Крамянецкага арыштавалі на 5 сутак

Зьмітра Крамянецкага абвінавацілі ў тым, што піў піва на вуліцы і не падпарадкаваўся загадам міліцы. Судзьдзя — Валеры Есьман.
У Цэнтральным судзе Менску асудзілі на арышт маладафронтаўца Зьмітра Крамянецкага. Перадвыбарчае паляваньне на іншых актывістаў «Маладога фронту» працягваецца.

Судзьдзі Валеру Есьману, неўязному ў краіны Эўразьвязу, хапіла 15 хвілін, каб асудзіць маладафронтаўца Зьмітра Крамянецкага. Судзьдзя выслухаў паказаньні сьведак-міліцыянтаў са сталічнага аддзелу грамадзкай бясьпекі, якіх журналісты ўжо пазнаюць у твар. Звычайна гэтыя супрацоўнікі ў цывільным затрымліваюць удзельнікаў вулічных акцыяў, але сьведчаць супроць іх зусім іншыя міліцыянты — у форменнай вопратцы. Гэтым разам супроць Крамянецкага сьведчылі тыя ж, хто прывёз яго ў суд. Нібыта 20 верасьня малады чалавек каля гадзіны дня ішоў па праспэкце Незалежнасьці і піў з бутэлькі піва. А калі яму зрабілі заўвагу, пачаў спрачацца і пры затрыманьні аказаў супраціў, казалі сьведкі.

Зьміцер Крамянецкі такія паказаньні абверг. Актывіст казаў, што проста ішоў па вуліцы, калі да яго падбеглі людзі ў цывільным, схапілі і запхнулі ў міліцэйскі аўтамабіль. Аднак судзьдзя Валер Есьман паказаньням Крамянецкага не паверыў і адправіў яго на 5 сутак пад адміністрацыйны арышт. Маладога чалавека павезьлі ў «варанку» на Акрэсьціна. Супрацоўнікі ў цывільным паехалі ад суду на легкавым аўтамабілі.

Праваабаронца з Цэнтру прававой трансфармацыі Міхась Мацкевіч лічыць, што затрыманьне Зьмітра Крамянецкага працягнула шэраг арыштаў моладзевых актывістаў напярэдадні выбараў:

«Актывістаў ізалююць прафіляктычна, баяцца акцыяў пратэсту супроць фальшывых выбараў».

Праваабаронца адзначае, што назіральнікаў на працэс не пусьцілі. З гэтай нагоды Міхась падаў скаргу:

«Сьведкі, якія сьведчылі на гэтым працэсе, стаялі каля кабінэту судзьдзі і не пускалі тых, хто жадаў трапіць на працэс. Між тым гэта парушэньне Працэсуальна-выканаўчага кодэксу і можа разглядацца як умяшаньне ў працу суду. Я буду абскарджваць тое, што працэс фактычна закрылі. У Цэнтральным судзе Менску гэта ўжо ня першы выпадак, калі праваабаронцы і проста наведнікі, якія спрабуюць трапіць на працэс, ня маюць такой магчымасьці».

Цяпер у ізалятары на Акрэсьціна ўжо 4 моладзевыя актывісты. 19 верасьня на 12 сутак быў асуджаны актывіст «Зьмены» Павал Вінаградаў, 10 сутак атрымаў ягоны аднадумца Аляксандар Арцыбашаў, на 7 сутак быў пасаджаны яшчэ адзін актывіст «Зьмены» Ягор Віняцкі.

20 верасьня, у той жа дзень, калі затрымалі Зьмітра Крамянецкага, нехта грукаўся ў дзьверы маладафронтаўца Рамана Васільева. Актывіст дзьвярэй не адчыніў. Сёлета некаторыя актывісты «Маладога фронту» адбылі больш як па 100 сутак пад адміністрацыйным арыштам — нібыта за брыдкаслоўе на вуліцы.