У канфлікце YouTube vs «Цырк за дротам» перамагла свабода слова

YouTube зьняў усе абмежаваньні з новай перадачы «Цырк за дротам», прысьвечанай выбарам у Беларусі. У перадачы Vinsent у жартаўлівай манеры параўноўвае выбары ў Грузіі, ЗША і Беларусі.

19 верасьня невядомыя асобы напісалі ў адміністрацыю YouTube скаргу, маўляў, відэа утрымлівае зьнявагу і прапагандуе гвалт. На відэа былі накладзеныя абмежаваньні, і тысячы беларусаў страцілі магчымасьць яго паглядзець празь YouTube.

Больш за суткі разглядалася канфліктная сытуацыя. У выніку Youtube зьняў усе свае прэтэнзіі і адблякаваў відэаролік. Невядома, хто паскардзіўся на відэа і ці мае гэта дачыненьне да выбараў, якія адбудуцца ў нядзелю.

Ва ўчорашнім выпуску вядомай нямецкай газэты Frankfurter Allgemeine Zeitung выйшаў артыкул, у якім «Цырк за дротам» прывялі ў прыклад творчасьці беларускіх артыстаў у пэрыяд выбарчай кампаніі:

«Людзі займаюцца ўласным мастацтвам, пакуль гэта магчыма. Сустракаюцца з аднадумцамі ў сапраўдным і віртуальным сьевеце, дыскутуюць таксама пра палітыку або сьцябуцца зь яе, як у радыёперадачы «Цырк за дротам» маладога рэпэра Вінсэнта на Радыё Свабода».