Дзівосы датэрміновага галасаваньня ад кампаніі «Назіраньне за выбарамі»

Кампанія маніторынгу «Назіраньне за выбарамі: тэорыя і практыка» распаўсюдзіла свой пералік парушэньняў, якія былі зафіксаваныя на выбарчых участках.

Галасаваньне на загад назіральніка ад «Белай Русі»

На ўчастку № 595 107-й Усходняй выбарчай акругі ў Менску за час перапынку паміж заняткамі ў Політэхнічным каледжы (у яго будынку знаходзіцца ўчастак) галасаваць прыйшло больш людзей, чым за два папярэднія дні. У выніку на ўчастку ўтварыліся чэргі




Удзельніца праекту «Назіраньне за выбарамі: тэорыя і практыка» кажа:

«Кіраваў» працэсам адзін з назіральнікаў ад грамадзкай арганізацыі «Белая Русь», ён жа выкладчык каледжу. Яшчэ на пачатку дня гэты назіральнік заявіў камісіі: «Я ім сказаў сёньня прагаласаваць».

У выніку датэрмінова прагаласавалі 124 чалавекі. За два папярэднія дні прагаласавала ў два разы менш. А кіраўнік камісіі ганарліва рапартаваў праз тэлефон:

«85 з палітэхнічнага інтэрнату і 29 студэнтаў з Акадэміі мастацтваў за сёньня».

Варта зьвярнуць увагу, што падобныя спробы схіленьня да галасаваньня з боку назіральнікаў ад праўладных арганізацый адмоўна адбіваюцца на пазытыўным іміджы назіральніка. Нагадаем, што назіральнік ня мае права ніякім чынам умешвацца ў выбарчы працэс.

25 выбарцаў ператварыліся ў 115 чалавек, які прагаласавалі датэрмінова


У Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101 на ўчастку № 365 прадстаўніца праекту «Назіраньне за выбарамі: тэорыя і практыка» зафіксавала перавышэньне яўкі больш чым у 5 разоў.

20 верасьня ў пратаколе былі пазначаныя 115 чалавек, якія прагаласавалі, у той час як паводле падлікаў назіральніцы бюлетэні атрымаў толькі 21 чалавек.

«Я і яшчэ адзін назіральнік цэлы дзень прысутнічалі на ўчастку, — кажа назіральніца. — У першай палове дня налічылі 10 чалавек. У другой палове прыйшлі 11 чалавек. А ў пратаколе ў выніку — 115!»

На ўчастку для галасаваньня № 449 Кальварыйскай выбарчай акругі № 104 Менску ў першы дзень датэрміновага галасаваньня яўка была завышаная ў 11 разоў — замест 6 выбарцаў, якія прагаласавалі, у фінальным пратаколе была пазначаная лічба «66»

Пасьля гэтага назіральнікам забаранілі фатаграфаваць скрыню для галасаваньня (раней дазвалялі), а дырэктар школы, у памяшканьні якой знаходзіцца ўчастак, пачала наведваць іх кожныя 30 хвілін.

У другі дзень датэрміновага галасаваньня назіральнікі зафіксавалі на ўчастку 39 выбарцаў, а ў пратаколе пазначана 50.

Праект «Назіраньне за выбарамі: тэорыя і практыка» распачаўся ў 2007-м з ініцыятывы студэнтаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Праект сумесна ажыцьцяўляюць Belarus Watch, Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт і Беларускі дом правоў чалавека ў Вільні.