Даверу да датэрміновага галасаваньня мала

Колькасьць грамадзянаў Беларусі, якія ўдзельнічалі 18 верасьня ў першым дні датэрміновага галасаваньня па абраньню дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня, у Цэнтральнай выбарчай камісіі абяцаюць назваць сёньня пасьля дзесятай гадзіны раніцы.
Толькі тады гэту лічбу можна будзе параўнаць з гэткай самай чатырохгадовай даўніны. На выбарах 2008 году ў першы дзень на ўчасткі прыйшло 2,7% ад агульнага сьпісу выбарцаў.

Сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік назваў «Свабодзе» тры адметнасьці сёлетняга папярэдняга галасаваньня, якіх не было на папярэдніх парлямэнцкіх выбарах у 2008 годзе:

«Калі раней датэрміновае галасаваньне маглі пачаць два сябры ўчастковай камісіі, то цяпер патрабуецца, каб быў кваліфіцыраваны кворум, то бок ня меней за дзьве траціны камісіі. Гэта — па законе. А мы, ЦВК, наагул рэкамэндуем, каб перад пачаткам датэрміновага галасаваньня ўчастковая камісія сабралася ў поўным складзе.

Новае і тое, што ў перапынку падчас ранішняга і вечаровага датэрміновага галасаваньня шчыліна ў скрыні для галасаваньня заклейваецца лістком паперы з подпісамі старшыні камісіі і сябры камісіі. На мінулых выбарах такой нормы не было зусім.

Зьявілася і яшчэ адна навацыя. Па выніках кожнага дня датэрміновага галасаваньня ўчастковая камісія складае пратакол і вывешвае яго ў памяшканьні для галасаваньня. І назіральнікам ужо ня будзе патрэбы пытаць старшыню камісіі, колькі чалавек прагаласавала, дастаткова паглядзець пратакол».

«Спадар Лазавік тут трохі хітруе. Так, гэтых навацыяў не было ў 2008 годзе. Але яны ўжо апрабаваныя на апошніх мясцовых і прэзыдэнцкіх выбарах», — адзначае спэцыяліст у галіне выбарчага заканадаўства Сяргей Альфер:

«Так што практыка правядзеньня галасаваньня па новаму заканадаўству ўжо адпрацаваная. І мне здаецца, адпрацавана высока эфэктыўна. Няма істотнай розьніцы ў тым, колькі сябраў выбарчай камісіі адкрываюць гэта галасаваньне — два, сем ці ўсе трынаццаць. Пытаньне ў тым, наколькі тыя бюлетэні, што знаходзяцца ў скрыні для датэрміновага галасаваньня, добра захоўваюцца і ці не падмяняюцца яны сябрамі выбарчай камісіі ці іншымі людзьмі? І гэта пытаньне вельмі актуальнае».

Гэтыя выбары адсочваюць міжнародныя і ўнутраныя назіральнікі. Найбольшую колькасьць — каля дзьвюх тысяч — паабяцала выставіць грамадзкая кампанія «За справядлівыя выбары — 2012». Учора ўвечары я цікавіўся ў нацыянальнага каардынатара кампаніі Віктара Карняенкі, як прайшла акрэдытацыя іх актывістаў:

«Атрымалі акрэдытацыю на 750 участках нашы назіральнікі. Больш за 50 не атрымалі акрэдытацыю з розных прычынаў. Мы зараз судзімся па гэтых справах. А з 200 участкаў канчатковай інфармацыі яшчэ не маем».

Спадар Карняенка дадаў, што на адным выбарчым участку акрэдытуецца як мінімум два назіральніка ад кампанія «За справядлівыя выбары — 2012».