі б, але зноў без агульнай стратэгіі дзеяньняў.

Дракахруст: Якой будзе сухая рэшта гэтых выбараў? Для грамадзтва, для ўлады, для апазыцыі?

Ягораў: Я хацеў бы адзначыць, што мы ўсе прайгралі гэтыя парлямэнцкія выбары. Прайгралі ў сэнсе нацыі, краіны, у сэнсе апазыцыі. Пройгрыш у гэтых парлямэнцкіх выбарах вельмі нэгатыўна паўплывае на будучую сытуацыю, бо калі мы хацелі б альтэрнатыўнай часткай грамадзтва выйграваць наступныя прэзыдэнцкія выбары, якія ўсё ж такі галоўныя для разьвіцьця падзеяў у нашай краіне, то дзейнічаюць яны па-іншаму. Пройгрыш парлямэнцкіх выбараў выстаўляе невясёлыя надзеі на наступныя прэзыдэнцкія выбары. Хаця, калі адразу пасьля выбараў пачаць з аналізу вынікаў і сапраўднай ацэнкі сытуацыі і стану, у якім мы сёньня знаходзімся ў нацыянальным сэнсе, то, канечне, яшчэ можна разьвярнуць падрыхтоўку да прэзыдэнцкіх выбараў, але гэта трэба пачынаць літаральна зараз.
Дракахруст: Канстанцін, на ваш погляд, якая сухая рэшта, і можа ня толькі для апазыцыі? Ёсьць і іншыя суб’екты.

Міхееў: На прэзыдэнцкія выбары грамадзтва ў нас звычайна рэагуе апатыяй, або радыкалізацыі, а парлямэнцкія яму малацікавыя. Дай Бог, каб людзі, незалежна ад палітычных поглядаў, проста задаліся пытаньнем, чаму ўсё так у беларускай палітыцы кісла, шэра і маркотна. Апазыцыя апынулася ў пэўным пазыцыйным тупіку – і ўдзел не дае чаканага эфэкту, паколькі ўлада не ўспрымае яе нават у якасьці спойлера, і байкот выглядае камічна, калі яўка ўсё роўна будзе, а няяўка не зьвязаная з байкотам. Затое быў шанец разьмяцца, паказаць сябе, і мне, напрыклад, прыемна было заўважыць падчас тэледэбатаў, што ёсьць у Беларусі палітыкі, якія хоць бы зрэдку праводзяць работу над памылкамі. Уладзе яшчэ трэба будзе правесьці працу над памылкамі. Хочаце быць легітымнымі – стварайце мэханізмы ўласнай легітымацыі, імітацыі бурнага грамадзкага жыцьця і канкурэнцыі ўнутры кіруючага кляса. Дэмаграфічны рэсурс пакаленьняў, якія галасавалі з пачуцьця абавязку, сканчаецца. Лаяльнасьць наступных пакаленьняў трэба купляць, правільна афармляючы інвойс і ўносячы адпаведныя зьмены ў сацыяльны кантракт.

Дракахруст: Зьміцер, ваш погляд: якія інвойсы хто каму будзе выстаўляць па выніках гэтых выбараў?

Панкавец: Па выніках гэтых выбарах, відавочна, што мы атрымаем чарговы парлямэнт, які наўрад ці будзе прызнаны ні Эўразьвязам, ні ЗША. Магчыма дзесьці адбудзецца другі тур, што дасьць магчымасьць Ярмошынай і іншым прадстаўнікам улады дакараць апазыцыю ў тым, што яны зьняліся з выбараў, ці байкатавалі іх. У выніку атрымаем яшчэ большую залежнасьць ад Расеі. Што датычыць апазыцыі, то падчас гэтых выбараў яна змагла навешваць ярлыкі адзін на аднаго. І ніякага кроку да кансэнсусу яны не зрабілі, ніводнага кроку насустрач.