Назіральнікі АБСЭ сустрэліся з незалежнымі журналістамі

  • БелаПАН
Напярэдадні асноўнага дня галасаваньня на парляменцкіх выбарах назіральнікі АБСЭ, якія знаходзяцца ў Беларусі, сустрэліся з незалежнымі журналістамі.
Сустрэча адбылася 22 верасьня ў гатэлі «Юбілейная». Удзел у ёй узялі старшыня БАЖ Жанна Літвіна, заснавальнік і дырэктар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай, журналістка расейскай «Новой газеты» Ірына Халіп.

Як паведамляе прэс-служба БАЖ, журналісты коратка абмалявалі назіральнікам АБСЭЕ сытуацыю з асьвятленьнем выбараў у СМІ, а таксама праблемы, зь якім сутыкаюцца мясцовыя і акрэдытаваныя на парлямэнцкіх выбарах замежныя рэпарцёры.

Жанна Літвіна, у прыватнасьці, адзначыла: маніторынг асьвятленьня выбараў у СМІ, якім БАЖ займаецца падчас кожнай выбарчай кампаніі на працягу апошніх дзесяці гадоў, у сёлетняй кампаніі не адзначыў нейкіх абуральных фактаў дыскрэдытацыі кандыдатаў. Аднак, нягледзячы на тое, што сёлетняя кампанія праходзіць адносна спакойна, націск на журналістаў усё ж існуе.

Літвіна, у прыватнасьці, расказала пра затрыманьне семярых журналістаў на акцыі 18 верасьня, зафіксаваных БАЖ адмовах у прадастаўленьні журналістам інфармацыі, аб праблемах з акрэдытацыяй у краіне замежных журналістаў.

На думку Алеся Ліпая, у дзень асноўнага галасаваньня націск на незалежныя мэдыі, асабліва на сайты навін, можа ўзмацніцца яшчэ больш. Кіраўнік БелаПАН не выключае, што ў нядзелю ўлады скарыстаюць свой упадабаны мэтад — блякаваньне незалежных інфармацыйных рэсурсаў.


Жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, журналістка Ірына Халіп лічыць, што асьвятленьне выбараў, як і назіраньне за імі, выглядае дзіўна, бо сапраўдных свабодных выбараў у краіне няма. Акрамя таго, адзначыла Халіп, гэта першыя на яе памяці выбары, калі эўрапейскія палітычныя структуры не патрабуюць ад беларускіх уладаў вызваліць палітычных зьняволеных.

У сваю чаргу назіральнікі АБСЭ цікавіліся ўмовамі распаўсюджваньня незалежнай інфармацыі ў краіне, сыстэмай падпіскі і распаўсюджваньня выданьняў, магчымасьцю кандыдатаў у дэпутаты разьмяшчаць платную рэкляму ў беларускіх дзяржаўных СМІ.

Акрамя сустрэчы з журналістамі, назіральнікі АБСЕ сустрэліся 22 верасня з прадстаўнікамі апазіцыйных палітычных партый, НДА і праваабаронцамі.
БелаПАН.